“Кожнаму краязнаўцу важна ўмець наладзіць дыялог пакаленняў”

Работа ў архівах, бібліятэках, інтэрнэце — неад’емная і, безумоўна, важная частка краязнаўчай работы. І ўсё ж самыя яркія адкрыцці адбываюцца не за маніторам камп’ютара або вывучэннем архіўных дакументаў, а ў час жывой гутаркі са сведкамі мінулага, таму краязнаўцам варта часцей арганізоўваць сустрэчы вучняў з прадстаўнікамі старэйшага пакалення. У гэтым пераканана кіраўнік народнага музея Міханавіцкай сярэдняй школы педагог дадатковай адукацыі Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінскага раёна Марыя Мікалаеўна ЛЕЎКАВЕЦ.

Нагод для краязнаўчых су­стрэч, як і тэм для края­знаўчых гутарак з нашай гераіняй можна знайсці мноства. Марыя Мікалаеўна ахвотна абмяркуе і асаблівасці работы з гістарычнымі дакументамі, і эфектыўнасць правядзення краязнаўчых экспедыцый, і напрамкі музейнай педагогікі, і, канечне, важнасць наладжвання дыялогу пакаленняў. Адносна любога аспекта краязнаўчай работы выкажа цікавую і слушную думку. Яе вопыт вывучэння гісторыі Міханавіч і навакольных вёсак настолькі багаты і рознабаковы, што здаецца, Міханавічы — гэта малая радзіма Марыі Мікалаеўны. На самай справе бацькоўскім куточкам жанчыны з’яўляецца Століншчына, самае сэрца Палесся. А вось Міханавічам вельмі пашчасціла, што тут жыве такі ўлюбёны ў краязнаўчую справу чалавек, як і Марыі Мікалаеўне пашчасціла, што побач з ёй жывуць настолькі цікавыя лю­дзі, прадстаўнікі розных пакаленняў, кожная сустрэча з якімі — гэта адкрыццё новых, малавядомых старонак гісторыі краю.

“Успаміны дзяцей вайны ўзроўнем сваёй дакументальнасці, бясспрэчна, саступаюць гістарычным дакументам. Аднак ці можна вызначыць узровень эмацыянальнага, душэўнага ўздзеяння такіх сустрэч на сучасных школьнікаў, калі пра вайну ім расказваюць родныя, суседзі ці проста незнаёмая старэнькая жанчына?”

“Дыялог пакаленняў” — так называецца культурна-адукацыйная праграма, на аснове якой Марыя Мікалаеўна ўжо трэці год вя­дзе сваю краязнаўчую дзей­насць. Праграма распрацоўвалася з мэтай наладзіць сувязь паміж пакаленнямі, зблізіць каштоўнасныя арыенціры мола­дзі і старэйшага пакалення. “Разавыя мерапрыемствы, накіраваныя на засваенне навучэнцамі нацыянальных традыцый, духоўна-маральных каштоўнасцей папярэдніх пакаленняў, сямейных традыцый, практычна не даюць плёну, таму з верасня 2017 года ў школьным народным музеі “Гісторыя пасёлка Міханавічы” была распрацавана праграма “Дыялог пакаленняў”. Дарэчы, у гэтым годзе на IV Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” ў Брэсце яна была адзна­чана дыпломам у намінацыі “За лепшую культурна-адукацыйную праграму”. Кожнае пакаленне мае свае маральна-духоўныя каштоўнасці, жыццёвы вопыт і стаўленне да па­дзей эпохі. З гэтымі каштоўнасцямі, вопытам мы і знаёмімся падчас музейных сустрэч”, — падзялілася педагог.

Сустрэчы праходзяць з людзьмі рознага ўзросту, прадстаўнікамі розных пакаленняў. Найбольш кранальныя — з дзецьмі вайны, апошнімі сведкамі Вялікай Айчыннай. Гэтым сустрэчам папярэднічае актыўная пошукава-даследчая работа. Пад кіраўніцтвам Марыі Мікалаеўны школьнікі вывуча­юць музейныя прадметы, звязаныя з падзеямі саракавых гадоў, адпаведную літаратуру. Падчас саміх сустрэч перад юнымі краязнаўцамі стаіць галоўная задача — запісаць як мага больш успамінаў ад пачэсных гасцей.

“Дзеці і падлеткі пачынаюць разумець погляды старэйшага пакалення на жыццё, параўноўваюць і ацэньваюць уласныя каштоўнасці і памкненні. Пасля такіх сустрэч яны распытваюць ужо сваіх дзядуляў і бабуль аб перажытым, прыносяць у музей старыя фотаздымкі, хочуць падзяліцца пачутым, уключаюцца ў даследчую, краязнаўчую дзейнасць”.

“Успаміны дзяцей вайны ўзроўнем сваёй дакументальнасці, бясспрэчна, саступаюць гістарычным дакументам. Аднак ці можна вызначыць узровень эмацыянальнага, душэўнага ўздзеяння такіх сустрэч на сучасных школьнікаў, калі пра вайну ім расказваюць родныя, суседзі ці проста незнаёмая старэнькая жанчына? Гэтыя ўспаміны звязаны з ваеннымі і пасляваеннымі гадамі — вельмі складаным часам, але па-свойму шчаслівым, таму што гэта быў час дзяцінства, юнацтва нашых гасцей. Кожная сустрэча з сённяшнімі школьнікамі вяртае пажылых людзей у той час, калі яны самі былі дзецьмі, калі яны, нягледзячы на цяжкасці, з аптымізмам глядзелі ў будучыню. Менавіта такія сустрэчы вучаць сучасную моладзь суперажываць пажылым людзям, прыходзіць ім на дапамогу, праяўляць клопат і ўвагу. Дзеці і падлеткі пачынаюць разумець погляды старэйшага пакалення на жыццё, параўноўваюць і ацэньваюць уласныя каштоўнасці і памкненні. Пасля такіх сустрэч яны распытваюць ужо сваіх дзядуляў і бабуль аб перажытым, прыносяць у музей старыя фотаздымкі, хочуць падзяліцца пачутым, уключаюцца ў даследчую, краязнаўчую дзейнасць”, — паведаміла Марыя Мікалаеўна.

На адзін з такіх “дыялогаў пакаленняў”, сустрэчу з былой піянерважатай Міханавіцкай сярэдняй школы Святланай Пятроўнай Бачыла прапануем завітаць нашым чытачам. Паглядзіце на фотаздымак. З якой цікавасцю міханавіцкія вучні слухаюць аповед ветэрана педагагічнай працы, якая прымала ў піянеры іх бабуль і дзядуляў! З якім захапленнем яны ловяць кожнае слова жанчыны пра яе школьныя гады, пра тыя цяжкасці, якія давялося пераадолець у дзяцінстве, абпаленым вайной!

“У вайну чуем, як самалёт ляціць — тады хапаем, што ў хаце, і ўцякаем у лес. Спалілі нашу хату. Тата пайшоў на фронт, а я засталася з брацікам, сястрычкай і мамай. Памятаю, мама зварыць бульбу, сыпне туды жменьку льнянога семя — для нас гэта было раскошай. Калі тата прыйшоў з фронту, то стала крыху лягчэй, але ўсё роўна дзяцінства было вельмі цяжкім. Мой тата быў першым дырэктарам школы ў пасляваенныя гады. Ён толькі вярнуўся з фронту, а школа паўразбурная, вокны забіты фанерай. У адзін і той жа клас ішлі дзеці рознага ўзросту. У пятым маглі вучыцца і 10-гадовыя, і 17-гадовыя. Па адукацыі я настаўніца беларускай мовы і літаратуры, аднак, калі скончыла педінстытут, мяне ўзялі на пасаду старшай піянерважатай. Ніколі пра гэта не шкадавала”, — падзялілася жанчына.

“Пажылыя людзі адчуваюць асабістую значнасць ад таго, што падзяліліся перажытым, што могуць перадаць тыя маральныя каштоўнасці, якія былі назапашаны іх продкамі”.

У 1961 годзе, калі Святлана Пятроўна пачала працаваць у школе, у Міханавічах пражывалі 135 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. З кожным з іх піянерважатая сябравала, хадзіла разам з дзецьмі дадому, дапамагала па гаспадарцы, слухала ўспаміны. “Памятаю, як да адной бабулькі прыйшлі, — згадвае педагог. — Полем ёй клубніцы, усе па радку ўзялі, а яна на крэсельца, як я цяпер перад вамі, села і расказвае нам пра вайну. На жаль, цяпер у Міханавічах жыве толькі адзін непасрэдны ўдзельнік баявых дзеянняў”.

“Музей пачынаўся з таго матэрыялу, які Святлана Пятроўна сабрала разам з піянерамі. Я не мясцовая, як і многія жыхары Міханавіч, таму без дапамогі Святланы Пятроўны мы не змаглі б стварыць сённяшнюю экспазіцыю. У 2014 годзе Святлана Пятроўна ў сваім паважаным узросце прай­шла па вёсцы Бардзілаўка, дзе яна жыве, заглянула ў кожную хату, наведала людзей, якія памятаюць вайну, у якіх родзічы былі сведкамі ваенных падзей, і збірала зве­сткі, дакументы, успаміны. Вось дзе прыклад для нас, краязнаўцаў! У выніку была створана работа “Ці не таму мы жывём, што памерлі яны?” Звесткі былі перададзены ў школьны музей. Наогул, музей — гэта месца, дзе ўстанаўліваецца сувязь часоў, дыялог пакаленняў”, — па­дзялілася Марыя Мікалаеўна.

Што тычыцца краязнаўчай работы па тэме Вялікай Айчыннай вайны, то тут значна большай падрыхтоўчай работы патрабуе арганізацыя сустрэч з родзічамі загінуўшых воінаў і партызан. Каштоўнасць гэтых сустрэч у тым, што яны дапамагаюць зразумець важ­насць захавання памяці пра сваіх родных. Так, у кастрычніку 2018 года Міханавіцкую школу і, адпаведна, музей наведалі госці з расійскай Пермі —  родзічы сяржанта Анатоля Шатроўскага, які загінуў пры вызваленні пасёлка. Імя Анатоля Аляксандравіча было ўстаноўлена пошукавай групай музея ў 2017 годзе. Разам з Міханавіцкім сельвыканкамам і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага райвыканкама былі праведзены мера­прыемствы па ўвекавечанні памяці салдата і нанясенні яго прозвішча на памятную шыльду на брацкай магіле.

“Далучэнне падрастаючага пакалення да дыялогу са старэйшым пакаленнем — працэс узаемаўзбагачальны. Пажылыя людзі адчуваюць асабістую значнасць ад таго, што падзяліліся перажытым, што могуць перадаць тыя маральныя каштоўнасці, якія былі назапашаны іх продкамі. Навучэнцы розных узростаў непасрэдна прапус­каюць праз свае душы ўбачанае і пачутае, кожны з іх хоча выказацца, яны імкнуцца адшукаць падобных герояў сярод сваіх родных. Многа матэрыялаў у апошнія гады сабрана пра сведак падзей Вялікай Айчыннай вайны, чыё дзяцінства прыпала на гады ліхалецця. У час экспедыцый, сустрэч у музеі запісваліся іх успаміны. Менавіта ад гэтых бабуль і дзядуляў сённяшняе пакаленне навучэнцаў даведваецца праўдзівыя гістарычныя факты, пра гераізм нашых продкаў, пра боль, страты і пакуты, што ўвайшлі тады ў кожную беларускую сям’ю. Па выніках пошукава-даследчай дзейнасці юных краязнаўцаў быў створаны аўдыяархіў “Жывыя галасы гісторыі”, — паведаміла Марыя Мікалаеўна.

У межах рэалізацыі праграмы “Дыялог пакаленняў” праводзяцца сустрэчы і з прадстаўнікамі розных прафесій (у такім выпадку сустрэчы маюць прафарыентацыйны характар), і з воінамі-інтэрнацыяналістамі. Удзельнікі такіх сустрэч закранаюць тэму супярэчлівасці ваенных канфліктаў. Пры гэтым дыялог вучыць моладзь думаць пра тое, наколькі важна атрымліваць звесткі з розных крыніц, вывучаць факты і толькі тады выказваць меркаванне.

Калі становішся сведкам шчырай размовы, адкрытай гутаркі паміж людзьмі розных узростаў, розных поглядаў на жыццёвыя каштоўнасці, то разумееш праўдзівасць слоў нашай гераіні, што кожнаму краязнаўцу важна ўмець наладзіць дыялог пакаленняў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.