Конкурс на падпіску за II паўгоддзе 2024 г. на выданні «Педагагічнай прэсы»: хто ў ліку пераможцаў

- 13:00Новости

Паважаныя сябры, на календары — снежань, а значыць, надышоў час падводзіць вынікі конкурсу на падпіску за другое паўгоддзе 2024 года.

Нагадваем, што Выдавецкі дом “Педагагічная прэ­са” ўжо не першы год праводзіць конкурс на лепшую арганізацыю падпіскі на ўсе свае друкаваныя выданні (“Настаўніцкую газету”, газету “Домой!”, часопісы “Спорт time”, “Народная асвета”) сярод устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ў трох намінацыях.

Вельмі прыемна адзначыць, што за час існавання конкурсу ў нас сфарміраваўся топ пастаянных удзельнікаў, сярод якіх ёсць свае фаварыты — пастаянныя пераможцы. Разам з тым мы заўсёды рады пашырыць геаграфію ўдзельнікаў і лідараў, таму шчыра запрашаем далучацца.

А вось вынікі за другое паўгоддзе 2024 года.

Сярод устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі сярод абласцей і Мінска лідарства размеркавана наступным чынам:

1-е месца — Гомельская вобласць;

2-е месца — Гродзенская вобласць;

3-е месца — Віцебская вобласць.

Сярод гарадскіх устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі з насельніцтвам больш за 100 000 чалавек лепшымі сталі:

1-е месца — Мазыр Гомельскай вобласці;

2-е месца — Ліда Гродзенскай вобласці;

3-е месца — Орша Віцебскай вобласці.

Сярод раённых устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі лепшыя вынікі паказалі:

1-е месца — Старадарожскі раён Мінскай вобласці;

2-е месца — Хойніцкі раён Гомельскай вобласці;

3-е месца — Акцябрскі раён Гомельскай вобласці.

Пераможцы конкурсу ў кожнай намінацыі з 1-га па 3-е месца будуць узнагароджаны дыпломамі і атрымаюць каштоўныя падарункі — сучасныя тэхнічныя прыстасаванні для арганізацыі камфортнай працы педагогаў.

Акрамя таго, па рашэнні камісіі заахвочвальныя прызы за волю да перамогі (станоўчую дынаміку ў падпісцы на “Настаўніцкую газету”, газету “Домой!”, часопісы “Спорт time” і “Народная асвета” за другое паўгоддзе 2024 года) атрымаюць:

галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінскага аблвыканкама;

упраўленне па адукацыі Салігорскага райвыканкама Мінскай вобласці;

упраўленне па адукацыі, спорце і турызме Смалявіцкага райвыканкама Мінскай вобласці;

аддзел па адукацыі Драгічынскага райвыканкама Брэсцкай вобласці;

аддзел па адукацыі Слаўгарадскага райвыканкама Магілёўскай вобласці.

Значны рост падпіскі дастойны і ўвагі, і каштоўных прызоў!

Кожная вобласць-пераможца будзе прадстаўлена ў газеце асобным дадаткам — “Індэкс поспеху”, дзе кожны рэгіён будзе знаёміць нас са сваімі педагогамі-наватарамі, метадычныя знаходкі якіх, а таксама арганізацыя цікавых урокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў папоўняць настаўніцкія скарбонкі па ўсёй краіне.

Зноў-такі прыемна адзначыць, што многія педагогі — пастаянныя аўтары “Настаўніцкай газеты”, якія ахвотна дзеляцца сваімі практычнымі напрацоўкамі, пашыраючы магчымасці любога, хто далучаецца да нашай вялікай супольнасці. Мы ж у сваю чаргу толькі за канструктыўнае супрацоўніцтва, якое пашырае агульны кругагляд і спрыяе з’яўленню новых праектаў. Запрашаем да ўдзелу ў апошніх навінках — чакаем у новых рубрыках “Школьны фізмат”, “Справа неабыякавых”, “Пуцёўка ў жыццё”.

З пачатку 2025 года Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” аб’яўляе чарговы конкурс на лепшую арганізацыю падпіскі на ўсе свае друкаваныя выданні. Новаўвядзеннем з’яўляецца асобны конкурс на часопіс “Спорт time” сярод устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Па выніках падпіскі на 1-е і 2-е паўгоддзе каляндарнага года пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі прызамі — спартыўным інвентаром. Запрашаем да ўдзелу!

Вольга ДУБОЎСКАЯ