Кошт квадратнага метра жылля — пад пільным кантролем

- 12:12Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі ў 2018 годзе сярэдні кошт квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай быў ніжэйшы за сярэднюю зарплату, паведаміў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Аўраменка.

“Паводле справаздачных даных за 2018 год, сярэдняя цана квадратнага метра жылля з дзяржаўнай падтрымкай склала Br841,95 пры зададзеным параметры Br923,16. Забяспечана перавышэнне сярэднямесячнай заработнай платы па рэспубліцы над коштам аднаго квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай, каэфіцыент суадносін сярэднямесячнай зарплаты да кошту квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай за 2018 год склаў 0,88”, — сказаў Аляксандр Аўраменка.

Ён нагадаў, што сярэдні кошт квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай да канца 2019 года павінен скласці не больш за Br1020.

Усяго ў 2018 годзе ў Беларусі ўве­дзена ў эксплуатацыю звыш 3,966 млн кв.м жылля. У тым ліку для мнагадзетных пабудавана 604 тысяч кв.м. Арэнднага жылля ўвялі ў эксплуатацыю 125 тысяч кв.м пры плане 90 тысяч кв.м.