Кожнаму — занятак па душы

- 13:41Навіны рэгіёнаў

Летні адпачынак вучняў — гэта перш за ўсё іх занятасць. Таму вельмі важна прадаставіць кожнаму навучэнцу справу па душы. Такім прынцыпам кіруюцца пры арганізацыі летняга аздараўлення ў Абласным цэнтры творчасці.

Улетку ў гэтай навучальнай установе функцыянуюць разнастайныя аздараўленчыя лагеры. Іх функцыянаванне арганізуецца з улікам узросту і захапленняў навучэнцаў. Так, у чэрвені ў АЦТ дзейнічаў летнік з дзённым знаходжаннем “Новы Свет — Аква”, у якім якасна аздаравіліся 119 дзяцей. Дзяўчынкі і хлопчыкі, якія яго наведвалі, не толькі паўнавартасна адпачывалі, але і актыўна развіваліся. Для пашырэння практычнага вопыту, развіцця творчага патэнцыялу, фарміравання новых уменняў і навыкаў для дзяцей рэгулярна ладзіліся рознабаковыя культурныя, спартыўныя, патрыятычныя мерапрыемствы, арганізоўваліся пешыя экскурсіі, працавалі аб’яднанні па інта­рэсах.

Напрыканцы ліпеня Абласны цэнтр творчасці арганізаваў традыцыйны турыс­тычны летнік “Гарызонт”. Сёлета гэты перасовачны палатачны лагер аб’яднаў 20 хлопцаў і дзяўчат. За дзевяць дзён разам з выхавальнікамі яны здзейснілі паход па маршруце Благавічы — Атражжа — Удоўск — Самулкі — Цёмналессе — Драчкова — Красніца — вадасховішча Рудэя — Прыазёрная — Рудэя.

— На тэрыторыі нашага летніка быў усталяваны сапраўдны скальны трэнажор, які дазволіў навучэнцам праводзіць паўнавартасныя трэніроўкі. Вялікую цікавасць у дзяцей выклікала наведванне экалагічнай сцежкі, якое было прымеркавана да рэспубліканскай ініцыятывы “Экалагічнае асяроддзе”. Падчас паходу па маршруце хлопцы і дзяўчаты даведаліся шмат новага. Замацаваць атрыманыя веды дапамагла экалагічная віктарына “Лясная мазаіка”. Завяршыўся наш экадзень чаяваннем. Але чай быў не звычайны, а завараны з самастойна сабраных раслін. Усе дзеці ў адзін голас заявілі, што гэта быў самы смачны чай, які яны калі-небудзь каштавалі! Галоўным рытуалам дзевяцідзённай змены стала турыстычная лазня. Усталёўвалі лазню абсалютна ўсе. Хлопчыкі разам з выхавальнікамі разбілі для яе палатку, абсталявалі вогнішча, абклалі яго камянямі, актыўна насілі ваду. Дзяўчынкі збіралі лекавыя расліны і травы, заварвалі адвары, якія выкарыстоўвалі пры купанні. Такім чынам, наведванне лазні стала для дзяцей магчымасцю добра загартавацца і аздаравіцца. Наогул, за час адпачынку ўдзельнікі лагера авалодалі рознымі турыстычнымі навыкамі, навучыліся гатаваць ежу ў палявых умовах, распальваць вогнішча, арыентавацца на мясцовасці, аказваць першую медыцынскую дапамогу і, што асабліва важна, працаваць у камандзе, — расказала намеснік дырэктара Абласнога цэнтра творчасці па турыстычна-краязнаўчым напрамку Г.У.Загрышава.

Весела і цікава право­дзяць летнія дні і тыя дзеці, якія выбралі для аздараўлення падуласны АЦТ летнік з кругласутачным знаходжаннем “Крыніца”. Тэрыторыя гэтага лагера, які размясціўся ў лясным масіве бліз вёскі Заходы Шклоўскага раёна, зараз пастаянна напоўнена звонкімі дзіцячымі галасамі. Дзеці з задавальненнем прымаюць ­удзел у шматлікіх лагерных мерапрыемствах. Сумаваць не прыходзіцца нікому, бо любы дзень тут насычаны падзеямі. Спартыўныя спаборніцтвы, творчыя конкурсы, інтэлектуальныя гульні — занятак па душы ў “Крыніцы” таксама знаходзіць кожны.

— Сёлета ў лагеры “Крыніца” прадугледжаны тры змены і плануецца аздаравіць 600 хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй Магілёўскай вобласці. Змены доўжацца па васямнаццаць дзён. Значна, што кожная з іх тэматычная. Напрыклад, нашы выхавальнікі рэалізоўвалі творчы праект “Зямля герояў”. Дзеці даведваліся аб беларусах, якія здзейснілі сапраўдныя подзвігі, імкнуліся быць падобнымі да іх. Мы спрабавалі данесці да іх і тое, што героем можа стаць кожны. Штодня ў летніку праходзілі разнастайныя мерапрыемствы, дзе дзеці маглі праявіць свае здольнасці і стаць героямі дня, — адзначыла намеснік дырэктара АЦТ па выхаваўчай рабоце С.В.Рыськова.

Па яе словах, праграма работы летніка “Крыніца” прадугледжвае ўсебаковае развіццё дзяцей. Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці з’яўляецца фарміраванне ў выхаванцаў здаровага ладу жыцця. Для гэтага ў расклад летніка ўключаны штодзённыя спартыўныя мерапрыемствы, гульні на свежым паветры. Не менш увагі ўдзяляюць тут і выхаваўчай рабоце. Займальныя конкурсы, агляды, канцэрты далучаюць падлеткаў да творчасці, павышаюць іх духоўную культуру.

— За дзяцей, якія добра адпачылі ў летніках, нам заўсёды дзякуюць бацькі. Праца нашых выхавальнікаў неаднаразова была адзначана на абласным і рэспубліканскім агля­дзе-конкурсе на лепшы аздараўленчы лагер і ўзнагароджана дыпломамі Міністэрства адукацыі. Акрамя таго, лагер “Крыніца” мае прызавы дыплом Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні як лепшы аздараўленчы летнік, — заўважыла Святлана Валянцінаўна.

Адметна, што разнастайныя лагеры — толькі адно са звёнаў у шырокай летняй аздараўленчай кампаніі Абласнога цэнтра творчасці. Улетку ва ўстанове актыўна далуча­юць дзяцей да арганізаванай занятасці. Усе жадаючыя могуць наведваць аб’яднанні па інтарэсах, работа якіх у летні перыяд не спыняецца, стаць удзельнікамі экалагічнага працоўнага атрада “Мурашнік”. А яшчэ педагогі цэнтра заахвочваюць дзяцей да ўдзелу ў розных абласных, рэспубліканскіх, міжнародных мерапрыемствах і конкурсах.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.