Конкурс інавацыйных праектаў — шлях да камерцыялізацыі распрацовак

На Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў пададзена 57 заявак. Пра гэта паведаміў на пасяджэнні савета конкурсу старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, паведамілі ў прэс-службе ДКНТ.

З пададзеных заявак 15 — у намінацыі “Лепшы інавацыйны праект” і 42 — у намінацыі “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект”. Найбольшая колькасць праектаў адносіцца да такіх сфер, як інфармацыйныя тэхналогіі, машынабудаванне і прыборабудаванне, медыцына і ахова здароўя.

Удзельнікамі конкурсу могуць быць як юрыдычныя, так і фізічныя асобы, а ў намінацыі “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект” — фізічныя асобы, узрост якіх не перавышае 35 гадоў. Маюць права на ўдзел таксама праекты — пераможцы іншых рэспубліканскіх конкурсаў (“100 ідэй для Беларусі” ад БРСМ, Belarus ICT Start-up Award, SU&IT і інш.). Прыём заявак і папярэдні адбор праектаў у бягучым годзе прадоўжыцца да 15 верасня.

Савет конкурсу вызначыць пераможцаў і прызёраў, што атрымаюць дыпломы і прэміі. Сярод пераможцаў і прызёраў выберуць таксама праекты для далейшай камерцыялізацыі, якія атрымаюць сертыфікат у памеры 400 тарыфных ставак.

Акрамя таго, у гэтым годзе заснавана дадатковая намінацыя “Біятэхналогіі і геноміка ў медыцыне і фармацэўтыцы” з прызавым фондам за кошт уласных сродкаў СТАА “Націвіта” ў памеры $3 тысяч (у беларускіх рублях па курсе Нацыянальнага банка на момант падвядзення вынікаў конкурсу). У гэтай намінацыі разглядаюцца праекты па наступных напрамках: вытворчасць біялагічна актыўных рэчываў мікраарганізмамі, у тым ліку і генна-інжынернымі; клетачныя і субклетачныя тэхналогіі; тэхналогіі рэдагавання геному; дыягнастычныя тэст-сістэмы для ацэнкі стану геному; распрацоўка жывёльных мадэлей захворванняў чалавека (анкалогія) і інш.