Кожны год па садку

- 11:43Апошнія запісы, Дашкольная адукацыя

“Маленькая краіна” з’явілася на карце горада Гродна. Менавіта так называецца яслі-сад № 107, які адкрыўся ў новым мікрараёне абласнога цэнтра Альшанцы.

Для мікрараёна, які разрастаецца, — гэта вельмі важны аб’ект. Сёння ў Альшанцы пражываюць каля 18 тысяч чалавек. У мінулым годзе былі адкрыты сярэдняя школа і дзіцячы сад. Але для навасёлаў важнай застаецца праблема са свабоднымі месцамі ў дашкольных установах, асабліва калі ўлічваць, што ў перспектыве пражываць у мікрараёне будуць звыш 70 тысяч чалавек. Таму вельмі актуальнымі былі словы старшыні Гродзенскага гарвыканкама Мечыслава Гоя на ўрачыстым адкрыцці ясляў-сада № 107, што сёлета пачнецца будаўніцтва чарговай установы дашкольнай адукацыі. І ўвогуле кожны год у Альшанцы будзе адкрывацца новы дзіцячы сад. Акрамя таго, у мікрараёне пабудуюць яшчэ тры школы.
У новым дзіцячым яслях-садзе створаны неабходныя ўмовы для жыцця 300 дзяцей. 4 групы прымуць малышоў ва ўзросце ад 2 да 3 гадоў, 8 груп — старэйшых дашкольнікаў. Для іх будуць працаваць фізкультурная зала з велатрэнажорамі, музычная і харэаграфічная залы, басейн, кабінет дэфектолага і фізіяпрацэдурны кабінет. Час працы сада вельмі зручны для бацькоў: з сямі гадзін раніцы да сямі гадзін вечара.
На ўрачыстым адкрыцці сада прагучалі словы падзякі будаўнікам з ААТ “Гроднапрамбуд”. За якасную і своечасовую работу яны былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі гарвыканкама, Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў і адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна. Начальнік “Гроднапрамбуда” Абдулвагаб Вагабаў уручыў сімвалічны ключ ад новай установы адукацыі загадчыцы ясляў-сада № 107 Жанне Навіцкай.
Не абышлося наваселле і без падарункаў. Ад Гродзенскага гарвыканкама дзеці атрымалі музычны падарунак — піяніна. Першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская ад кіраўніцтва вобласці перадала сертыфікат на камп’ютары для спецыяльнага класа.
Як паведаміў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Сяргей Ламека, у горадзе зараз будуецца яшчэ два аб’екты — школа і дзіцячы сад у мікрараёне Вішнявец.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Аляксандра САЕНКІ.