Кожная праблема — магчымасць для творчага вырашэння

Думаю, гэтую фразу, што адразу кінулася ў вочы ў кабінеце робататэхнікі STEM-парка сярэдняй школы № 20 Барысава, у поўнай меры можна назваць своеасаблівым дэвізам навучэнцаў і педагогаў. Дзейнасць школьнага STEM-парка накіравана на фарміраванне матывуючага інтэрактыўнага асяроддзя, прыцягненне школьнікаў у тэхнічную творчасць, інжынерную і навуковую дзейнасць, падтрымку іх асобаснага і прафесійнага самавызначэння, а ў перспектыве — стварэнне STEM-супольнасці беларускіх школ.

— Ідэя стварэння школьнага STEM-парка належыць дырэктару школы Марыне Савянок, якая з’яўляецца галоўным натхняльнікам і рухавіком усяго таго, што адбываецца. Менавіта яна генерыруе большасць ідэй і разам мы ператвараем іх у жыццё, — расказвае каардынатар праекта “Школьны STEM-парк” настаўніца матэматыкі Ірына Адамовіч. — Чаму мы звярнуліся менавіта да STEM-адукацыі? Сёння большасць выпускнікоў школ не маюць дастатковага ўзроўню ведаў і навыкаў у галіне дакладных навук, не ўсведамляюць іх значнасці, зніжаецца цікавасць да даследчай дзейнасці, да матывацыі ў выбары інжынерных прафесій, у той час як дзяржава адчувае патрэбу ў ІТ-спецыялістах, даследчыках, інаватарах. Так, па ацэнках экспертаў, у найбліжэйшай будучыні з 10 спецыяльнасцей, якія маюць высокі ўзровень росту, 9 будуць патрабаваць STEM-ведаў. А STEM-адукацыя — гэта аб’яднанне навук (Science, technology, engineering, math), накіраванае на развіццё новых тэхналогій, на інавацыйнае мысленне, на забеспячэнне патрэбы ў добра падрыхтаваных інжынерных кадрах. Гэтае навучанне аб’ядноўвае ў сабе міждысцыплінарны і праектны падыход, асновай для якога становіцца інтэграцыя прыродазнаўчых навук у тэхналогіі, інжынерную творчасць і матэматыку. Навучэнцы ўцягваюцца ў вывучэнне дакладных навук праз рашэнне задач практычнага зместу.

А пачыналася ўсё некалькі гадоў назад з NET-клуба, які паступова рэарганізаваўся ў лабараторыю беспілотных лятальных апаратаў. Настаўніца матэматыкі Марына Чамеза прайшла курсы па Scratch-праграмаванні ў Парку высокіх тэхналогій і гатова была перадаць свае веды школьнікам. Акрамя таго, у школу завітаў валанцёр з кампаніі EPAM Systems Павел Бельскі, які прынёс першы робататэхнічны набор ва ўстанову і арганізаваў бясплатныя заняткі з навучэнцамі, якія ўпершыню прынялі ўдзел у робатурніры. Усе гэтыя акалічнасці і сталі штуршком для рэалізацыі больш маштабнага праекта, які аб’яднаў 11 настаўнікаў і звыш 220 навучэнцаў з 1 па 10 клас.

З 1 верасня мінулага года ў STЕM-парку пачалі працаваць пяць лабараторый. Дзеці вывучаюць LEGO-канструяванне, робататэхніку, праграмаванне (Scratch — праграмаванне для малодшых школьнікаў, праграмаванне на мове Piton — для старшакласнікаў), кіраванне беспілотнымі лятальнымі апаратамі, медыятэхналогіі. І ўсё гэта на бясплатнай аснове!

Заняткі STEM — вельмі захапляльныя і дынамічныя, у чым мне давялося пераканацца. Яны праводзяцца і ў шосты школьны дзень, і ў вольны ад вучобы час. Звычайна заняткі доўжацца дзве гадзіны, але навучэнцы не заўважаюць, як праходзіць час, і зусім не стамляюцца. Будуючы машыны, масты, ракеты, небаскробы, ствараючы свае электронныя гульні, фабрыкі, лагістычныя сеткі, школьнікі праяўляюць усё большую цікавасць да навукі і тэхнікі. Праграмы разлічаны на павышэнне ў дзяцей цікавасці да вучэбных прадметаў. Напрыклад, на ўроках фізікі школьнікі вывучаюць сілу прыцяжэння Зямлі, тлумачаць яе формуламі на дошцы, а на занятках STEM, будуючы і запускаючы парашуты, ракеты ці аэрапланы, замацоўваюць свае веды. Дзецям не заўсёды лёгка ўдаецца зразумець пэўныя паняцці ці тэрміны, якія яны не чуюць ці не бачаць, напрыклад, ціск або пашырэнне аб’ёму з-за павышэння тэмпературы. На занятках STEM навучэнцы праводзяць захапляльныя эксперыменты, могуць лёгка зразумець гэтыя тэрміны.

Настаўнік фізікі Канстанцін Зайцаў праводзіць заняткі па робататэхніцы для навучэнцаў 5—7 класаў. Пад яго кіраўніцтвам школьнікі прывезлі з VI Рэспубліканскага робатурніру дыпломы І ступені і сталі абсалютнымі чэмпіёнамі ў раздзеле “Робафутбол”.

— Наведваючы заняткі, вучні набываюць канструктарскія здольнасці, асвойваюць праграмаванне, — заўважае настаўнік. — Мы ішлі ад простага да складанага: спачатку займаліся прыкладной робататэхнікай — збіралі мадэлі па меры таго, як вывучалі пэўныя раздзелы, тэмы, а потым упор рабілі на спаборніцкую робататэхніку. Зразумела, каб быць паспяховым у робататэхніцы, трэба на дастатковым узроўні захапляцца фізікай. Яна вывучаецца з 7 класа, аднак, каб сабраць тую ці іншую мадэль, неабходна ведаць пэўныя фізічныя законы. Дзеці самастойна вывучаюць сілу цягі, сілу трэння, імпульс, на дошцы малююць табліцы, улічваюць усе складнікі, звязаныя з фізікай, для таго каб удасканаліць сваю мадэль і зрабіць яе лепшай. Усе базавыя фізічныя велічыні, формулы асвойваюць яшчэ да 7 класа. Часта, калі мы вывучаем тэмы, звязаныя з рухам, навучэнцы прыносяць свае мадэлі, паказваюць, як рухаецца робат, вымяраюць хуткасць, пройдзены шлях і г.д. Калі ўзнікаюць пэўныя пытанні, прапаноўваюць сваю дапамогу таварышам.

Настаўніца пачатковых класаў Надзея Пракопчык, якая прайшла дыстанцыйныя курсы Нацыянальнага інстытута адукацыі па Scratch-праграмаванні, займаецца з навучэнцамі 1—4 класаў.

— Дзецям вельмі падабаецца самім ствараць гульні і потым у іх жа і гуляць. Самыя маленькія займаюцца анімацыяй, старэйшыя ствараюць камп’ютарныя гульні. Гэта вучыць іх працаваць у камандзе: яны размяркоўваюць абавязкі, слухаюць адно аднаго, дамаўляюцца, — тлумачыць педагог. — На ўроках матэматыкі відаць, што дзеці хутчэй думаюць, у іх больш развіта логіка і мысленне. Акрамя таго, асяроддзе Scratch актыўна выкарыстоўваю для стварэння трэнажораў, з якімі навучэнцы працуюць дома (“перавернуты клас” ) і ў класе, а таксама прымяняю гатовыя распрацоўкі калег. Напрыклад, па тэме “Задачы на рух”, якая складана даецца дзецям. У гульні яны незаўважна для сябе асвойваюць складаны матэрыял.

У навучання ў STЕM-парку ёсць шмат “фішак”: клубная атмасфера, камандная работа, арганізацыя сустрэч з прадстаўнікамі ІТ-галіны, экскурсіі ў Парк высокіх тэхналогій і ІТ-кампаніі, удзел у ІТ-лагерах, робатурнірах, конкурсах па Sсrаtсh-праграмаванні, кіраванні беспілотнымі лятальнымі апаратамі і г.д. Так, у лютым быў праведзены адкрыты конкурс STEМ_fest_Borіsov, дзе навучэнцы спаборнічалі паміж сабой па ўсіх напрамках лабараторый.

Яшчэ адной асаблівасцю работы лабараторый парка з’яўляецца акцэнт на праектную дзейнасць. І гэта невыпадкова. Праектная дзейнасць дазваляе выключыць неабходнасць пастаянна завучваць інфармацыю. Замест гэтага ў школьнікаў з’яўляецца матывацыя да самастойнага атрымання ведаў, а таксама навык аналізу ўласных ужо атрыманых і пакуль адсутных ведаў. Запускаюцца працэсы мыслення, фарміруюцца метапрадметныя кампетэнцыі. Навучэнцы займаюць актыўную пазіцыю, вызначаючы задачы і адказваючы на выклікі. Калі яны бачаць, што вынікі работы значныя, то гэта прыносіць дзецям задавальненне і стымул працаваць далей. Усё гэта ўплывае і на педагогаў. Яны па-іншаму пачынаюць весці свае ўрокі.

У STEM-парку сфарміравана зладжаная каманда настаўнікаў, вельмі захопленых і неабыякавых. Яны не толькі выкладаюць прадметы, але і адначасова працуюць педагогамі дадатковай адукацыі. Так, Scratch выкладаюць настаўніца пачатковых класаў Надзея Пракопчык, настаўніцы матэматыкі Марына Чамеза і Вольга Даманчук, настаўнік гісторыі Вячаслаў Капытоў. Робататэхнікай займаюцца настаўніца пачатковых класаў Святлана Якушэвіч, настаўнік фізікі Канстанцін Зайцаў, LEGO-канструяваннем — Юлія Алесіна, беспілотнымі лятальнымі апаратамі — настаўнік інфарматыкі Мікалай Собаль, мовай праграмавання Piton — настаўніца інфарматыкі Ірына Чубіс. Ім сапраўды падабаецца тое, чым яны займаюцца, бо калі чалавеку штосьці нецікава, то ён гэтага рабіць не будзе.

Медыялабараторыяй у парку кіруе настаўніца па асновах бяспекі жыццядзейнасці Вольга Радзіёнава. Яе заняткі наведваюць вучні 6—10 класаў. Як правіла, у гэтую лабараторыю прыцягваюцца дзеці з нядобранадзейных сем’яў.

— Мы займаемся вывучэннем праграм па стварэнні відэаролікаў. Зараз працуем над ролікам навін, матэрыялы для якога збіраліся на працягу навучальнага года. Вучым дзяцей быць вядучымі, аператарамі, мантажорамі; умець гаварыць, адчуваць сябе свабоднымі ў медыяпрасторы. Зараз у лабараторыі наладжана супрацоўніцтва з мясцовым тэлеканалам “Скіф”, — гаворыць Вольга Валянцінаўна. — Усё гэта рыхтуе навучэнцаў да дарослага жыцця. Магчыма, хтосьці знойдзе сябе ў межах названых прафесій. Нават калі гэта будзе не так, выпускнікі змогуць адчуваць сябе свабодна на прасторах інтэрнэту, у зносінах з людзьмі.

Свае праекты дзеці прадстаўляюць на справаздачных канферэнцыях, куды запрашаюцца эксперты — спецыялісты з ІТ-галіны. Яны задаюць навучэнцам пытанні па змесце праектаў, праводзяць ацэнку вынікаў. Школьнікі вучацца дакладна, упэўнена і доказна адказваць. Кіраўнікі лабараторый на абароне праектаў імкнуцца ствараць умовы, набліжаныя да прэзентацыі стартапаў, і задаваць пытанні з пазіцыі інвестараў і спонсараў.

Як расказала Ірына Адамовіч, у дзейнасці лабараторый выкарыстоўваюцца наступныя фарматы запуску праекта: пробны праект, праект у межах лабараторыі, хакатон, лагерная змена, праектны тыдзень. Пробны праект — першае паглыбленне ў праектную дзейнасць. Рэалізоўваецца ён у межах арыентацыйнай сесіі ў пачатку навучальнага года. Дзіця спрабуе свае сілы, магчыма, па некалькіх профілях адначасова, свядома робіць выбар на карысць таго ці іншага напрамку. Хакатон уяўляе вельмі інтэнсіўную, але кароткатэрміновую (на працягу аднаго-двух дзён) работу над праектам. Правядзенне хакатона намечана на наступны навучальны год. Наступны фармат — праектны тыдзень. Так, у школьным STEM-парку праходзіць тыдзень крэатыву, на працягу якога навучэнцы кожны дзень працуюць над некалькімі праектамі, аб’яднанымі пэўнай тэматыкай. Напрыклад, пад кіраўніцтвам кіраўніка LEGO-лабараторыі Юліі Алесінай быў рэалізаваны праект па казцы К.Чукоўскага “Муха-Цакатуха”, у якім арганічна перапляліся навука, тэхналогіі, матэматыка, інжынерыя і мастацтва.

З 4 па 27 чэрвеня ў школе працуе тэматычная лагерная ІТ-змена, якая прадугледжвае штодзённую работу навучэнцаў у камандзе (па 4—6 чалавек у кожнай). Агульная тэма — “Ствары свой свет Minecraft”. Акрамя работы над праектам, для дзяцей праводзяцца заняткі па камандаўтварэнні, прадугледжаны воркшопы па развіцці крэатыўнасці, майстар-класы ад ІТ-спецыялістаў, арт-майстэрні, экскурсіі, арганізоўваюцца гульні, логік-батлы, квесты. Адным словам, сумаваць навучэнцам не даводзіцца.

Зараз STEM-парк знаходзіцца на этапе развіцця. Актыўна пашыраецца яго інфраструктура: абсталёўваюцца тэматычная лабараторыя, зона каворкінгу, распрацоўваюцца ідэі праектнай лабараторыі і г.д.

— У нас вельмі вялікія амбіцыйныя планы. Мы хочам адкрыць лабараторыю 3D-мадэлявання і прататыпавання, абсталяваць яе 3D-прынтарам. Гэтая лабараторыя дазволіць дзецям больш якасна рэалізоўваць свае праекты, напрыклад, ствараць вузлы для беспілотнікаў. Мы марым пра паяльную ўстаноўку, — адзначае Ірына Адамовіч. — Таксама мы хочам распрацаваць больш праектаў, дзе інжынерная творчасць спалучаецца з мастацтвам. Плануем прыцягнуць як мага больш навучэнцаў, педагогаў і выйсці на вышэйшы ўзровень.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *