Комплексны падыход у навучанні гарантуе станоўчыя вынікі

- 15:22Выхаванне
Урок фізкультуры ў малай спартыўнай зале, мадэрнізаванай з вучэбнага кабінета

Грамадства толькі тады здольнае ставіць і вырашаць маштабныя нацыянальныя задачы, калі ў яго ёсць сістэма маральных арыенціраў. Гэтыя арыенціры з’яўляюцца ў працэсе духоўна-маральнага выхавання, галоўная роля ў якім адводзіцца сістэме адукацыі. Бо школа — адзіны сацыяльны інстытут, праз які праходзяць усе грамадзяне краіны. Менавіта ў школе павінна быць сканцэнтравана не толькі інтэлектуальнае, але і духоўнае, культурнае жыццё вучняў.
У тым, што такое рознабаковае развіццё атрымліваюць навучэнцы сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №18 Магілёва, сумнявацца не даводзіцца. Работу з 1149 сваімі падапечнымі дырэктар Сяргей Буніч вызначыў па чатырох кірунках: духоўна-адукацыйны, выхаваўча-аздараўленчы, культурна-пазнавальны і маральна-працоўны. І трэба сказаць, па кожным з іх назіраюцца пэўныя дасягненні.

Здаровы дух…

Асаблівая гордасць школы — духоўна-адукацыйны цэнтр. Створаны чатыры гады назад пад чулым кіраўніцтвам намесніка дырэктара па пачатковай школе Марыны Лорчанка, сёння ён уяўляе сабой своеасаблівую апорную пляцоўку маральнага выхавання малодшых школьнікаў. Чаму дзейнасць цэнтра, прадстаўлена факультатывам “Асновы праваслаўнай культуры”, вырашана было пачаць з пачатковай школы? Дзеці ў гэтых класах найбольш успрымальныя да духоўна-маральнага выхавання. А вось у наступныя гады недахопы гэтага выхавання выправіць бывае вельмі цяжка. Да таго ж, менавіта тое, што засвоена ў гэтым узросце, адрозніваецца вялікай псіхалагічнай устойлівасцю. Дзяцінства заўсёды з надзеяй звернута ў будучыню, і дзеці, як правіла, чакаюць, каб дарослыя паказалі ім той правільны шлях, які вызначыць іх далейшае жыццё. На гэты шлях і накіроўваюць дзяцей педагогі, якія вядуць адпаведныя факультатывы. Актыўную дапамогу ў гэтым ім аказваюць святары Магілёўскай епархіі.

На занятках па асновах праваслаўнай культурыГалоўнай мэтай факультатыўных заняткаў з’яўляецца фарміраванне асоб з глыбокімі маральнымі перакананнямі, здольных рэалізаваць атрыманыя веды на карысць сваёй сям’і і радзімы. Аднак педагогі ставяць перад сабой і іншыя задачы. На ўроках асноў праваслаўнай культуры ў падрастаючага пакалення імкнуцца выхаваць павагу да хрысціянскай маралі, навучыць адрозніваць дабро і зло, здзіўляцца прыгажосці прыроды і берагчы яе, даць уяўленні аб добрапрыстойнай сям’і. Акрамя таго, на занятках дзетак далучаюць да класічнай, духоўнай і народнай музыкі, развіваюць іх здольнасць успрымаць і аналізаваць літаратурныя творы, узбагачаць моўны запас, умець выказваць свае думкі. Усё разам уяўляе сабой сістэматычную і планамерную працу па фарміраванні пачуццяў і свядомасці дзяцей.
Вялікім плюсам у дзейнасці духоўна-адукацыйнага цэнтра з’яўляецца і тое, што факультатыў не абмяжоўваецца тэмай маралі і выхавання. Сумесна з дзецьмі педагогі арганізоўваюць розныя выставы і паказы, прымеркаваныя да праваслаўных святаў, наведваюць магілёўскія храмы і прыходы. Такая сумесная пазакласная дзейнасць з’яўляецца не толькі важнай умовай для фарміравання маральнай сферы кожнага дзіцяці, але і механізмам, які паспяхова забяспечвае ўваходжанне вучняў у школьнае жыццё, спрыяе развіццю ўзаемаадносін дзяцей адно з адным.
Варта адзначыць, што правядзенне духоўна-адукацыйных заняткаў ажыццяўляецца толькі на добраахвотнай аснове: навучэнцы і іх бацькі могуць як вывучаць асновы праваслаўнай культуры, так і не рабіць гэтага. Але, як паказала чатырохгадовая практыка, праваслаўны факультатыў ужо набыў папулярнасць і ў дзяцей, і ў бацькоў. Бо калі напачатку заняткі наведвалі ўсяго толькі трыццаць хлопчыкаў і дзяўчынак, то сёння іх больш за восемдзесят. Таму ў школе прынялі рашэнне аб працягу духоўных урокаў, і ўжо цяпер распрацоўваюцца новыя праграмы для тых дзяцей, што перайшлі ў пятыя класы. Дарэчы, у апошні час на базе школы з пастаяннай перыядычнасцю сталі праходзіць абласныя семінары на тэмы духоўна-маральнага выхавання, якія дазваляюць мясцовым педагогам падзяліцца сваім, ужо досыць вялікім вопытам, з калегамі.

… у здаровым целе

Не толькі стварэннем духоўна-адукацыйнага цэнтра вылучаецца сярэдняя школа № 18. Фізічная падрыхтоўка і спартыўныя дасягненні яе вучняў таксама ўражваюць. Прызавым дыпломам, кубкам і медалям, у літаральным сэнсе ўжо не хапае месца, столькі іх заваявалі юныя спартсмены — школа на працягу сямі гадоў з’яўляецца нязменным чэмпіёнам круглагадовай спартакіяды школьнікаў і Кастрычніцкага раёна, і горада. Плаванне, баскетбол, валейбол, футбол, барацьба вольная і грэка-рымская, лёгкая атлетыка —лаўры пастаяннага пераможцы ў гэтых і многіх іншых відах спорту надзейна замацаваліся за 18-й школай. Ёсць свае поспехі ў мясцовых спартсменаў і на рэспубліканскім узроўні. Так, каманда школы стала фіналістам рэспубліканскіх спаборніцтваў па рухавых гульнях “Алімпійскія надзеі”, якія праводзяцца ў рамках тэлеконкурсу “Бухта капітанаў”. Вызначыліся вучні школы і на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжным спорце і стральбе з пнеўматычнай зброі “Снежны снайпер”.

 Настаўнік фізкультуры Дзмітрый Якубенка са сваімі вучняміТакім бліскучым вынікам, вядома ж, нямала спрыяе выдатная матэрыяльна-спартыўная база ўстановы. Бо тут ёсць абсалютна ўсё, што патрабуецца для паўнацэннага фізічнага развіцця дзяцей. Зала настольнага тэніса, цір, зала барацьбы, сучасны басейн, зала для заняткаў спецыяльнай медыцынскай падрыхтоўкай і дзве спартыўныя залы — вялікая, у якой фізкультурай займаюцца старшакласнікі, і малая, прызначаная для навучэнцаў пачатковай школы. Умовы, сапраўды, выключныя. Гэта пераканаўча пацвярджаецца і цесным супрацоўніцтвам з шэрагам гарадскіх спартыўных дзіцяча-юнацкіх школ, выхаванцы якіх часта займаюцца ў СШ № 18.
Але выдатная матэрыяльна-спартыўная база — толькі адзін бок заваяваных навучэнцамі школы медалёў. Асноўная ж заслуга ва ўсіх гэтых дасягненнях, па словах дырэктара, тоіцца ў мэтанакіраванай рабоце з дзецьмі выкладчыкаў фізічнай культуры Дзмітрыя Якубенкі, Міхаіла Камкова і Мікалая Прасаловіча. Трэба сказаць, што пры асабістым знаёмстве з гэтымі педагогамі разумееш — іх кіраўнік ніколькі не перабольшвае. Гэта не проста прафесійна падрыхтаваныя настаўнікі, а людзі, якія захапляюцца сваёй справай. Галоўнае для іх — праз свае ўрокі ўмацоўваць здароўе дзяцей. Яны шукаюць індывідуальны падыход да кожнага вучня, выхоўваюць іх у духу пераадолення цяжкасцей, вядуць па шляху ад простага да складанага, ствараючы сістэму прыярытэтных напрамкаў у імкненні да самаўдасканалення. У методыцы тутэйшых фізкультурнікаў адчуваецца і творчы падыход, які выяўляецца ў распрацоўцы і рэалізацыі адукацыйных здароўезберагальных праграм, правядзенні комплексных прафілактычных і аздараўленчых мерапрыемстваў. Так, з гэтага навучальнага года распрацаваны факультатыў “Час здароўя і спорту”, які дазваляе кожнаму дзіцяці штодня наведваць спартзалу з васьмі раніцы да дзевяці вечара, менавіта такі ў яе графік работы. Вялікай папулярнасцю карыстаецца і факультатыў “Гуляем у футбол”. На пастаяннай аснове ў школе дзейнічаюць секцыі па баскетболе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, валейболе, футболе, лёгкай атлетыцы і лыжных гонках. А кожную суботу, ужо традыцыйна, праводзяцца спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Такая захопленасць педагогаў фізічнай культуры сваёй справай і вынікі прыносіць адпаведныя, бо, акрамя спартыўных перамог, многія навучэнцы школы ўжо зараз з’яўляюцца кандыдатамі ў майстры і майстрамі спорту. А гэта толькі ў чарговы раз даказвае — работа ў выхаваўча-аздараўленчым кірунку тут вядзецца дакладна, мэтанакіравана, спрыяючы фізічнаму развіццю дзяцей.

Гармонія выхавання

У агульнаадукацыйных установах станоўчую ролю павінна іграць выкарыстанне краязнаўства ў выкладанні, бо менавіта гэта найлепшым чынам спрыяе развіццю такіх якасцей, як грамадзянскасць і патрыятызм. У 18-й школе гэтаму аспекту ўдзяляецца немалая ўвага. А краязнаўства выкарыстоўваецца тут і на ўроках, і ў пазакласнай дзейнасці з навучэнцамі. Актыўна наладзілі работу ў краязнаўчай і турыстычнай сферах выкладчыкі фізкультуры Віктар Роеў і Дзмітрый Козін. Дзякуючы іх намаганням, вучні шмат чаго даведваюцца пра родны край, знакамітых землякоў. Найважнейшым этапам заняткаў па краязнаўстве з’яўляецца мэтанакіраваная пазашкольная выхаваўчая работа. Яна праяўляецца ў арганізацыі пастаянных экскурсій і паходаў, а таксама ва ўдзеле ў розных турзлётах, з большасці якіх школьная каманда вяртаецца пераможцай.

Урок фізкультуры ў малай спартыўнай зале, мадэрнізаванай з вучэбнага кабінетаЦікавыя падыходы ў СШ №18 распрацаваны і ў плане падрыхтоўкі навучэнцаў да інтэлектуальных конкурсаў і алімпіяд. Не так даўно тут было створана ўнутрышкольнае аб’яднанне, якое сабрала таленавітых дзяцей пад крыло педагогаў, што маюць пэўныя дасягненні ў алімпіядным руху, творчых і навукова-даследчых конкурсах. Аб’яднанне дзейнічае па трох напрамках. Напрыклад, падрыхтоўку дзяцей непасрэдна да алімпіяд ажыццяўляе трэнерскі клуб лепшых настаўнікаў-прадметнікаў. Клуб «КЛІК» каардынуе ўдзел дзяцей у розных інтэрнэт-алімпіядах і конкурсах. Заключны напрамак — падрыхтоўка навучэнцаў да міжнародных інтэлектуальных конкурсаў. Дакладнае размеркаванне работы, якое з’явілася са стварэннем аб’яднання, ужо прыносіць нядрэнныя вынікі. Бо калі ў мінулым навучальным годзе ўдзел у другім этапе алімпіяды прынялі толькі 7 навучэнцаў, то сёлета іх колькасць павялічылася да 20, ёсць вынікі і ва ўдзеле ў міжнародных і інтэрнэт-конкурсах.

Важным фактарам, які спрыяе адукацыйнаму і выхаваўчаму працэсу ў гэтай школе, з’яўляецца добра наладжаная работа з бацькамі навучэнцаў. Акрамя традыцыйных бацькоўскіх сходаў, тут перыядычна праводзяць анкетаванне, лекторыі для бацькоў, накіраваныя на максімальны іх удзел у выхаванні дзяцей. Своеасаблівым новаўвядзеннем у гэтым плане з’яўляюцца канферэнцыі бацькаў і маці, якія праводзяцца ў школе з удзелам не толькі педагогаў, але і святароў. На канферэнцыях закранаюцца розныя тэмы агульнага развіцця дзяцей, а таксама шляхам галасавання выбіраюцца лепшая мама і лепшы тата. Такая цесная сувязь паміж бацькамі і ўстановай адукацыі, у сваю чаргу, спрыяе паспяховай і якаснай адукацыйнай рабоце з навучэнцамі. Да чаго і імкнецца ўвесь педагагічны калектыў школы. Бо і духоўна-адукацыйны цэнтр, і работа па фізічным развіцці, і ўнутрышкольнае аб’яднанне падрыхтоўкі да інтэлектуальных конкурсаў, і работа з бацькамі ў цэлым накіраваны на паляпшэнне якасці адукацыі кожнага без выключэння дзіцяці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і са школьнага архіва.