Конкурс як вопыт журналісцкага майстэрства

У Гомелі ўручылі ўзнагароды пераможцам абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Залатое пяро “Белай Русі”. Другі год запар гэтая падзея адбываецца ў сценах тэлерадыёкампані “Гомель”, што дае юным журналістам магчымасць пазнаёміцца з гэтай дзіўнай прафесіяй бліжэй.

У гэтым годзе на конкурс у чатырох намінацыях паступілі 117 работ. Найбольшую цікавасць у канкурсантаў выклікала намінацыя “Беларусь — краіна тваіх магчымасцей”.

Друкаваныя, фота- і відэаматэрыялы журы ацэньвала зыходзячы з актуальнасці выбранай тэмы і глыбіні падачы матэрыялу, звяртаючы ўвагу пры гэтым і на крэатыўны аўтарскі падыход.

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне праводзіць конкурс юных журналістаў ужо шосты год. Арганізатары адзначаюць, што колькасць удзельнікаў штогод узрастае, а якасць прадстаўленых работ з кожным разам павялічваецца.

Сёлета абласное журы адабрала на рэспубліканскі этап 13 творчых работ. І ў першыню за ўвесь час існавання творчага спаборніцтва работа канкурсанта Гомельскай вобласці трапіла ў лік пераможцаў на рэспубліканскім узроўні. Аўтабіяграфічнае эсэ навучэнца 10 класа Каранёўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Светлагорскага раёна Кірыла Анацкі “Правы на шчаслiвую будучыню, цi Беларусь — краiна маiх магчымасцей” прызнана рэспубліканскім журы лепшым у сваёй намінацыі. “Я хацеў паказаць на асабістым прыкладзе, што ў нашай краіне ёсць усе магчымасці і перспектывы для самаразвіцця”, — тлумачыць хлопец выбар тэмы сваёй творчай работы. Дарэчы, на абласным этапе Кірылу было прысуджана 2-е месца.

Варта сказаць, што конкурс “Залатое пяро “Белай Русі” прываблівае не толькі навучэнцаў, але і педагогаў і нават маладых прафесіяналаў, якія ўжо працуюць у сферы журналістыкі. Так, у ліку сёлетніх пераможцаў — выкладчык Калінкавіцкага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя Юрый Зарэцкі з работай “Восеньская прагулка” (1-е месца ў намінацыі “Разам весела крочыць”) і настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы № 4 імя У.Маркелава Гомеля Наталля Казанцава (1-е месца ў намінацыі “Майстар сваёй справы”).

— Сёлета творчых работ было шмат, яны былі цікавыя і добрыя па выкананні, таму тыя, хто атрымаў перамогу, несумненна, лепшыя з лепшых, — адзначыў намеснік старшыні РГА “Белая Русь” Аляксандр Шацько.

Уручаючы ўзнагароды і падарункі, Аляксандр Віктаравіч запрасіў хлопцаў і дзяўчат не спыняць свае спробы журналісцкай дзейнасці і працягваць працаваць у гэтым кірунку, бо гэта добры вопыт.

Пасля ўзнагарод і гутарак з арганізатарамі пераможцы абласнога этапу конкурсу адправіліся на экскурсію па телерадыёкампаніі. Для кагосьці гэта стала знакавым. Напрыклад, навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 12 Светлагорска Карына Ембулаева прызналася, што ўдзел у конкурсе дапамог ёй не проста паспрабаваць сябе ў ролі журналіста, але і вызначыцца з выбарам будучай прафесіі. Цяпер дзяўчына мае намер стаць студэнткай факультэта журналістыкі і вывучаць аўдыявізуальныя сродкі масавай інфармацыі. “Больш за ўсё прываблівае тое, што заўсёды неабходна быць у цэнтры ўсіх падзей, валодаць інфармацыяй”, — падзялілася эмоцыямі дзяўчына.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.