Конкурс, які натхняе працэсам

20—21 мая на базе навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік” прайшоў II Кітайска-беларускі маладзёжны конкурс навукова-даследчых і інавацыйных праектаў. Сёлета мерапрыемства сабрала больш за 300 ініцыятыў. 

Чан Шун і Аляксандра Троіцкая.

Конкурс накіраваны на павышэнне інавацыйнай актыўнасці студэнтаў і маладых вучоных з Беларусі і Кітая, іх падтрымку і актывізацыю двухбаковага супрацоўніцтва краін у галінах адукацыі, навукі і тэхнікі. Арганізатарамі мерапрыемства сталі Пасольства КНР у Беларусі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства адукацыі і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. З вітальнымі словамі да ўдзельнікаў конкурсу звярнуліся рэктар БНТУ Сяргей Харытончык, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, пасол КНР у Беларусі Се Сяаюн і інш.

— Правядзенне падобных конкурсаў — гэта заўсёды знаходжанне новых ідэй, эфектыўных праектаў. Сёлета для ўдзелу было прынята больш за 300 заявак. Гэта сведчыць пра тое, што сённяшняе мерапрыемства запатрабавана сярод нашай таленавітай моладзі. Можна ўпэўнена сказаць, што конкурс навукова-даследчых і інавацыйных праектаў — доўгатэрміновая інвестыцыя ў развіццё беларуска-кітайскіх адносін. Ён гарманічна дапаўняе комплекс мерапрыемстваў па стымуляванні стартап-руху ў нашай краіне, — адзначыў Аляксандр Шумілін. — За апошнія 5 гадоў колькасць сумесных праектаў Беларусі і Кітая павялічылася больш чым на 50%. І зараз нашымі вучонымі паспяхова рэалізуюцца праекты ў мікраэлектроніцы, у сферы аптычных і лазерных тэхналогій, медыцынскіх тэхналогій і новых матэрыялаў. 

Маладыя людзі прэзентавалі свае праекты ў такіх намінацыях, як “Інфармацыйныя тэхналогіі. Big Data. Штучны інтэлект”, “Матэрыялы і хімічныя прадукты. Машынабудаванне і металургія”, “Экалогія. Рацыянальнае прыродакарыстанне. Перапрацоўка адходаў. Энергазберажэнне. Сельская гаспадарка”, “Медыцына. Санітарыя. Медыцынская тэхніка” і “Адукацыйныя тэхналогіі. Інавацыі ў эканоміцы, культуры і мастацтве”. Пераможцамі сталі больш за 20 ініцыятыў.

Секцыя “Адукацыйныя тэхналогіі. Інавацыі ў эканоміцы, культуры і мастацтве” аб’яднала 50 ідэй. Хлопцы і дзяўчаты прапанавалі праекты па распрацоўцы адукацыйных парталаў, сэрвісаў па аптымізацыі збору дакументаў у розных арганізацыях, аказанні псіхалагічнай дапамогі ў таксічных адносінах, прэзентавалі турніры і псіхалагічныя курсы. Шмат увагі ўдзялялася метадычнаму складніку і праяўленню культурных асаблівасцей Беларусі і Кітая ў адукацыйным працэсе. 

Так, студэнтка 2 курса Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Марыяна Прохарава расказала пра ідэю стварэння бізнес-гульні — сімулятара, накіраванага на абітурыентаў, студэнтаў і выкладчыкаў, звязаных са спецыяльнасцю “Лагістыка”. Яе шлях да гульні пачаўся з думкі, што студэнту пачатковых курсаў было б нядрэнна паспрабаваць сябе ў будучай прафесіі на практыцы, праверыць свае магчымасці, сутыкнуцца з працоўнымі задачамі. Зараз Марыяна працуе над зборам матэрыялаў, якія ўвойдуць у структуру гульні, і прадумвае крокі, якія дапамогуць укараніць яе ідэі ў вучэбны працэс.

Трэцякурсніца Аляксандра Троіцкая і першакурсніца Чан Шун — студэнткі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Дзяўчаты падзяліліся ідэяй распрацаваць інтэрактыўны трохмоўны (прадстаўлены беларускай, рускай, кітайскай мовамі) размоўнік, прысвечаны тэме сям’і і сямейным каштоўнасцям. Сэрвіс можа стаць дапаможнікам пры вывучэнні лексікі па тэме, а таксама праз параўнанне пэўных культурных і моўных асаблівасцей знаёміць з традыцыямі Беларусі і Кітая. Ідэя праекта прыйшла да дзяўчат падчас заняткаў у студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі: студэнты розных краін выказалі жаданне даследаваць канцэпт сям’і ў сваіх культурах. Так дзяўчаты вырашылі аб’яднаць намаганні. 

— Культуру розных краін цікава разглядаць праз мову. І наш праект якраз пра гэта. Мы прайшлі пачатковы этап ідэі. Засталося сістэматызаваць сабраны намі матэрыял, згрупаваць яго і рэалізаваць тэхнічна, — гавораць Саша і Чан. — Здорава, што дзве культуры могуць узаемадзейнічаць у кантэксце такіх важных тэм. У рабоце над праектам мы натхняемся ўсведамленнем вынікаў, якія прынясе размоўнік, самім працэсам. І гэта самае каштоўнае.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.