Кожнай школе — футбольны мяч!

Тыдзень спорту і здароўя, які праводзіцца ў Беларусі на пачатку навучальнага года, сёлета быў адзначаны пачаткам новага праекта “Кожнай школе — футбольны мяч!”, у адкрыцці якога ў Доме футбола прынялі ўдзел старшыня Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Мікалаевіч Румас, а таксама міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.

Міністэрства адукацыі і асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” ўжо мелі сумесныя праекты. Напрыканцы мінулага навучальнага года футбольныя мячы атрымалі больш за 21 тысячу першакласнікаў у сельскіх населеных пунктах і аграгарадках нашай краіны. У Беларусі праходзяць такія спаборніцвы, як “Скураны мяч”, школьныя футбольныя лігі, акцыя “Футбольныя канікулы” і інш.
Адны з самых прэстыжных футбольных спаборніцтваў для дзяцей “Кубак нацый Данон”, дэвіз якіх “Павер у сваю мару!”, сёння ажыццяўляе мары юных футбалістаў і пераможцаў турніру школьнікаў сярэдняй школы №37 Кастрычніцкага раёна Гродна. Зусім хутка, ужо 7 верасня, хлопцы згуляюць на сусветна вядомым Лонданскім стадыёне Уэмблі. Нагадаем, што гэта другі па велічыні стадыён Еўропы, на якім у мінулым годзе прайшлі футбольныя фіналы летніх Алімпійскіх гульняў.
Нацыянальныя фіналы Кубка нацый праходзяць у 32 краінах свету. У адборы ўдзельнічаюць больш за 2,5 мільёна дзяцей. У Лондане 400 з іх выйдуць на поле, каб паспаборнічаць за званне мацнейшых!
У Беларусі ў адборы сёлета ўдзельнічалі 2750 школ і 39 тысяч юных футбалістаў, у той час як яшчэ зусім нядаўна ў Беларусі турнір “Кубак нацый Данон” пачынаўся з 8 футбольных каманд.
Тое, што папулярнасць футбола ў нашай краіне расце, відавочна. А значыць, мячы патрэбны. Сяргей Румас падкрэсліў, што ў ідэале футбольны мяч павінен быць у кожнага. Пачаткам акцыі, згодна з якой сёлета школы краіны атрымаюць 26 тысяч мячоў, стала ўручэнне сімвалічнага мяча міністру адукацыі. Сяргей Маскевіч у сваю чаргу адзначыў, што цяпер варта засяродзіцца на кадравым пытанні.
Са студзеня па лістапад 2013 года ў краіне праводзіцца агляд-конкурс “Урок футбола”, які, па задуме яго арганізатараў, павінен выявіць лепшых педагогаў, а таксама ўзмацніць цікавасць спецыялістаў да пошуку новых шляхоў прафесійнага развіцця. Каму дастануцца лаўры пераможцы і сур’ёзная фінансавая ўзнагарода, мы даведаемся ў лістападзе, а пакуль што абласныя цэнтры фізічнага выхавання атрымліваюць футбольныя мячы, якія ім давядзецца размеркаваць паміж школамі вобласці. 4438 мячоў адпраўляецца ў Брэсцкую вобласць, 3093 — Віцебскую, 4076 — Гомельскую, 3004 — Гродзенскую, 3903 — Мінскую, 2989 — Магілёўскую і 4442 мячы — у сталіцу.
Таксама 1700 камплектаў футбольнай экіпіроўкі атрымаюць 140 каманд.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.