Кожная субота — на асаблівым рахунку. Расказваем пра яркія праекты шостага дня ў школе № 12 Светлагорска

- 16:24Образование, Приложение, Шестой день

Гэтая школа самая маладая ў горадзе і самая вялікая па колькасці навучэнцаў: тут атрымліваюць веды 1058 юных светлагорцаў. Установа прасторная, кожны кабінет аформлены ў сваім стылі і абсталяваны інтэрактыўнымі дошкамі, ёсць уласны басейн, а таксама інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр.

Юны, ды ўжо акула пяра

Літаральна адразу ўвагу прыкоўвае стэнд, на якім размешчана школьная газета: юныя журналісты знаёмяць з самымі значнымі і яркімі школьнымі падзеямі.

— У нас арганізаваны 2 гурткі журналістыкі, — расказвае намеснік па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 12 Наталля Марчанка. — І яны зладжана працуюць: адны дзеці займаюцца вёрсткай, другія ствара­юць кантэнт: праводзяць інтэрв’ю, апытанні, напаўняюць газету ўнікальнымі і зай­мальнымі матэрыяламі. Якраз на гэтую суботу творчая моладзь з 6—8 класаў рыхтуе порцыю свежых навін.

Работа над паласой у класе кіпіць, дзеці прызнаюцца, што ім у радасць пасядзець за камп’ютарам, тым больш у вясёлай кампаніі аднакласнікаў.

— Я не лянуюся з раніцы ісці ў школу, хутчэй наадварот, спяшаюся ў клас, мне падабаецца займацца любімай справай і прапаноўваць арыгінальныя ідэі, — прызнаецца сямікласнік.

Мідый, калі ласка

У кампаніі Наталлі Пятроўны мяняем лакацыю камп’ютарнага класа на экалагічны комплекс, ля парога “блакітнага” пакоя нас сустракаюць не толькі навучэнцы, але і насельнікі дна рачнога. Па перыметры кабінета расстаўлены вялікія акварыумы, сярод прэснаводных можна заўважыць маленькіх чорных сомікаў і вялікую драпежніцу — рыбу-нож, якая сілкуецца мідыямі.

— А вось плыве Карына, цёмненькі з палоскай — гэта Цімафей, крыху далей Вольга, а вось гэтая ружовенькая — гэта я, — знаёміць з яркімі маленькімі рыбкамі пяцікласніца Таццяна.

Няцяжка здагадацца, што ўсе насельнікі названы ў гонар аднакласнікаў. Як аказалася, нават у жабы з “блакітнага” пакоя ёсць імя.

— У 10 акварыумах знаходзіцца больш за 30 відаў рыб. Акрамя таго, у нас жывуць слімакі, крэветкі і чырванавухая чарапаха, якую дзеці назвалі Чэры, — пералічвае педагог дадатковай адукацыі Наталля Лось. — Самыя папулярныя сярод рыб — скалярыі, дзецям яны нагадваюць анёлаў з-за асаб­лівых брушных плаўнікоў. Назі­раць за імі навучэнцы прыхо­дзяць нават на перапынках. Ва ўсіх дзяцей ёсць свае любімыя лакацыі ў кабінеце: адны прыхо­дзяць дзеля жабы, іншыя — каб патрымаць у руках чарапаху.

Акрамя “блакітнага” пакоя, у школе функцыянуе “зялёны”, і на базе абодвух рэалiзоўваюцца заняткі “Зялёная школа”.

— У “зялёным” пакoi праводзяцца заняткі па рэлаксацыі: на адмысловых кілімах можна прылегчы, адпачыць пад спакойную музыку. Такія перапынкі часцей практыкуюцца для вучняў першай ступені навучання, — працягвае Наталля Марчанка. — Растлумачу чаму. Справа ў тым, што зараз вельмі шмат гіперактыўных дзяцей, таму добра, што ў iх ёсць магчымасць пры неабходнасці супакоіць сваю нервовую сістэму.

Фізкульт-ура!

Па словах спецыяліста, суботнія заняткі і дзеці, і бацькі сустракаюць на ўра. Напрыклад, хлопцы з задавальненнем наведва­юць вайсковую часць, галерэю марскога флоту. Сярод дарослых самыя папулярныя тыя суботы, якія прысвечаны здароваму ладу жыцця.

— Каб выявiць таленты ў спорце, у пачатку года сумесна з ДЮСШ праводзяцца малыя алімпійскія школьныя гульні, а заканчваецца навучальны год вялікім турыстычным злётам на беразе ракі Бярэзіны, — успамінаючы яркія моманты школьных субот, расказвае суразмоўніца. — Часта праводзім сяброўскія сустрэчы паміж педагогамі і старшакласнікамі, бацькамі і дзецьмі, гульні ў валейбол. Дарэчы, перамога не заўсёды на баку дарослых. Гэтай зімой ва ўдзельнікаў мерапрыемстваў атрымаліся цудоўныя фігуры са снегу — гэта трэба было бачыць! Не стамлюся захапляцца багатай фантазіяй дарослых. Уявіце: каб машына са снегу выглядала больш рэалістычна, яны загадзя вырабілі фары, афарбаваўшы ў яркі колер ледзяныя шары. Школа заўсёды дружна і весела сустракае Масленіцу, бліны пякуць усе: і мамы, і дырэктар. А якія радасныя ў гэты момант дзеці, ім за шчасце пакаштаваць салодкія блінцы і чай з самавара.

Шосты школьны дзень у сярэдняй школе № 12 Светлагорска заўсёды тэматычны: першая субота прысвечана грамадзянскаму і патрыятычнаму, духоўна-маральнаму выхаванню, другая — прапагандзе здаровага ладу жыцця, трэцяя — працоўнаму выхаванню і прафесійнай арыентацыі, узаемадзеянню з сям’ёй, чацвёртая — правядзенню мерапрыемстваў па ЗЛЖ, у пятую суботу ўвага ўдзяляецца традыцыям, поспехам і дасягненням у культурным жыцці навучэнцаў.

Педагогі імкнуцца разнастаіць кожны шосты школьны дзень. Напрыклад, навучэнцы не раз станавіліся гасцямі горадаўтваральных прадпрыемстваў — ААТ “Светлагорскі ЦКК”, ААТ “СветлагорскХімвалакно”, фінансавыя веды падцягнулі ў адным з аддзяленняў банка.

Папулярны праект — кар’ерны стартап. Яго праводзяць сярод вучняў 8-х класаў. Раз на месяц васьмікласнікаў знаёмяць з прадстаўнікамі розных прафесій. Актыўнасць і зацікаўленасць праяўляюць і бацькі выхаванцаў. У гасцях пабывалі ўжо майстар пазногцевага сэрвісу, візажыст, цырульнік.

— Акрамя таго, нашы маладыя спе­цыялісты, якія сёлета папоўнілі штат, расказалі дзецям аб прафесіі настаўніка, — дадае Наталля Марчанка. — Папулярныя ў нас і практычныя заняткі, якія праводзяць бацькі для вучняў першай ступені навучання. Дарэчы, іх сумесныя творчыя работы ўпрыгожваюць калідоры ўстановы. Дапамагае бацькам у вырашэнні педагагічных праблем бацькоўскі ўніверсітэт. Тут важна прыцягнуць сям’ю да жыцця школы, узгадніць з дарослымі псіхалагічныя падыходы да выхавання дзяцей, а калі спатрэбіцца, то аказаць кваліфікаваную падтрымку ў цяжкіх педагагічных і жыццёвых сітуацыях. Карысныя заняткі праводзяць сацыяльна-псіхалагічная служба і класныя кіраўнікі. Акрамя таго, мы ўзаемадзейнічаем з Праваслаўнай царквой, з намі працуе пробашч парафіі храма святых апосталаў Пятра і Паўла протаіерэй Уладзімір Сямёнаў. Ён часта ўдзельнічае ў занятках бацькоўскага ўніверсітэта, на якіх акцэнт робіцца на духоўным адраджэнні сям’і.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара