Кожнаму сельскаму школьніку — індывідуальную траекторыю развіцця

- 15:19Суразмоўца
Лошніцкая гімназія Барысаўскага раёна Мінскай вобласці з’яўляецца свайго роду ўнікальнай установай адукацыі новага тыпу — яна размяшчаецца ў сельскай мясцовасці. Нягледзячы на аддаленасць ад горада, навучэнцы гімназіі на роўных канкурыруюць з выхаванцамі гарадскіх школ і гімназій: становяцца пераможцамі прадметных алімпіяд рознага ўзроўню, конкурсаў, паспяхова паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі (сёлета стапрацэнтнае паступленне). Апошнія гады педагогі гімназіі працуюць над стварэннем мадэлі комплекснага суправаджэння індывідуальнага развіцця высокаматываваных навучэнцаў. Як жа ўдаецца настаўнікам падрыхтаваць канкурэнтаздольнага сельскага школьніка? Якая сістэма работы склалася ў гімназіі з адоранымі дзецьмі? Што працуе на імідж установы адукацыі? Аб гэтым мы гутарым з дырэктарам гімназіі Генадзем Мікалаевічам СКАВАРОДКІНЫМ, які ўзначальвае навучальную ўстанову больш за 11 гадоў, прайшоў у педагогіцы шлях ад настаўніка гісторыі і грамадазнаўства да кіраўніка ўстановы адукацыі.

 

— Генадзь Мікалаевіч, кожная навучальная ўстанова мае сваю адметнасць. Чым вылучаецца ваша гімназія ў адукацыйнай прасторы Міншчыны?
— Наша гімназія — сельская ўстанова адукацыі, і такая яна ў Мінскай вобласці адна. Многія могуць са мной не пагадзіцца і сказаць, што ёсць яшчэ і Бараўлянская гімназія. Аднак іх параўноўваць, на маю думку, нельга. Блізкасць сталіцы да Бараўлян дае шматлікія перавагі гэтай навучальнай установе.
Рашэнне аб стварэнні нашай гімназіі было прынята ў 1999 годзе, калі стала зразумела, што задаволіць усе патрэбы адораных і высокаматываваных навучэнцаў, што ўзнікалі ў нашым сельскім соцыуме, існуючыя ў раёне ўстановы адукацыі ўжо не могуць. У Барысаве да гэтага часу былі створаны дзве гімназіі і ліцэй. Аднак мы належалі не да Барысаўскага гарадскога аддзела адукацыі, а да раённага. І натуральна, нашых дзяцей з сяла аддаць у іншую структуру было немагчыма. Правёўшы глыбокі аналіз сітуацыі — а Лошніцкая сярэдняя школа была вялікая: у ёй вучылася каля 800 навучэнцаў, у сяле былі і музычная школа, і кінатэатр, і Дом культуры, і дзеючыя вытворчасці — было вырашана, што менавіта ў Лошніцы ёсць тая прастора, дзе можна адкрыць гімназію. Першы год гімназія, якую ўзначаліў Віктар Вячаслававіч Алецкі, размяшчалася на базе сярэдняй школы, а потым ёй выдзелілі асобны будынак.
Галоўная мэта, з якой стваралася гімназія, — даць добрую, якасную адукацыю сельскім дзецям. Установу наведваюць не толькі дзеці з самой Лошніцы, але і з суседніх вёсак: Навасёлак, Навасадаў, Веляціч і інш. Навучэнцаў падвозіць школьны аўтобус. Для дзяцей з далёкіх вёсак — Кішчына-Слабада, Траянаўка, Мётча і інш. — у нас дзейнічае інтэрнат.
Я з гонарам магу сказаць, што свой аўтарытэт гімназія заваявала, і следам за старэйшымі дзецьмі бацькі імкнуцца ўладкаваць сюды і малодшых. Шчыра скажу, што самы першы год мы набіралі навучэнцаў па-за конкурсам. Было вельмі складана адарваць дзяцей ад сям’і, засяліць іх у інтэрнат. Першыя два гады вялася шырокая агітацыя, мы рабілі рэкламу навучальнай установе. Разам з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Юліяй Уладзіміраўнай Саматыга ездзілі па школах раёна і запрашалі навучэнцаў у гімназію, тэлефанавалі бацькам, тлумачылі, што іх дзецям гэта патрэбна. Варта ўлічваць і той факт, што гімназія — навучальная ўстанова новага тыпу, разлічаная на высокаматываванага навучэнца, і не кожны дырэктар хоча аддаць добрага вучня ў іншую ўстанову.
На сёння мы ўжо нікога не агітуем і не рэкламуем нашу гімназію. Яна карыстаецца папулярнасцю як у бацькоў, так і ў дзяцей. Апошніх 7 гадоў запар конкурс у гімназію не саступае гарадскому. Прахадны бал — 42. Сёлета мы набралі два пятыя класы — 35 навучэнцаў, а заяў было пададзена 45. І ўзровень ведаў навучэнцаў нас парадаваў. Звычайна да нас ідуць моцныя, з высокім узроўнем ведаў выпускнікі пачатковых класаў. Часам нават бывае, што нашы пачаткоўцы не вытрымліваюць канкурэнцыі з дзецьмі з раёна.

— Чым жа Лошніцкая раённая гімназія так прыцягвае навучэнцаў і іх бацькоў?
— Высокім узроўнем адукацыі, кадравым патэнцыялам і добра пастаўленай метадычнай работай. Наша гімназія — асяроддзе, у якім пануе асаблівая аўра. Гэта зладжаны калектыў педагогаў, у якім склаліся цёплыя сяброўскія адносіны ўзаемаразумення і павагі, падтрымкі і ўзаемадапамогі. Мае намеснікі — Юлія Уладзіміраўна Саматыга, Лілія Іванаўна Дзерваед, Марына Васільеўна Ерашэнка — адны з лепшых у раёне, а магчыма, нават і ў вобласці. Яны вельмі добра прафесійна падрыхтаваны, дзеляцца вопытам сваёй работы ў МАІРА. Мы шэфствуем над маладымі кіраўнікамі — дырэктарамі, намеснікамі дырэктараў устаноў адукацыі раёна. Ю.У.Саматыга ўзначальвае раённае метадычнае аб’яднанне намеснікаў дырэктара па вучэбнай рабоце. Дарэчы, наша гімназія апошнія гады прызнана лепшай у раёне па арганізацыі метадычнай работы. Некалькі гадоў назад яна была адзначана ў гэтым жа напрамку як лепшая ў вобласці.
Залаты фонд гімназіі — вопытныя педагогі: настаўніца матэматыкі Наталля Пятроўна Ляпленка, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Галіна Міхайлаўна Галуза, настаўніца біялогіі Ала Васільеўна Буяк, настаўніца рускай мовы і літаратуры Вікторыя Генадзьеўна Яцэнка, настаўнік матэматыкі, выдатнік адукацыі, настаўнік-метадыст Іван Віктаравіч Якіменка. Прыходзяць да нас і маладыя спецыялісты. Добра зарэкамендавала сябе настаўніца хіміі і біялогіі Марыя Аляксандраўна Абраменка, дарэчы, наша выпускніца. Як паказвае практыка, маладыя спецыялісты, якія родам з нашых мясцін, застаюцца, а вось тыя, каго размеркавалі са сталіцы, адпрацоўваюць толькі патрэбныя два гады і па розных прычынах сыходзяць: хтосьці па сямейных прычынах, хтосьці не хоча заставацца педагогам, бо не бачыць перспектывы.

— Як, на вашу думку, затрымаць маладых спецыялістаў у сельскіх установах адукацыі?
— Думаю, самае галоўнае — ва ўнутраных перакананнях чалавека: калі ён хоча быць педагогам, то пераадолее ўсе цяжкасці і будзе працаваць. Калі гэтага пераканання няма, то ніякія створаныя ўмовы не ўтрымаюць чалавека. З гонарам магу сказаць, што ніводнага разу ні адзін педагог не сышоў з нашай гімназіі, таму што не ўліўся ў педагагічны калектыў ці яму не спадабаўся мікраклімат у ім. І гэта — наша дасягненне. Думаю, яно стала магчымым дзякуючы псіхалагічнай, з першага погляду непрыкметнай, рабоце з педагогамі, якая праводзіцца мной і маімі намеснікамі.
Зразумела, наша гімназія прыцягвае якасцю ведаў навучэнцаў. Сёлета ўсе 18 выпускнікоў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, з іх 98% — на бюджэт. У нас тры гады запар больш медалістаў, чым у любой іншай установе адукацыі раёна. Пазалетась два навучэнцы атрымалі медалі, летась — пяць, а сёлета — шэсць.
На старшай ступені ў гімназіі арганізавана навучанне па 4 напрамках: фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным, грамадазнаўчым, філалагічным. Гісторыя, геаграфія, руская мова і літаратура, матэматыка, біялогія — гэта тыя прадметы, па якіх мы паспяхова рыхтуем навучэнцаў да алімпіяд раённага, абласнога ўзроўняў і заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Шчыра прызнацца, гэта і наша слабае звяно. Высокага ўзроўню дасягнулі, планку ўзялі і яе трэба трымаць. Аднак не заўсёды гэта атрымліваецца. Уявіце сабе, банальная гісторыя: навучэнец сур’ёзна займаецца два ці тры гады рускай мовай і атрымлівае дыпломы на алімпіядзе. Потым вырашае паступаць, напрыклад, у БДМУ, а там, як вядома, вывучаюць хімію і біялогію. Навучэнец яшчэ можа пайсці на алімпіяду па рускай мове і на старой базе паказаць нядрэнны вынік. На вобласці, магчыма, і атрымаецца ў яго ўзяць дыплом, а вось апошні этап рэспубліканскай алімпіяды патрабуе большага: неабходна скокнуць вышэй галавы, таму што там усе моцныя. А аддачы, якая павінна быць, на жаль, ужо няма. Псіхалогія надарвана, навучэнцы “едуць” на старым і новую вяршыню не бяруць.
Падводзіць нас і матэрыяльна-тэхнічная база. Па хіміі, біялогіі вялікую ролю адыгрывае аснашчэнне. Матэрыяльна-тэхнічная база сталічных устаноў ці Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя адрозніваецца ад нашай. Мінус сельскім дзецям яшчэ ў тым, што мы знаходзімся далёка ад Мінска. І калі, напрыклад, заняткі ў лабараторыі на біяфаку БДУ пачынаюцца ў пяць гадзін, то нашым навучэнцам складана дабрацца назад дадому.
Намаганні педагогаў гімназіі скіраваны на стварэнне аптымальных умоў для рознабаковага развіцця навучэнцаў, раскрыцця іх патэнцыялу. Наша гімназія — навучальная ўстанова з эстэтычным ухілам. І нездарма дэвізам яе сталі словы “Прыгажосць выратуе свет, калі мы навучымся бачыць яе”. У нас дзейнічаюць класы музычнай, харэаграфічнай, мастацкай і тэатральнай накіраванасці. У другой палове дня праходзяць заняткі па гэтых напрамках. 112 навучэнцаў іграюць на музычных інструментах. І хаця побач знаходзіцца музычная школа, дзеці выбіраюць ігру на музычных інструментах менавіта ў гімназіі. Пасля 9 класа мы выдаём навучэнцам дадатак да пасведчання аб агульнай базавай адукацыі.

— Генадзь Мікалаевіч, каб быць цікавымі дзецям, педагогі павінны ісці ў нагу з часам. А якія тэхналогіі навучання прымяняюць вашы настаўнікі ў сваёй дзейнасці? Якім метадам аддаюць перавагу?
— Вядучая методыка, якую выкарыстоўваюць сёння нашы настаўнікі, — гэта інтэрактыўныя метады навучання. Так, многія педагогі актыўна прымяняюць метад “SWOOT-аналізу”, які дазваляе на ўроку адсачыць, які матэрыял дзеці ўжо ведаюць, якія веды жадаюць атрымаць і чаго чакаюць (спрагназаваць) і атрымаць вынік. Інтэрактыўныя метады навучання дазваляюць настаўніку не быць каардынатарам, а разам з дзецьмі асвойваць тую ці іншую праграму.
На другім месцы ў нас — праектнае навучанне. Яго часцей за ўсё выкарыстоўваюць настаўнікі замежнай мовы. Праектныя заданні педагогі выкладаюць на старонках сайта ўстановы адукацыі, і дзеці маюць магчымасць самастойна здабываць веды. А гэта значыць, на стадыі зараджэння ў нас знаходзіцца і дыстанцыйнае навучанне. Дарэчы, мы ўвялі ў карыстанне электронныя дзённікі і журналы, у нас дзейнічае сайт установы адукацыі, які дазваляе адкрыць старонкі для класаў, педагогаў і па вучэбных прадметах.
Нашы настаўнікі актыўна выкарыстоўваюць элементы такіх педагагічных тэхналогій, як французскія педмайстэрні, тэхналогію актыўнай ацэнкі, тэхналогію развіцця крытычнага мыслення. 80% настаўнікаў гімназіі з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Выкарыстанне ІКТ на ўроках дае магчымасць разнастаіць заняткі, зрабіць школьнае жыццё больш цікавым і змястоўна насычаным. Камп’ютар эканоміць час, і навучэнцы больш паспяваюць зрабіць на ўроку.

— Якая сістэма склалася ў гімназіі па рабоце з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі?
— У праграме развіцця гімназіі, што распрацавана на 2011—2015 гады, мы вызначылі асобны кірунак па рабоце з адоранымі дзецьмі і стварылі спецыяльную праграму пад назвай “Інтэлектуал”. Згодна з гэтай праграмай, мы імкнуліся выбудаваць сваю сістэму работы. Пачынаючы з другога класа мы запрашаем дзяцей у Міжнародны інтэрнэт-праект, які называецца “Эрудыт-марафон”, дзе яны групамі могуць удзельнічаць у спаборніцтвах па розных прадметах. Звычайна ў 2—4 класах дзеці спрабуюць свае сілы па трох-чатырох прадметах. Пасля заканчэння чацвёртага класа яны вызначаюцца, па якім прадмеце будуць працаваць у далейшым. Гэта наша першая адметнасць. Вялікую ролю тут адыгрывае размеркаванне гадзін факультатыўных заняткаў. Першапачаткова мы плануем факультатыўныя заняткі так, каб кожны высокаматываваны навучэнец, які ўдзельнічае ў прадметнай алімпіядзе, мог займацца ў выбраным напрамку і на факультатыве. І калі дзіця дало вынік на раёне, мы выдзяляем адну гадзіну на тыдзень на падрыхтоўку да наступнага этапу, на вобласці — дзве гадзіны, на рэспубліцы — нават тры-чатыры гадзіны. Акрамя таго, яшчэ адной адметнасцю з’яўляецца работа ў камандзе. Гэта значыць, калі ў нас чатыры навучэнцы выдатна займаюцца па матэматыцы і заняткі ў іх вядуць розныя настаўнікі, то адзін раз на тыдзень на працягу навучальнага года і ў перыяд усіх канікул яны наведваюць заняткі, якія праводзяць настаўнікі адначасова з усімі дзецьмі ў межах школы алімпіяднага рэзерву “Малая акадэмія навук”. Непасрэдна перад алімпіядай мы імкнёмся стварыць умовы і складаем расклад вучэбных заняткаў так, каб дзіця мела магчымасць займацца прадметам да 10 гадзін на тыдзень. І калі з 5 па 11 клас вучань займаецца толькі адным прадметам, тады ён поўнасцю пагружаецца ў яго.
У дзевяці вучэбных кабінетах гімназіі ўстаноўлены персанальныя камп’ютары, дзейнічае лакальная сетка і кожнае дзіця, якое рыхтуецца да алімпіяды, мае свабодны выхад у інтэрнэт. Да работы па падрыхтоўцы да алімпіяд мы далучаем выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў.
Акрамя таго, у нас спланавана метадычная работа з педагогамі. За мінулы год з 12 настаўнікаў, якія працавалі з высокаматываванымі дзецьмі менавіта па падрыхтоўцы да рэспубліканскіх алімпіяд, 6 прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі на платнай аснове (дарэчы, у калектыўны дагавор унесена аплата курсаў павышэння кваліфікацыі сродкамі прафсаюзаў). Усё гэта дазваляе дасягнуць пэўных вынікаў.
Калі мы бачым, што дзіця не дае выніку на алімпіядзе, то імкнёмся накіраваць яго на інтэрнэт-алімпіяды, якія-небудзь групавыя спаборніцтвы. Так, мы заключылі дамоўленасць з Вяземскім філіялам Маскоўскага дзяржаўнага індустрыяльнага ўніверсітэта, які арганізуе міжнародную алімпіяду, дзе нашы навучэнцы могуць прымаць удзел.

— Генадзь Мікалаевіч, наколькі мне вядома, у гімназіі апошнія гады вялася работа па стварэнні мадэлі комплекснага суправаджэння індывідуальнага развіцця высокаматываваных навучэнцаў”. Што падштурхнула да рэалізацыі гэтага праекта? У чым яго сутнасць?
— Праект быў распрацаваны невыпадкова. Сама яго назва “Укараненне мадэлі комплекснага суправаджэння індывідуальнага развіцця высокаматываваных навучэнцаў” мае на ўвазе работу з адоранымі дзецьмі. За апошнія гады ў сацыяльным жыцці грамадства адбыліся значныя змены, якія запатрабавалі выхаванне асобы, функцыянальна граматнай і метадалагічна кампетэнтнай, якая валодае інфармацыйнымі тэхналогіямі, здольна адаптавацца да навакольнага свету, да аналізу і самааналізу, да ўсвядомленага выбару і адказнасці за яго. У нашым выпадку — выхаванне сельскага школьніка. Асноўным напрамкам гэтага праекта з’яўляецца стварэнне адукацыйнай сістэмы, якая дазваляе атрымаць якасную дадатковую адукацыю высокага ўзроўню, псіхалагічнае суправаджэнне, павышэнне агульнакультурнага ўзроўню сельскіх школьнікаў, папулярызацыі шостага школьнага дня праз вучэбны працэс.

— Раскажыце, калі ласка, як праект рэалізуецца на практыцы?
— Праект уключае ў сябе некалькі адукацыйных галін. Першая галіна — вучэбная. Былі ўзяты чатыры вучэбныя прадметы: гісторыя, руская і беларуская мова, матэматыка (тры прадметы, па якіх вучні здаюць экзамен пры паступленні ў гімназію) і гісторыя (бо краязнаўства ў сяле — адзін з вядучых напрамкаў работы).
Вучэбная галіна ўключае ў сябе складанне, выкананне і распрацоўку тэставых заданняў па вучэбных прадметах. Гэта былое апераджальнае навучанне (гэта значыць, кожны настаўнік у першым паўгоддзі прадастаўляе 100 элементарных камп’ютарных тэстаў, якія ўключаюць у сябе 50 пытанняў за папярэдні год навучання і 50 пытанняў першага паўгоддзя). Такім чынам, на працягу першага паўгоддзя навучэнцы паўтараюць праграму, якую ўжо засвоілі, а таксама маюць магчымасць вывучаць пэўныя тэмы самастойна. Да кожнага тэста прадугледжаны метадычныя рэкамендацыі. У другім паўгоддзі 50 тэстаў мінулага года прымаюцца і застаюцца 50 тэстаў першага паўгоддзя, і дадаюцца 50 тэстаў другога паўгоддзя. Атрымліваецца відавочны вынік: у нас сабраны вялікі банк тэставых заданняў пачынаючы з пятага класа. Гэта вялікі плюс для настаўнікаў у плане наяўнасці электронных сродкаў навучання. Праўда, адна ўмова: тэст дзіця можа зрабіць толькі ў шосты школьны дзень. Акрамя таго, каб атрымаць бонусы ў сваю скарбонку, дзеці могуць далучаць да работы бацькоў. Натуральна, што бацькі вучняў 5—7 класаў з вялікай актыўнасцю адгукаюцца на прапановы. Такім чынам, усе нашы дзеці загадзя зматываваны на шосты школьны дзень, адну гадзіну якога яны затрачваюць на тое, каб зрабіць тэст.
З пункта гледжання методыкі, праект таксама мае перавагі. Кожны настаўнік, які працуе ў праекце, праводзіць па тры адкрытыя ўрокі за ўвесь год. І атрымліваецца, калі ў нас у праекце задзейнічаны 6 настаўнікаў, то напрыканцы года мы можам бачыць 18 урокаў, якія можна накіраваць у друк (у нас высокі працэнт публікацый педагогаў). Таксама мы выдаём метадычныя веснікі гімназіі і папаўняем яе метадычную скарбонку. Так, вынікам правядзення настаўнікамі ўрокаў з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій стаў відэафільм “Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе гімназіі”.
Другі напрамак — выхаваўчы. У ім задзейнічаны класныя кіраўнікі і педагогі эстэтычнага напрамку. Тут ёсць адна ўмова: пасля выканання тэста дзеці павінны прыняць удзел у якім-небудзь выхаваўчым ці фізкультурна-аздараўленчым мерапрыемстве. Усе класныя кіраўнікі распрацоўваюць план мерапрыемстваў на навучальны год і такім чынам атрымліваецца, што сістэма выхаваўчай работы ідзе побач з вучэбнай. Перавага яшчэ ў тым, што распрацоўваюцца тэматычныя сцэнарыі, у якіх задзейнічаны адразу некалькі класаў.
Вялікае значэнне ў праекце надаецца даследчай рабоце — гэта трэці напрамак. Сам праект мы назвалі “СТО”. Чаму? Таму што навучэнцам прапануецца сто тэстаў на навучальны год, бяруцца і разглядаюцца сто вялікіх матэматыкаў або сто вялікіх падарожнікаў. І па гэтым выхаваўчым праекце дзеці працуюць: збіраюць матэрыял і афармляюць яго ў выглядзе рэфератаў, дакладаў, прэзентацый, паведамленняў. Для таго каб цікавасць навучэнцаў не знізілася, мы праводзім два разы на год гульню “Свая гульня” — аналаг тэлевізійнай гульні, і па пэўнай тэме дзеці спаборнічаюць паміж сабой. Так развіваюцца даследчыя і інтэлектуальныя навыкі гімназістаў.
За тры гады мы прыйшлі да таго, што сталі браць тэмы, якія тычацца краязнаўства (“Сто вялікіх мясцін Лошніцы” ці “Сто вялікіх мясцін Барысаўскага раёна”). Гэты даследчы напрамак дае школьнікам магчымасць удзельнічаць у вучэбных дыстанцыйных алімпіядах і конкурсах. У ім задзейнічаны 72% дзяцей. Асаблівым поспехам карыстаецца міжнародная дыстанцыйная вучэбная алімпіяда па розных прадметах. У мінулым годзе на ёй нашы дзеці атрымалі 2 дыпломы: па матэматыцы (кіраўнік Наталля Пятроўна Ляпленка) і геаграфіі (кіраўнік Лілія Іванаўна Дзерваед). Што тычыцца інтэрактыўнасці, то ёсць такое паняцце, як “інтэрнэт-карусель”, — гэта ўдзел навучэнцаў у алімпіядах у анлайн-рэжыме. Гэта мы таксама практыкуем. Навучэнцам даецца магчымасць бачыць сябе ў рэйтынгу сярод навучэнцаў гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі. І калі, напрыклад, дзіця займае 1310 месца сярод некалькіх тысяч удзельнікаў, то ў яго ўзрастае самаацэнка, павышаецца матывацыя. А ў нас ёсць магчымасць накіраваць гэтых дзяцей у алімпіядны рух.
Адчувальным вынікам работы па праекце стала тое, што мы ўсе свае напрацоўкі прывялі ў сістэму. Настаўнікі напрыканцы года пішуць справаздачу аб удзеле ў праекце, куды прыкладаюць распрацаваныя электронныя і метадычныя матэрыялы. Калі ўступіла ў сілу новая інструкцыя па атэстацыі педагагічных работнікаў, для нашых настаўнікаў гэта шокам не было, бо большая частка педагогаў узяла ў якасці абагульнення вопыту работу па рэалізацыі праекта. Тыя, хто пацвярджае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, свой вопыт трансліруе далей. Дзякуючы гэтаму праекту настаўнікі спланавалі сваю работу, а дзеці разумеюць, што выхаваўчая і вучэбная работа — гэта адзінае цэлае.

— Генадзь Мікалаевіч, якой вам бачыцца ваша гімназія ў будучым? Якія праекты хацелася б рэалізаваць у далейшым?
— Вельмі хочацца каб гімназія засталася сельскай установай адукацыі для дзяцей Барысаўскага раёна і каб яе імідж з году ў год толькі ўмацоўваўся. Няхай яна памножыць дасягненні, традыцыі і ўзровень ведаў, атрыманы нашымі навучэнцамі. Няхай яна будзе высокатэхналагічнай.
Мы сёлета адкрываем новы педагагічны праект “Удасканаленне сістэмы метадычнай работы праз стварэнне яе шматузроўневай мадэлі”. Мы хацелі б, каб уся наша работа будавалася на пэўных узроўнях: першы ўзровень — індывідуальная работа з педагогамі, якую мы праводзім; другі — работа структурных метадычных фарміраванняў; трэці — работа цэнтра метадычных інавацый. Дарэчы, цэнтр метадычных інавацый працуе ўжо другі год. Ім кіруе Аксана Уладзіміраўна Якіменка, якая на базе гэтага новага структурнага падраздзялення адкрыла цьютарскі цэнтр, дзе абагульняецца вопыт работы педагогаў і потым перадаецца ў друк. Адным словам, цэнтр дазваляе настаўнікам, якія дасягнулі пэўнага метадычнага ўзроўню, публікавацца.
Педагагічны праект мы адкрываем на тры гады і будзем спадзявацца, што вынікам яго стане стварэнне сеткавай метадычнай супольнасці педагогаў Міншчыны.

— Вялікі дзякуй за гутарку. Поспехаў вам у рэалізацыі планаў!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара і з архіва гімназіі.