Кожны мае дастаткова сіл, каб з годнасцю пражыць жыццё

- 12:20Якасць адукацыі

Маё знаёмства з выкладчыкам хіміі Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі Таццянай Суханьковай адбылося падчас педагагічнага конкурсу “Лепшы класны кіраўнік (куратар групы) Гомельскай вобласці”, у якім яна прымала ўдзел. У фінале мяне кранула не столькі яе візітоўка на сцэне, падобная на маленькую п’есу-аднаактоўку, колькі еднасць і паразуменне выкладчыка з навучэнцамі. Гэта адчувалася ва ўсім.

Таццяна Аляксандраўна сустрэла мяне ў сваім кабінеце хіміі. “Вось гэта маё царства”, — жартаўліва кажа яна і абводзіць рукамі ў паветры ўтульны светлы пакой. Першая думка: такі кабінет хіміі можа быць толькі ў настаўніка, які па-сапраўднаму любіць свой прадмет і сваю работу. Адразу разумею, што маю справу з акуратысткай: усё на сваіх месцах. Вось шафа з мноствам папак, у якіх сабраны ўвесь неабходны матэрыял — ад заданняў для лабараторных і практычных работ па прадмеце да сцэнарыяў мерапрыемстваў рознага характару. Яшчэ адна шафа хаваецца ў зеляніне кветак, у ёй замаскіраваны водаправод. І, нарэшце, тое, без чаго хіміі проста не можа быць, — абсталяванае месца для правядзення доследаў з мноствам рэактываў, прабірак, колб.

— Але ж гэта не спецыялізаваная ўстанова. Наўрад ці ўсе цікавяцца хіміяй і разумеюць яе? — пытаюся ў суразмоўцы.

— Так, зразумела, — пагаджаецца яна. — Я адразу высвятляю, у каго якія веды ў прадмеце, наколькі “сябравалі” з хіміяй у школе. Так мне лягчэй потым працаваць, я ведаю, з чаго неабходна пачынаць, каму ў чым трэба дапамагчы. Першае дамашняе заданне — табліца Мендзялеева, бо некаторыя формулу вады вымаўляюць як “эн-два-ноль”. Ёсць і такое.

Таццяна Аляксандраўна гаворыць, што не любіць проста лекцыі і лічыць гэта сумным.

— Мне трэба так: тут запісалі крышачку, тут я нешта патлумачыла, паказала, тут паспрабавалі самі выканаць нейкія заданні, — расказвае выкладчык. — Я хачу, каб ім было цікава. Напрыклад, у праграме ёсць вызначэнне колькасці барыю ў сульфаце барыю. Методыка тая ж, што і вызначыць колькасць вітаміну С у апельсінавым соку. Але разбірацца з сокам ім будзе цікавей. Дык чаму б не скіравацца на гэта?

У каледжы кулінарыі Таццяна Суханькова працуе 13 гадоў. У яе ўжо шмат асабістых напрацовак, літаратуры і ўсяго, што неабходна педагогу ў працэсе навучання. Аднак так было не заўсёды. Да яе прыходу тут хімія наогул не выкладалася, навучэнцы ездзілі на заняткі да выкладчыка ў іншую ўстанову. Не было ні кабінета, ні спецыялізаванай літаратуры. Таццяна Аляксандраўна ўспамінае, як гадзінамі сядзела ў бібліятэцы, шукаючы неабходны матэрыял. А яшчэ дастала свае студэнцкія канспекты і спрабавала данесці да дзяцей універсітэцкую праграму. Праўда, хутка зразумела, што для іх гэта складана, ды і не патрэбен ім такі ўзровень.

— Я пачала ўсё спрашчаць, — расказвае выкладчыца. — Хацелася, каб мае навучэнцы проста разумелі хімію, каб у іх было жаданне прыходзіць на заняткі да мяне.

Упэўнена, у яе ўсё атрымалася. Навучэнец каледжа кулінарыі Павел Буланаў, які хутка скончыць другую ступень навучання і атрымае сярэднюю спецыяльную адукацыю па прафесіі тэхніка-тэхнолага, гаворыць, што ў школе па хіміі ў яго была “чацвёрка”, ён думаў, што ніколі не “пасябруе” з гэтым прадметам. Змяніла гэтае бачанне менавіта Таццяна Аляксандраўна, і цяпер у хлопца з хіміяй вельмі добрыя адносіны.

Калі настаўнік — гэта не проста прафесія, а стан душы, тады, нягледзячы на розныя праблемы і цяжкасці, усё атрымліваецца. У Таццяны Аляксандраўны Суханьковай гэта стан душы. Мара быць настаўнікам з’явілася ў яе з першых школьных дзён. Увесь пазашкольны час дзяўчынка праводзіла за навучаннем сваіх лялек, якіх рассаджвала, нібы вучняў, парамі за імправізаваныя парты і якім тлумачыла ім нейкі матэрыял, спісваючы крэйдай дзверы сваёй шафы. Пазней, калі ў старшых класах пачалося вывучэнне хіміі, Таня зразумела: вось яе любоў і яе прызванне. У студэнцкія гады, якія праходзілі ў сценах Гомельскага дзяржуніверсітэта, любоў гэтая стала яшчэ мацнейшай.

— Тое, што я настаўнік і ніякая іншая прафесія не можа быць для мяне больш прывабнай, я зразумела, калі прыйшла дыпламаваным педагогам на работу ў петрыкаўскую сярэднюю школу № 1, школу, якую некалі скончыла сама, — дзеліцца Таццяна Суханькова. — Канечне, было няпроста. Я зусім маладая, нявопытная. А ў мяне класнае кіраўніцтва ў 5 класе. Дзеці яшчэ малыя, з усялякімі праблемамі. Але было вельмі цікава. Мне быў цікавы не толькі мой прадмет, але і самі дзеці.

Праз два гады маладая настаўніца па сямейных прычынах пераехала ў Гомель, аднак прызнаецца, што яшчэ доўга сумавала па сваіх петрыкаўскіх вучнях. Сёння яны ўжо дарослыя, знайшлі сваё месца ў жыцці. Калі здараецца сустрэцца са сваім педагогам, заўсёды знойдуць час пагутарыць і падзякаваць.

Развітваючыся з Таццянай Аляксандраўнай, я думала пра тое, як каледжу пашанцавала, што ў калектыве працуе такі выкладчык і чалавек. Яна, бы тая іскрынка, якая гарыць і запальвае іншых. Пазітыўная, крэатыўная і актыўная, яна, здаецца, ніколі не знаходзіцца ў стане спакою. І жыве яна не толькі хіміяй. Тры гады запар выкладчык з’яўляецца куратарам дзвюх груп адначасова, абавязкова ўдзельнічае сама і разам з навучэнцамі ў розных конкурсах і мерапрыемствах, вядзе актыўную метадычную работу. Акурат напярэдадні нашай сустрэчы Таццяна Аляксандраўна прайшла атэстацыю на прысваенне вышэйшай катэгорыі. У мяне няма сумненняў, што на гэтым выкладчык хіміі не спыніцца, бо яе дэвіз па жыцці гучыць так: “Кожны мае дастаткова сіл, каб з годнасцю пражыць жыццё, а ўсе гэтыя размовы пра тое, які зараз нялёгкі час, — гэта спосаб апраўдаць сваю бяздзейнасць і ляноту”.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.