Конкурс для першакласнікаў

На прадпрыемстве “Гродна Азот” сабрацца ў школу першакласнікам дапамаглі незвычайным спосабам. Рэдакцыя карпаратыўнай газеты “Гродзенскі хімік” і грамадскія арганізацыі прадпрыемства правялі конкурс “Першакласнік”, а ўсім яго ўдзельнікам падрыхтавалі патрэбныя для заняткаў рэчы — сшыткі, блакноты, каляровую паперу.

Умоў удзелу ў конкурсе было некалькі: бацькі будучых першакласнікаў — гэта супрацоўнікі “Гродна Азот” і падпісчыкі газеты, а дзецям трэба было прачытаць твор на беларускай мове. Запіс выступлення юных дэкламатараў выкладаўся на YouTube, тут праходзіла і галасаванне.

— Конкурс выклікаў вялікую цікавасць, — расказвае рэдактар газеты “Гродзенскі хімік” Вікторыя Карась. — Удзел у ім прынялі не толькі дзеці, якія збіраюцца ў школу, але і малодшыя. Самаму юнаму чытальніку — 4 гады. Конкурс быў прысвечаны Году малой радзімы і 55-годдзю ААТ “Гродна Азот”.

— “Нарэшце восень пачалася, і я вучуся ў першым класе”, — дэкламуе верш Андрэя Хадановіча Дзіма Пракаповіч. Хлопчык будзе вучыцца ў Гродзенскай гарадской гімназіі. А на пытанне, чаму выбраў менавіта гэты верш, адказвае, што твор спадабаўся яму і маме. Калі запісвалі яго выступленне, вельмі хваляваўся, але ўсё ўдалося — у падарунак Дзіма атрымаў вельмі патрэбную вучню рэч — ранец і школьныя прылады.

Такі ж падарунак уручылі і яшчэ адной пераможніцы — Ганне Ламанік. Дзяўчынка на конкурс вывучыла байку Кандрата Крапівы “Дыпламаваны баран”. Вось такую сур’ёзную і падрыхтаваную вучаніцу чакаюць у гродзенскай школе № 31.

А завяршылася ўрачыстасць экскурсіяй па музеі “Гродна Азот”, дзе дзецям паказалі, на якім прадпрыемстве працуюць іх бацькі, дзядулі і бабулі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.