Конкурсны дзвіж

- 9:58Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

Гэтымі днямі ў Саранску, сталіцы Мардовіі, праходзіць Размеркаваны Еўразійскі чэмпіянат. Сярод яго ўдзельнікаў і беларуская каманда, якая мае добрыя шансы на перамогу.

У прыярытэце ССА і ПТА

Напярэдадні спаборніцтва адбылася сустрэча з прадстаўнікамі нацыянальнай зборнай па прафесійным майстэрстве ў Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы імя акадэміка М.С.Высоцкага. Гэты каледж жыве яркім і насычаным жыццём, яго навучэнцы і выкладчыкі маюць вялікую колькасць прафесійных, спартыўных і творчых дасягненняў. 

“Выдатна, што такія эксперты рыхтуюць у нас сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы. Беларуская каманда на працягу шэрага гадоў не проста актыўна ўдзельнічае ў міжнародных турнірах прафмайстэрства, але і вяртаецца з узнагародамі, з медалямі. А гэта сведчанне таго, што сістэма нашай прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі знаходзіцца на самым высокім узроўні і адпавядае ўсім сусветным стандартам”, — адзначыў на сустрэчы міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Паводле яго слоў, развіццё ПТА і ССА ў нашай краіне з’яўляецца адным з прыярытэтаў, таму што сёння для нашай эканомікі найбольш запатрабаваны менавіта кадры рабочых прафесій. Сёлетняя прыёмная кампанія паказала, што ў нас істотна павялічыўся конкурс ва ўстановы ПТА і ССА. 

“Частка выпускнікоў 9-х класаў, якія хацелі паступіць у гэтыя ўстановы, нават была вымушана вярнуцца ў школы ў 10—11-я класы. Гэта станоўчы момант, але мы хацелі б рухацца далей. У нашай краіне працуюць 52 рэсурсныя цэнтры, на базе якіх у рамках сеткавага ўзаемадзеяння праходзіць навучанне практычна ўвесь кантынгент устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі”, — дадаў Андрэй Іванец.

Конкурсы прафмайстэрства маюць вялікае значэнне не толькі для ўдзельнікаў каманды і майстроў, якія займаюцца іх падрыхтоўкай, але і для развіцця айчынных адукацыйных праграм. 

“Сёння мы гаворым: штогод каля 10—12% нашых адукацыйных праграм на ўзроўні ПТА і ССА абнаўляецца. І гэта жыццёва неабходна для таго, каб паспець за ўзроўнем пад­рыхтоўкі спецыялістаў рабочых спецыяльнасцей для рэальнага сектара эканомікі. У сувязі з гэтым мы глядзім у комплексе, як нам развіваць і праводзіць далейшае ўдасканаленне сістэмы прафтэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў рэспубліцы па ўсіх напрамках”, — патлумачыў міністр адукацыі.

Адказваючы на пытанне, калі ж знікне дэфіцыт рабочых кадраў, Анд­рэй Іванец падкрэсліў, што пад­рыхтоўка кадраў і іх замацаванне на працоўных месцах — звёны аднаго ланцужка, але з рознымі задачамі: “Мы сёння імкнёмся заказчыкаў кадраў павярнуць у бок адукацыі, каб мы не проста рыхтавалі кадры для тых ці іншых прадпрыемстваў, але і бачылі іх наступную замацаванасць і пераемнасць. Прыклад аўтамеханічнага каледжа дзесьці ідэальны. Калі б усе прадпрыемствы працавалі па аснашчэнні такіх унікальных лабараторый, як тут, то мы мелі б значна меншы дэфіцыт рабочых кадраў”.

У час наведвання аўтамеханічнага каледжа міністр азнаёміўся з Цэнтрам вытворчых тэхналогій MAZ — WEICHAI. У ім прадстаўнікі сэрвісных цэнтраў МАЗ і дылерскіх цэнтраў WEICHAI праходзяць перападрыхтоўку, каб потым рамантаваць і абслугоўваць новыя рухавікі. 

“Яшчэ адзін аспект — дадатковая адукацыя дарослых. Мы бачым, што сёння на рынку працы дастаткова вялікая колькасць людзей — каля 25—30 тысяч дарослага насельніцтва — штогод праходзіць перападрыхтоўку на базе нашых устаноў ПТА. Навучанне праз усё жыццё з’яўляецца актуальным, таму трэба працаваць па ўсіх напрамках”, — перакананы А.І.Іванец.

Старт у будучыню праз прафадукацыю

Правядзенне конкурсаў прафмайстэрства стала добрай традыцыяй сістэмы прафадукацыі. З 2014 го­да пачаўся новы этап конкурснага руху, а навучэнцы і студэнты нашай краіны атрымалі магчымасць удзельнічаць у міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства, у якіх беларусы традыцыйна займаюць высокія месцы. Так, сёлета нацыянальная каманда, сфарміраваная з пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх спаборніцтваў прафесійнага майстэрства, паспяхова выступіла на конкурсе “Майстры Шаўковага шляху”, а таксама на этапе Размеркаванага Еўразійскага чэмпіянату ў Маскве.

Зараз наша каманда выступае на Еўразійскім чэмпіянаце. Асноўная пляцоўка гэтага спаборніцтва — “Саранск-Арэна”. Сярод тэматычных блокаў праграмы — адукацыйныя інтэнсівы і дзелавыя гульні, выступленні актывістаў конкурснага руху, спонсараў і партнёраў аб паспяховых праектах і рэалізаваных напрамках дзейнасці. У вочным фармаце да 12 верасня выступіць каля 100 удзельнікаў і экспертаў з краін еўразійскай прасторы. Звыш 200 замежных канкурсантаў і экспертаў удзельнічаюць у чэмпіянаце дыстанцыйна.

Прадстаўнік айчыннай каманды ў Саранску — начальнік цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва РІПА Наталля Шаўчэнка-Саўлакова расказала, што сёлета ў Еўразійскім чэмпіянаце наша зборная ўдзельнічае ў двух фарматах: вочным і дыстанцыйным. У вочным прымаюць удзел 13 канкурсантаў і 12 экспертаў у 12 кампетэнцыях: “Зварачныя тэхналогіі”, “Электроніка”, “Малярныя і дэкаратыўныя работы”, “Мабільная робататэхніка”, “Сталярная справа”, “Цырульніцкае мастацтва”, “Тэхналогія моды”, “Кузаўны рамонт”, “Цяслярная справа” і г.д. У сваю чаргу дыстанцыйна, знахо­дзячыся ў Мінску, частка каманды ўдзельнічае яшчэ ў 11 кампетэнцыях, сярод якіх такія як “Вэб-дызайн і распрацоўка”, “Сеткавае і сістэмнае адміністраванне”, “Кулінарнае мастацтва”, “Рэстаранны сэрвіс”, “Прамысловы дызайн”, “Графічны дызайн” і інш.

“Конкурсны рух прафмайстэрства змяніў свой фармат у 2014 го­дзе, і зараз мы раз у два гады праводзім свой рэспубліканскі конкурс. Наступны адбудзецца ў маі 2023 года. Сёлета была паўза ў рэспубліканскіх чэмпіянатах і мы ў асноўным бралі ўдзел у розных міжнародных конкурсах і чэмпіянатах. Пасля еўразійскага спаборніцтва да канца года плануем два выезды: у лістападзе на чэмпіянат высокіх тэхналогій Hi-Tech і ў пачатку снежня на чэмпіянат “Маладыя прафесіяналы”. Такім чынам, айчынная каманда кожныя два месяцы ўдзельнічае ў міжнародных мерапрыемствах. Такі конкурсны рух для сістэмы прафадукацыі вырашае некалькі задач. Адна з іх — прафарыентацыйная, таму што кожны раз на спаборніцтвах мы прадстаўляем больш за 40 прафесій і тым самым актыўна рэкламуем школьнікам сістэму ПТА і ССА. Акрамя гэтага, мы прыцягваем моладзь у вытворчы сектар эканомікі, паказваючы значнасць як традыцыйных прафесій, так і і новых, якія толькі паяўляюцца. Да таго ж нашы педагогі і майстры стажыруюцца і вывучаюць новыя тэхналогіі, а пасля знаёмяць з імі сваіх навучэнцаў”, — паведаміла Наталля Міхайлаўна.

У час сустрэчы з нацыянальнай зборнай рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі паабяцаў, што і далей конкурсны рух прафмайстэрства будзе развівацца: “Пасля чэмпіянату ў Саранску адбу­дзецца вялікі форум у Сочы, на якім розныя краіны абмяркуюць пытанне развіцця конкурснага руху. І хоць зараз еўрапейская прастора крыху прыкрылася, але на сённяшні дзень усё больш чэмпіянатаў пачынае аднаўляцца. Жыццё паказвае, што ўсё магчыма развіваць, нават нягле­дзячы на знешнія фактары. Напера­дзе яшчэ шмат конкурсаў, таму бу­дзем і далей развіваць гэты рух, і ўсё ў нас атрымаецца!”

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.