Кожнае пытанне патрабуе адказу

- 15:36Партфоліа

Сутнасць камунікатыўнага навучання ў тым, каб падрыхтаваць навучэнцаў да ўдзелу ў працэссе іншамоўных зносін, навучыць свабодна арыентавацца ў іншамоўным асяроддзі і ўмець адэкватна рэагаваць на розныя сітуацыі.

Галоўным прынцыпам камунікатыўна-арыентаванага навучання з’яўляецца моўная актыўнасць. Гэты прынцып рэалізуецца праз моўную практыку, калі мы вучым дзяцей размаўляць праз гаварэнне і размаўляем з дапамогай практыкаванняў, дзе ёсць маўленчая ўстаноўка, у тым ліку і заданні тыпу  “пытанне-адказ”. Зразумела, што такія практыкаванні немагчымыя без імітацыі, без утварэння па аналогіі і трансфармацыі, таму важна паэтапна фарміра­ваць лексічны навык.

Цяжка ўявіць, каб людзі, маючы зносіны паміж сабой, не задавалі пытанняў. Уменне задаваць пытанні і адказваць на іх, выкарыстоўваючы розныя граматычныя структуры і разнастайную лексіку, — адзін з галоўных складнікаў валодання англійскай мовай. Не выклікае сумнення важнасць выкарыстання практыкаванняў тыпу “пытанне-адказ” пры навучанні гаварэнню. На працягу многіх гадоў педагагічнай дзейнасці сістэматычна аналізавала тыповыя памылкі вучняў пры пабудове пытальных сказаў і адказаў на іх. Заўважыла, што падручнікі не забяспечваюць настаўніка вялікай колькасцю такіх практыкаванняў. Аналіз экзаменацыйных заданняў паказаў, што гутарка па разуменні прачытанага і праслуханага тэкстаў будуецца з дапамогай пытанняў і адказаў. Адным з аспектаў гутаркі па тэме з’яўляецца таксама задаванне пытанняў свайму сябру або носьбіту мовы.

Нягледзячы на тое, што ў цяперашні час метадысты лічаць практыкаванні тыпу “пытанне-адказ” толькі прыватным выпадкам дыялагічных зносін і раяць адмовіцца ад аднабаковага захаплення гэтым відам заданняў, педагогі-практыкі перакананы, што запыт інфармацыі — важны аспект навучанню зносінам. Пытанні заўсёды накіраваны на суразмоўцу і патрабуюць ад яго водгуку.

Аналізуючы тыповыя памылкі навучэнцаў, прыйшла да высновы, што найбольшую складанасць для іх уяўляе разгалінаваная сістэма граматычных часоў, прычым пераважная колькасць памылак дапускаецца пры пабудове пытальных сказаў. У вучняў часта ўзнікаюць цяжкасці з разуменнем структуры розных тыпаў пытанняў. Пры гэтым пытальны сказ — вельмі важная граматычная з’ява пры зносінах. Каб навучыць весці дыялог граматычна правільна, перш за ўсё неабходна сфарміраваць у вучняў навык пабудовы пытальных сказаў.

Існуюць два этапы працэсу навучання: трэніровачны і моўны. Трэніровачны этап адбываецца на працягу І і ІІ ступеняў навучання. У гэты перыяд выкарыстоўваю на ўроках англійскай мовы абагульняючыя апорныя табліцы, якія дазваляюць прадставіць структурную схему пытальнага сказа, дапамагаюць вучням усвядоміць фіксаваны парадак слоў у англійскіх пытаннях рознага тыпу.

Выкарыстоўваючы такія табліцы, звяртаю ўвагу вучняў на тое, якое значэнне мае парадак слоў у англійскім пытальным сказе. Вельмі важна, каб вучні авалодалі пошукавымі дзеяннямі пры рабоце з табліцамі: на якім месцы стаіць дзейнік або сэнсавы дзеяслоў, дзе знаходзіцца дапаўненне і які член сказа завяршае пытанне. Абагульняючыя апорныя табліцы дапамагаюць навучэнцам усвядоміць формаўтварэнне пры вывучэнні розных граматычных з’яў. Замацаванню ведаў аб пабудове пытальных сказаў садзейнічаюць практыкаванні ў рабочых сшытках на друкаванай аснове. Гэтыя заданні выклікаюць цікавасць у вучняў і далучаюць да актыўнага ўдзелу ў іх выкананні. Дадаткова выкарыстоўваю наступныя заданні:

1. Пабудуй пытанне, якое пачынаецца са слова ў дужках.

2. Пастаў пытанні розных тыпаў да сказа.

3. Пастаў пытанні да падкрэсленых у сказе слоў.

4. Ператвары сцвярджальныя сказы ў пытальныя.

5. Напішы пытанні да наступных адказаў.

6. Пабудуй пытанні з раскіданых слоў.

На III ступені навучання рэалізуецца моўны этап. Яго мэта — навучыць дзяцей самастойна прымяняць набытыя веды і навыкі ў маўленні. Для гэтага выкарыстоўваю і распрацоўваю практыкаванні тыпу “пытанне-адказ”. Забаўная тэма задання, абмеркаванне цікавай праблемы або вучэбная гульня фарміруюць унутраную матывацыю вучняў, якія валодаюць пэўным кругаглядам, разнастайнымі інтарэсамі.

Пры правядзенні ўрокаў выкарыстоўваю камунікатыўныя практыкаванні  тыпу “пытанне-адказ”, якія для зручнасці падзяліла на тры групы.

Група № 1. Getting to know each other

Практыкаванні гэтай групы носяць ярка выяўлены камунікатыўны характар. Яны развіваюць уменне задаваць пытанні, замацоўваць лексічны або граматычны матэ­рыял, дазваляюць вучням атры­маць дадатковыя звесткі пра аднакласнікаў. Пытанні звычайна задаюцца па тэме, якая вывучаецца, або бываюць змешанага характару. Практыкаванні могуць быць арганізаваны ў міні-групе з 2—3 чалавек з наступным паведамленнем вынікаў работы ўсёй групе.

Група № 2. Рознага роду інтэрв’ю

Практыкаванні тыпу “пытанне-адказ” у выглядзе інтэрв’ю можна выкарыстоўваць на любую тэму. Важнай умовай паспяховага правядзення інтэрв’ю з’яўляецца правільная пастаноўка пытання. У старшых класах неабходна накіроўваць вучняў на пастаноўку ўскосных пытанняў:

“Did you mean that…?”, “ I want to know if you…?”, “ Am I right to say that…?

Карткі кіруемага інтэрв’ю па тэме  Holidays.

Група № 3. Практыкаванні тыпу “пытанне-адказ” , якія спалучаюць моўную практыку з гульнёй. Выкарыстанне гульнявых метадаў спрыяе развіццю пазнавальнай актыўнасці і зніжэнню боязі зра­біць памылку.

У якасці заданняў пры развіцці моўных уменняў або ў час кантролю  маналагічнага і дыялагічнага маўлення можна выкарыстоўваць зрокавы вобраз (малюнак).  Да кожнай тэмы падбіраецца малюнак і заданні-пытанні, якія прадугледжваюць выказванні на наступных узроўнях: пытанне-адказ, адказ-разважанне, адказ-прапанова, абмен думкамі і г.д. Гэта забяспечвае навізну сітуацыі, самастойнасць вучняў, структурную разнастайнасць выказванняў. Выказванні будуць утрымліваць як вывучаныя фразы, так і новыя элементы. Творчая самастойнасць ацэньваецца высокімі баламі. Зрокавы вобраз прадугледжвае выказванне ацэнкі, асабістых адносін да падзей на малюнку.

Паколькі зносіны часцей за ўсё ма­юць форму “пытанне-адказ”,  трэба звяр­нуць увагу на характар пытанняў, якія задаюцца па малюнку. Распаўсюджанай практыкай з’яўляецца пачынаць гутарку са спецыяльных пытанняў: што? дзе? калі? куды?. Але гэта не зусім апраўдана, бо ў класе ёсць вучні з розным узроўнем падрыхтоўкі. Адказы на спецыяльныя пытанні патрабуюць значнага ўзроўню  падрыхтоўкі. З мэтай рэалізацыі асобасна арыентаванага падыходу  мэтазгодна пачынаць гутарку з агульных пытанняў, якія патрабуюць адказу “так” або “не”.  Наступнымі па ўзроўні складанасці  ідуць  альтэрнатыўныя і раздзяляльныя пытанні. Больш высокі ўзровень — гэта адказы на спецыяльныя пытанні, якія могуць быць ацэнены ад 7 да 10 балаў. Выкананне такой паслядоўнасці дазваляе нават нізкаматываваным вучням выйсці на пэўны ўзровень валодання замежнай мовай. 

Ірына ЯЎСЕЙЧЫК,
настаўніца англійскай мовы Райцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.