Мінулі самыя доўгія канікулы, пачаўся новы навучальны год. Аднак педагогі яшчэ падводзяць вынікі летняй пары, бо адной з важных задач на гэты час для іх была арганізацыя летняга адпачынку школьнікаў.
На Гомельшчыне для дзяцей арганізоўваецца шырокі спектр адукацыйных, творчых, забаўляльных, спартыўных і экскурсійных мерапрыемстваў.
Цікавай і карыснай была летняя пара і для выхаванцаў абласнога Палаца творчасці. Адкрыў сезон лагер з дзённым знаходжаннем для навучэнцаў аддзела мастацкай творчасці “Краіна дзяцінства”. Дзеці ўдасканальвалі свае выканальніцкія навыкі падчас заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах і майстар-класаў, удзельнічалі ў конкурсах “Юны стыліст і візажыст”, “Я магу!”, конкурсе малюнкаў на асфальце. Цікавымі былі для хлопчыкаў і дзяўчынак гульні на развіццё камунікатыўных навыкаў і згуртаванне калектыву, эмацыянальнае разняволенне, ролевыя і дзелавыя гульні. Асаблівыя эмоцыі і ўражанні атрымалі юныя таленты ад экскурсій у Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, вайсковую часць 5525, на станцыю Асвод і ў музей энергазберажэння.
Выхаванцаў аддзела выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці сабраў лагер “Фарбы лета”. У рамках рэспубліканскай акцыі “Лета — час адкрыццяў” яго ўдзельнікі пабывалі ў музеі аўтографа, а таксама на выставе батыку ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.І.Герцэна і ў Інстытуце лесу НАН Беларусі, пазнаёміліся з выставачна-адукацыйным праектам “Людзі і птушкі” ў філіяле Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый. Незабыўнымі мерапрыемствамі для выхаванцаў лагера сталі экскурсія на тэлерадыёкампанію “Гомель” і круіз на катары па рацэ Сож. Акрамя таго, у творцаў было шмат цікавых і карысных спраў: дзеці малявалі, ляпілі, будавалі, гулялі, выраблялі арыгінальныя сувеніры з паперы, тканіны, саломкі, цеста і іншых матэрыялаў.
Цэлы год чакалі лета прыхільнікі ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”, каб зноў адправіцца ў дзіцячы аздараўленчы цэнтр “Пралеска” і пасяліцца ў палатачным лагеры на беразе Дняпра. Профільны палатачны лагер для 250 удзельнікаў абласной ваенна-патрыятычнай гульні працаваў на працягу 9 дзён. Юныя армейцы вучыліся валодаць стралковай зброяй, атрымлівалі навыкі выжывання, дэманстравалі фізічныя здольнасці пры праходжанні турыстычнай сцежкі. А ў конкурсах “Аты-баты, ішлі салдаты з песняй на парад” і “З іскрай у душы і верай у перамогу” ім належала праявіць свае творчыя таленты. Традыцыйна кульмінацыяй “Зарніцы” стала вялікая гульня на мясцовасці, у якой неабходна было прайсці некалькі рубяжоў (зону заражэння ў надзетых процівагазах, умоўнае міннае поле), аказаць першую медыцынскую дапамогу параненаму, арыентуючыся па тапаграфічнай карце, знайсці сакрэтную мікрасхему і даставіць яе ў штаб за лініяй фронту.
— Арганізацыя ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” менавіта ў рамках палатачнага профільнага лагера не толькі дазваляе якасна арганізаваць абласны этап гульні, — дзеліцца думкамі намеснік дырэктара па арганізацыйна-масавай і творчай рабоце Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Алег Макушкін, — але і ва ўмовах, максімальна набліжаных да ваенна-палявых, аказаць магутнае выхаваўчае ўздзеянне на фарміраванне патрыятызму, узаемадапамогі, спрыту, самастойнасці, мужнасці.
Самых актыўных і ініцыятыўных юнакоў і дзяўчат з усіх раёнаў Гомельскай вобласці сабраў абласны лагер для лідараў вучнёўскага самакіравання, які праходзіў пад дэвізам “Любая работа ідзе спарней, калі ёсць каманда, любая ідэя ўвасабляецца, калі ёсць актыўнасць і пазітыў”. Для лідараў педагогі падрыхтавалі насычаную праграму: турнір інтэлектуальных гульняў “Што? Дзе? Калі?” з вядомым знаўцам і педагогам абласнога Палаца творчасці Леанідам Клімовічам, “Сюрпрыз-2”, турыстычны паход, сацыяльна значны праект. Сёлета лідарскі праект называўся “Беларускі рэнесанс”. Па традыцыі актывісты-старшакласнікі сустрэліся з начальнікам упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргеем Парошыным, праінфармавалі яго аб значных справах, якія рэалізоўваюць на месцах, задалі пытанні ў галіне маладзёжнай палітыкі, абмеркавалі праблемы.
Бадай, упершыню настолькі насычаным і дзейсным стала лета для навучэнцаў аддзела камп’ютарнай тэхнікі і праграмавання абласнога Палаца творчасці. А зрабіць яго такім дапамагло супрацоўніцтва з адукацыйным цэнтрам Парка высокіх тэхналогій і асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні”. Дзякуючы падтрымцы і ўдзелу гэтых арганізацый, у Палацы творчасці стартавалі новыя летнія праекты “Інжынерныя канікулы” і абласны семінар Junior Ignite Camp.Падчас працы творчай пляцоўкі “Інжынерныя канікулы” прайшоў комплекс заняткаў па адукацыйных праграмах “Мова праграмавання Scratch, праца з архітэктарамі LEGO Education WeDo 2.0” для навучэнцаў малодшага школьнага ўзросту і “Робататэхнічныя модулі LEGO MINDSTORMS Education EV3 і стварэнне праектаў у 3d Max” для старэйшых дзяцей.
Знаёмства з праграмаваннем і робататэхнікай хлопцы і дзяўчаты працягнулі на семінары, які адбыўся на базе санаторыя “Машынабудаўнік”. Акрамя пяці дзён актыўнай вучобы, падлеткаў чакалі прафарыентацыйныя, пазнавальныя, творчыя майстар-класы і спартыўныя, забаўляльныя мерапрыемствы. Своеасаблівым вынікам удзелу ў семінары стала абарона групавых праектаў перад інвестарамі, у тым ліку замежнымі, у анлайн-рэжыме.
Улетку абласны Палац творчасці другі раз ініцыіраваў правядзенне абласной акцыі “Героі сярод нас”, сутнасць якой — у арганізацыі сустрэч з цікавымі людзьмі, знакамітымі ў сваім рэгіёне, якія могуць падзяліцца асабістай гісторыяй, ведамі і жыццёвым вопытам, адказаць на пытанні выхаванцаў. Гэтымі героямі сталі каля трохсот прадстаўнікоў цікавых прафесій, вядомыя людзі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у працы, культуры, навуцы, спорце, сямейным выхаванні, вынаходнікі; людзі, чый жыццёвы шлях запатрабаваў сілы волі для пераадолення шкодных звычак, жыццёвых цяжкасцей і нягод. Нават сабакі з кіналагічнай службы Гомельскай мытні былі героямі сустрэч.
Тэме выхавання праз творчасць была прысвечана акцыя “Стартап крэатыўнасці” з удзелам дзяцей і падлеткаў, схільных да дэвіянтных паводзін. Ім прапаноўвалася па-спаборнічаць у модных кірунках (рэп, хіп-хоп, брэйк-данс, біт-бокс, вулічныя танцы), а таксама вырабе лістовак пад цікавай назвай “#Права — лайк”.
Вялікую цікавасць выклікала і дзелавая гульня “Бізнес-квест: лета профі”, у якой прынялі ўдзел 650 юных бізнесменаў амаль з усіх рэгіёнаў Гомельшчыны. Юнакі і дзяўчаты дэманстравалі выдатныя веды па асновах менеджменту, эканомікі, банкаўскай справы, уменні ў галіне бізнесу, фітнесу, піяру, стылістыкі і моды. Варта адзначыць, што мерапрыемства было падтрымана многімі сацыяльнымі партнёрамі з ліку арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Не застаўся ўбаку таксама рэсурсны цэнтр абласнога Палаца творчасці. Сумесна з рэгіянальным цэнтрам тэсціравання і прафарыентацыі прадоўжылася рэалізацыя праекта “Прафесійныя канікулы”, які стаў важным кірункам працы лагераў у летні перыяд. Асноўным прынцыпам работы стала правядзенне тэматычных дзён прафарыентацыі з вывучэннем вузкай сферы прафесій: ад сацыяльнай да аграрна-тэхнічнай. Акрамя гэтага, спецыялістамі былі праведзены тэсціраванне і анкетаванне, што дапамагло вызначыць, наколькі праца ў лагеры дапамагла дзецям сарыентавацца ў прафесійным выбары.
— Спецыфіка абласнога Палаца творчасці заключаецца ў тым, што, акрамя арганізацыі непасрэднай унутранай работы, ён з’яўляецца каардынатарам абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў, — расказвае Алег Васільевіч Макушкін. — Так і ў сёлетняй аздараўленчай кампаніі: мы не толькі ўзялі на сябе функцыі інфармацыйна-метадычных памочнікаў у гэтай галіне, але і былі арганізатарамі практычных мерапрыемстваў.
Гэтае насычанае лета ўжо стала гісторыяй, а кіраўніцтва і педагогі Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі літаральна заўтра пачнуць падрыхтоўку да наступнай аздараўленчай кампаніі.
— Мы разглядаем лета як перыяд унікальных магчымасцей не толькі ўдасканалення тых ведаў, уменняў і навыкаў, якія ўжо маюць нашы выхаванцы, але і атрымання новых, — тлумачыць Алег Макушкін. — Псіхолагамі адзначаецца, што, напрыклад, за час адной змены ў летнім лагеры выхаваўчы эфект большы, чым за ўвесь навучальны год у школе. Невыпадкова летнія канікулы ў сучасным педагагічным асяроддзі даўно ўжо назвалі пятай чвэрцю.
Наталля ЛУТЧАНКА.