“Кожны чалавек павінен сам вызначыцца, па якой дарозе і да якога храма яму ісці”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў апостальскаму нунцыю ў Беларусі Клаўдыа Гуджароці за шчырую пазіцыю адносна краіны. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час сустрэчы з Клаўдыа Гуджароці, якая адбылася ў сувязі з завяршэннем яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі.
Прэзідэнт падкрэсліў: “Афіцыйна і публічна хачу падзякаваць вам за тую місію, якую вы ажыццяўлялі ў Беларусі. Абсалютна шчыра, без усялякай дыпламатыі гавару, што, напэўна, вы лепшы з паслоў Ватыкана”. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўсе паслы Ватыкана працавалі добра.
“Ваша місія была сумленнай, адкрытай, прынцыповай, часам нават не дыпламатычнай, а агульначалавечай. Вы да некаторых пытанняў узаемаадносін Беларусі не толькі з Ватыканам, але і з іншымі дзяржавамі, падыходзілі зыходзячы з інтарэсаў Беларусі, нашага народа. І вось за гэта перш за ўсё я вам удзячны”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў прэзідэнт, у перыяд работы Клаўдыа Гуджароці ў Беларусі зроблена нямала для наладжвання вельмі цесных кантактаў з Ватыканам, з Папам Рымскім. “Хачу вас запэўніць, што мы ад гэтай палітыкі не адыходзім. Калі ў кагосьці там думка, што Лукашэнка пазіцыю мяняе адносна католікаў, Каталіцкай царквы і Ватыкана, гэта абсалютна не так. Гэта поўная бязглуздзіца, — заявіў Прэзідэнт Беларусі. — Мы нічога не мяняем, мы не заігрывалі ні з католікамі, ні з праваслаўнымі, ні з іншымі. Мы праводзілі сумленную, шчырую палітыку”.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: “Частка нашых грамадзян — гэта католікі, гэта вернікі. Гэта прынцыповыя людзі, і я паважаю іх пазіцыю”.
На думку прэзідэнта, кожны чалавек павінен сам вызначыцца, па якой дарозе і да якога храма яму ісці. “Я дваццаць гадоў прытрымліваюся гэтай палітыкі, і так будзе заўсёды. Вы хочаце быць католікам — калі ласка, хочаце праваслаўным — не забаронена. Іўдзейскую, мусульманскую прапаведаваць рэлігію, будызм — калі ласка, мы не супраць. Выбірайце любую, мы ніколі не будзем гэтаму перашкаджаць. Не хочаце ісці ў царкву — не ідзіце. Мы нікога ганяць не будзем і заганяць у царкву не будзем. Чалавек сам павінен вызначыцца”.
Звяртаючыся да апостальскага нунцыя, Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў: “Для вас важна, каб да вас прыйшоў перакананы чалавек, а не проста з выпадку”. “Тут агульначалавечы падыход, вы яго разумелі, вы нас у гэтым плане заўсёды падтрымлівалі”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.