Спачатку творчых і неардынарных педагогаў выбіралі ў раёнах, пасля лепшыя прынялі ўдзел у абласным этапе, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
На ўзроўні вобласці канкурсантаў чакалі завочныя і вочныя заданні. Завочна маладыя дырэктары прадстаўлялі эсэ «Я — кіраўнік» і метадычную распрацоўку пасяджэння педагагічнага савета. Пачынаючыя настаўнікі і выхавальнікі разважалі пра тое, што значыць быць педагогам. Яшчэ адным заданнем для іх стала напісанне плана-канспекта ўрока ці заняткаў.
У завочным туры былі адабраны 12 фіналістаў, якія працягнулі барацьбу. Кіраўнікі выступалі з самапрэзентацыяй «Я і мая каманда», давалі майстар-клас і дзяліліся формулай свайго поспеху. Настаўнікам і выхавальнікам неабходна было правесці ўрок у незнаёмым класе або групе, публічна расказаць аб пачатку свайго педагагічнага шляху і прафесійных каштоўнасцях.
Усе канкурсанты паказалі сябе найлепшым чынам. Іх выступленні знаходзілі водгук сярод гледачоў і журы, пераконвалі, што ў педагогіку яны прыйшлі па поклічы сэрца.
— У нашай прафесіі галоўнае — гэта любоў да дзяцей. Перадавыя методыкі і тэхналогіі патрэбныя, але любоў павінна быць у прыярытэце. Навучэнцы для мяне як зорачкі. Адны гараць ярка, іншыя — ледзь мігаюць, і мая задача — іх накіраваць, падбадзёрыць, падтрымаць. Я імкнуся запаліць зорку кожнага свайго вучня, каб потым адправіць яго ў шлях па дарозе жыцця, — падзялілася настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 21 Магілёва Вікторыя Марозава.
Па выніках абласнога конкурсу пераможцам сярод кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі стаў дырэктар сярэдняй школы № 44 Магілёва Антон Лабаноўскі. Лепшым маладым настаўнікам назвалі настаўніцу пачатковых класаў сярэдняй школы № 21 Магілёва Вікторыю Марозаву, лепшым выхавальнікам — педагога Асіповіцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Віялету Аляшкевіч.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара