Корт замест катка

У дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе Акцябрскага раёна цяпер ёсць свой тэнісны корт.

Як расказала ды­рэктар установы Святлана Літвінчук, у канцы 2019 года на тэрыторыі была абсталявана пляцоўка для хакея і фігурнага катання. Аднак у сувязі з умовамі надвор’я сёлета апраба­ваць яе не атрымалася. З-за плюсавых тэмператур каток не залівалі.

Для максімальна карыснага выкарыстання прасторы ў летні час пляцоўку 20 х 40 м пераабсталявалі ў тэнісны корт. Напракат можна ўзяць ракеткі для гульні ў вялікі тэніс і мячыкі. У школе падкажуць правілы гульні, пракансультуюць па тэхнічных нюансах. У ДЮСШ падкрэслілі, што гаворка не пра прафесійны ўзровень гульні ў вялікі тэніс, а пра аматарскі. Не выключана, што для кагосьці гэта стане стартам у вялікі спорт.

Увогуле ж у мясцовай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе адкрыты тры аддзяленні: грэка-рымская барацьба, лёгкая атлетыка і бокс, у якіх займаюцца 130 юных спартсменаў.

Таксама ў ДЮСШ створаны ўмовы для аматараў здаровага ладу жыцця, у тым ліку для сямейнага вольнага часу. У спектры паслуг — наведванне трэнажорнай, спартыўнай і залы для барацьбы, гульня ў більярд, настольны тэніс, заняткі па фітнесе, аздараўленчае плаванне, саўна. Можна таксама ўзяць напракат турыстычны інвентар.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.