Конкурс для юных патрыётаў

- 12:56Навіны рэгіёнаў

На Магілёўшчыне чарговы раз прайшоў фестываль патрыятычнай песні “Чырвоны гваздзік” — конкурс, які традыцыйна дае магчымасць таленавітым дзецям і моладзі раскрыць свой творчы патэнцыял, выказаць любоў да Радзімы мовай музыкі і паэзіі.

З моманту адраджэння кіраўніцтвам Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча і Магілёўскага інстытута МУС Рэспублікі Беларусь вядомага музычнага фестывалю, накіраванага на грамадзянскае станаўленне і выхаванне падрастаючага пакалення, прайшло 5 гадоў, але цікавасць да яго сярод патэнцыяльных удзельнікаў не згасае. Наадварот, колькасць канкурсантаў і іх геаграфія з кожным годам толькі павялічваецца.
Як адзначыў старшыня журы фестывалю дырэктар Магілёўскага абласнога вучылішча Андрэй Балабанаў, сёлетні фестываль можна назваць рэспубліканскім.
— Удзел у конкурсе прынялі прадстаўнікі ўсіх кадэцкіх вучылішчаў Беларусі. Акрамя кадэтаў, свае сілы ў конкурсе спрабавалі таксама выхаванцы ліцэяў Магілёва, гарадскіх сярэдніх школ. Усяго каля 50 чалавек. Такая колькасць удзельнікаў — лепшае пацвярджэнне значнасці фестывалю ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні сучаснай моладзі, — падкрэсліў Андрэй Анатольевіч.
Па словах старшыні журы, усе ўдзельнікі прадстаўлялі добра вядомыя песні, песні, якія спяваюць у народзе, песні, якія не пакідаюць абыякавым. Выбраць лепшых было няпроста. Конкурсны адбор праходзіў на працягу трох дзён, а яго вынікам стала выяўленне 16 фіналістаў.
Лідары адборачнага тура сталі ўдзельнікамі гала-канцэрта фестывалю, які адбыўся на базе Магілёўскага інстытута МУС. З самага пачатку гала-канцэрта стала зразумела: слова “патрыятызм” для фіналістаў — не пусты гук. Маладыя людзі пранікнёна і з пачуццём выконвалі кампазіцыі пра вайну, любоў да Радзімы, пра сапраўдных людзей, гатовых у цяжкую хвіліну прыйсці на дапамогу.
Сёлета конкурс прымеркаваны да 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, таму многія ўдзельнікі выконвалі песні на ваенную і франтавую тэматыку. Моладзь прысвячала свае выступленні загінуўшым героям, тым, хто выжыў на палях бітваў, дзецям вайны. Строгае журы, у склад якога ўвайшлі дырэктар Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча Андрэй Балабанаў, метадыст абласнога Цэнтра пазашкольнай работы Ала Сталбунова, намеснік начальніка Цэнтра прапаганды і навучання пры абласным упраўленні МНС Ірына Жлоба, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Магілёўскага інстытута МУС Рэспублікі Беларусь Аляксандр Данілін і начальнік аркестра ваеннай часці 6713 Ігар Трубяцкі, ацэньвала выкананыя кампазіцыі, артыстызм і знешні выгляд фіналістаў.
Гала-канцэрт фестывалю праляцеў непрыкметна. Падышоў нарэшце і хвалюючы момант падвядзення вынікаў. Лаўрэатамі конкурсу заслужана сталі навучэнка сярэдняй школы № 21 Магілёва Лізавета Праваторава і выхаванка Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча Лізавета Флярко, навучэнка Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Кацярына Шведава і навучэнка Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Марыя Рублеўская, выхаванец Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча Кірыл Шусцін і навучэнка сярэдняй школы № 12 Магілёва Ганна Зыкава, якія занялі 1, 2 і 3 месцы адпаведна. А вось гран-пры фестывалю дасталася прадстаўніку Віцебскага абласнога кадэцкага вучылішча Артуру Макарэвічу. Акрамя заслужаных дыпломаў, прызёры атрымалі яшчэ і спецыяльныя прызы ад Магілёўскага інстытута МУС і спонсараў конкурсу. Сцэну з пустымі рукамі не пакінуў ніхто. Фіналісты, якім удача усміхнулася крыху менш, былі адзначаны дыпломамі ўдзельнікаў фестывалю.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.