Косма-праекты Беларусі

12 красавіка спецыялісты ў галіне касманаўтыкі адзначалі прафесійнае свята. Напярэдадні ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася тэматычная прэс-канферэнцыя, прысвечаная стану і ключавым напрамкам развіцця касмічнай дзейнасці ў Беларусі і рэалізацыі дзяржпраграм у галіне.

На пытанні журналістаў адказвалі намеснік дырэктара па вытворчасці УП “Геа­інфармацыйныя сістэмы” Ігар Страшко і генеральны дырэктар ДНА “Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі” Аляксандр Тузікаў.

Аляксандр Васільевіч адзначыў знакавыя перыяды ў развіцці касмічнай галіны Беларусі. Сярод іх важнае месца выступовец адвёў пачатку 2000 гадоў (у гэты час пачалі актыўна развівацца сумесныя праекты кас­мічных праграм з Расіяй, якія працуюць з таго часу няспынна, змяняючы адзін аднаго). З апошніх праектаў спецыяліст вылучыў праграмы “Тэхналогія-СД” (сёлета завяршаецца), “Інтэрпрэтацыя” (пачынаецца ў бягучым годзе) і “Комплекс-СД” (знаходзіцца на этапе зацвярджэння).

Прамоўца расказаў пра праекты Міждзяржаўнай праграмы супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД (Беларусі, Расіі і Казахстана) і праграмы, у якіх задзейнічаны навуковае і акадэмічнае асяроддзе. Сярод іх можна адзначыць праекты “Інфарматыка, космас, бяспека” і “Даследаванне і выкарыстанне касмічнай прасторы ў мірных мэтах”. У межах апошняй праграмы рэалізоўваецца праект з удзелам спецыялістаў з  Інстытута эксперыментальнай батанікі В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі. Дзякуючы даным зандзіравання зямлі можна вызначаць тэрыторыі, не задзейнічаныя ў гаспадарчай дзейнасці і сельскай гаспадарцы.

Дарэчы

Свята “Дзень касманаўтыкі” з’явілася пасля першага палёту чалавека ў космас. Менавіта12 красавіка ў 1961 года Юрый Гагарын здзейсніў арбітальны аблёт Зямлі.

Аляксандр Тузікаў нагадаў, што ў 2012 годзе запусцілі першы беларускі касмічны апарат — спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання зямлі. Ён адзначыў, што паралельна такі ж апарат быў запушчаны ў Расіі і сёння іх у краіне-суседцы ўжо 6. У цяперашні час беларускі і расійскія спадарожнікі працуюць у складзе арбітальнай групоўкі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Гэта дазваляе спецыялістам атрымліваць больш шырокую інфармацыю. 

Ігар Страшко заўважыў, што беларускі спадарожнік і створаная на яго аснове Беларуская касмічная сістэма дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі  сёння працуюць устойліва. Спецыяліст адзначыў, што касмічная інфармацыя з БКА выкарыстоўваецца ў галіне нацыянальнай бяспекі, у праваахоўчай і прыродаахоўчай сферах, а таксама для маніторынгу, праектавання і будаўніцтва дарог, вядзення дзяржаўнага зямельнага кадастру і інш.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.