Кожны ўрок асаблівы

- 16:58Навіны рэгіёнаў

Педагог Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Вольга Скробук атрымала званне “Выкладчык года”.Узнагароду абласнога конкурсу імя А.І.Дубко “Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва” за 2020 год ёй уручыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік у студзені падчас урачыстай цырымоніі. Творчая спецыяльнасць харэографа дазволіла Вользе Браніславаўне стаць намінантам прэстыжнай прэміі ў галіне мастацтва. Аднак яе педагагічны талент, адданасць працы ў каледжы і душэўная еднасць з любімымі навучэнцамі ўпэўніваюць у тым, што галоўнае ў прызнанні заслуг на абласным узроўні – яе талент і дасягненні як выкладчыка.

Пра сваіх дзяцей, як з любоўю называе педагог навучэнцаў, сумесны творчы пошук і перамогі на конкурсах, пра падтрымку і дапамогу калег Вольга Скробук расказала ў інтэрв’ю карэспандэнту “НГ”. 

— Якім быў ваш шлях у прафесію?

— У каледжы мастацтваў я вяду ха­рэаграфічныя дысцыпліны, выкладаю беларускі, народны танец, сцэнічную практыку, кампазіцыю і пастаноўку танца. Таксама з’яўляюся куратарам групы 4 выпускнога курса. Працую ў каледжы з 2001 года, у свой час таксама скончыла яго, тады яшчэ вучылішча мастацтваў, а затым Белару­скі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Была мара вярнуцца ў каледж, але яна не адразу спраўдзілася. Чатыры гады працавала ў сярэдняй школе № 21, цяпер гэта гімназія № 5 Гродна, але ніводнага дня аб гэтым не пашкадавала, таму што там сапраўды добры калектыў, выдатная база, выпускнікі паступаюць у наш каледж.

— Што для вас значыць перамога на абласным конкурсе імя А.І. Дубко?

— Узнагарода стала для мяне нечаканасцю, эмоцыі перапаўняюць. Вельмі ўдзяч­ная калектыву. Гэта заслуга ўсіх: навучэнцаў, выкладчыкаў-калег, якія заўсёды падстаўлялі плячо ў любой сітуацыі, адміністрацыі. Ніхто ніколі не адмаўляў у дапамозе. Мае мама і сын падтрымлівалі мяне ва ўсіх пачынаннях. Бацькі навучэнцаў таксама малайцы, заўсёды дапамагаюць з паездкамі на конкурсы. Я ўдзячная за ўзнагароду, але гэта заслуга вялікай колькасці людзей.

— Раскажыце пра сваіх дзяцей, іх дасягненні.

— Так, гэта мае дзеці, я іх вельмі люблю, мая 386-я група. Навучэнцы да нас прыхо­дзяць не “з вуліцы”, яны ўжо маюць аснову, як, напрыклад, выпускнікі гродзенскай гімназіі № 5. Паступаюць у каледж таксама дзеці з Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей. Самае галоўнае, яны правільна матываваны ў галіне харэаграфіі. Аснову ім далі ў калектывах, а мы за 4 гады ў каледжы развіваем іх здольнасці далей.

Мой вучань Данііл Фібік, выпускнік гімназіі № 5 Гродна, нядаўна таксама быў намінаваны на абласную прэмію імя А.І.Дубко для асабліва адораных навучэнцаў і студэн­таў. Ён вельмі актыўны, за ўсе 4 гады наш удзел у розных конкурсах быў яго ініцыятывай. Ён сам знаходзіць конкурсы, а я ўжо звязваюся з арганізатарамі.

У групе ў мяне 6 юнакоў і 13 дзяўчат, прыемна з імі працаваць, яны малайцы. Паўтаруся, яны правільна матываваны, мэтанакіравана сюды прыйшлі, атрымліваюць прафесію, і ім гэта падабаецца. Далей хтосьці плануе працягваць вучыцца, хтосьці — танцаваць у калектывах, але ўсе ма­раць застацца ў сваёй прафесіі. Чацвёрты год мы з’яўляемся лепшай групай па ўсіх паказчыках.

Два гады запар у рамках фестывалю мастацтваў “Славянскі базар” прымалі ўдзел у танцавальным праекце DreamDanceFest і станавіліся лаўрэатамі I ступені. Мы старанна рыхтаваліся, касцюмы дапамагала шыць мама Яны Верабей Алена Аляксандраўна. З апошніх дасягненняў — удзел у шматжанравым конкурсе-фестывалі RoskvitBY у Магілёве, дзе мы заваявалі гран-пры і 7 дыпломаў I ступені.

Перамогі ў конкурсах — гэта заслуга і маіх калег, якія працуюць з навучэнцамі. Калі я вяду народны танец (беларускі), кампазіцыю, то Юлія Сяргееўна Пузач дае ім базу — класічны танец. Працуе з навучэнцамі і выдатны выкладчык Людміла Іванаўна Магас, у свой час і я ў яе вучылася, а таксама вельмі творчы чалавек канцэртмайстар Валерый Якаўлевіч Лукашэнка. Усе мы — педагогі і дзеці — як адно цэлае.

— Сучасную моладзь сёння хутчэй убачыш з гаджэтамі, і тут народны танец… Наколькі гэта ім блізка, ці захапляе?

— Упэўнена, што захапляе, і ўсё гэта дзякуючы базе. Яны прыходзяць з калектываў, дзе іх рыхтавалі з дзяцінства, ужо з разуменнем таго, чым яны  хочуць займацца. У каледжы навучэнцы атрымліваюць не толькі народную, але і бальную, сучасную харэаграфію. І ўсё ж я бачу, што яны жывуць народным танцам. І мне ў свой час мой першы настаўнік па народнай харэаграфіі Людміла Магас прывіла гэтую любоў.

Я ўдзячна школам мастацтваў, калектывам, з якіх прыходзяць дзеці. А мы ўжо на добрай аснове стараемся далей іх развіваць у гэтым кірунку. Заўсёды падтрымліваю ініцыятыву дзяцей, калі ім хочацца працаваць у сучасным кірунку. Калі ласка. Для гэтага ў нас ёсць такая дысцыпліна, як кампазіцыя пастаноўкі танца. Там ёсць свае правілы, методыка, але кожны навучэнец можа праявіць сваё творчае мысленне, пока­заць, як ён бачыць той ці іншы музычны матэрыял. На гэтай аснове і ставім танцы — гэта можа быць і сучасная, і народная, і бальная харэаграфія.

— Навучэнцы могуць праявіць сваю фантазію, ініцыятыва ад іх зыхо­дзіць?

— Вядома, і я заўсёды іх падтрымліваю. Тады ў выніку відаць, што ў нашых выхаванцаў не адзін почырк, а розны. Выкладчык вучыць, накіроўвае, падказвае, дае магчымасць ім самім раскрыцца. Гэта даецца камусьці лягчэй, камусьці цяжэй. Яны малайцы, творчыя людзі, адзін раней раскрываецца,  другі пазней, але магчымасці ёсць ва ўсіх, было б толькі жаданне развівацца.

— Якія сёння навучэнцы каледжа, складана з імі працаваць?

— Мне з імі проста, спрабуем гава­рыць на адной мове. Вядома, мы трымаем дыстанцыю “выкладчык — навучэнцы”. Але мне здаецца, што іх проста трэба любіць, яны гэта адчуваюць, не фальшывяць, разумеюць, як да іх ставішся, і давяраюць табе, часам нават расказваюць тое, чым і з бацькамі не падзеляцца. У мяне з імі даверлівыя адносіны.

— Ці магчыма вашу спецыяльнасць выкладаць дыстанцыйна?

— Для нас гэта праблема, мы з ёй сутыкнуліся ў маі — чэрвені, калі нас перавялі на дыстанцыйнае навучанне. І мае дзеці проста плакалі. Калі нікога не было, пры­ходзілі ў каледж, займаліся, таму што ім гэтага не хапала, як паветра. Апошні канцэрт быў 6 сакавіка, і толькі ў ліпені мы паехалі на “Славянскі базар”. Пасля выступлення прызнаваліся, як цудоўна, нарэшце, адчуць зносіны з гледачом. Усім гэтага не хапала. Калі восенню ў каледжы паўстала пытанне аб пераходзе на дыстанцыйнае навучанне, усе харэографы ў адзін голас сказалі: не. Мы гатовыя быць у масках, выконваць усе патрабаванні, але займацца ў кале­джы. Гэта не пафас, мы гэтым жывём. І навучэнцы хочуць, каб заняткі праходзілі толькі ўжывую.

Наш лідар Данііл Фібік знаходзіць дыстанцыйныя конкурсы. Мы і ў лондан­скім конкурсе ўдзельнічалі, і ў Канаду пасылалі свае нумары, у Маскву, Санкт-Пецярбург, конкурсаў 15 было за гэтыя паўгода. Заваявалі два гран-пры, у асноўным былі лаўрэатамі I ступені, некалькі разоў II ступені.

— Ці быў урок, які вам асабліва запомніўся?

— Гэта быў 2 курс, калі мы праходзілі танцы народаў Паволжа. Я паказала дзецям “Калмыцкі танец” Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля народнага танца імя Ігара Маісеева. І навучэнцы кажуць: а давайце мы яго паставім. Хвалявалася, ці справімся, але ўсё ж сталі працаваць. У выніку мы з ім выступалі на “Славянскім базары” і сталі лаўрэатамі I ступені, а таксама на многіх дыстанцыйных конкурсах. У дзяцей была мара ўзяць гран-пры. І калі мы нядаўна паехалі ў Магілёў на фестываль RoskvitBY, наша мара ажыццявілася, мы сталі лаўрэатамі I ступені, а з гэтым нумарам узялі гран-пры фестывалю. А ўсё пачалося са звычайнага ўрока.

Кожны ўрок асаблівы. Я прыходжу, паклон-прывітанне. Адразу гутарым, гляджу на іх настрой, імкнуся зразумець іх, бо кожны са сваім характарам, жаданнямі, спрабую адразу іх настроіць на працоўны лад. Мне з імі лёгка, нават не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі. Вельмі рада, што я выкладчык. Я люблю дзяцей, яны адчуваюць гэта, напэўна, таму нам добра і лёгка разам.

— У вас творчая прафесія. Дзе чэрпаеце натхненне?

— Напэўна, ад саміх дзяцей, у першую чаргу ад іх. Яны такія розныя, галоўнае, іх не стрымліваць. Яны вельмі шмат да­юць новага,  важна гэта ўбачыць, раскрыць і падтрымаць.

— Што самае складанае ў педагагічнай практыцы?

— Паколькі мы рыхтуем выканаўцаў, то гэта выканальніцкае майстэрства — аснова ўсёй харэаграфіі. Таму і працуюць на курсе не адзін выкладчык, а некалькі. Яшчэ складана сабраць усіх на 1 курсе, бо пры­ходзяць дзеці з розных устаноў, усе асобы, іх трэба сабраць у адзін калектыў, выслу­хаць кожнага, зразумець. Спрабуем знайсці агульную мову, дапамагаем адзін аднаму. Трэба проста гаварыць з імі, тады ўсе праблемы вырашацца.

— З вашых выпускнікоў хтосьці стаў выкладчыкам?

— Вольга Юр’еўна Плотнікава вярнулася ў каледж як выкладчыца, у свой час яна вучылася ў мяне ў групе. Таксама мая выхаванка Вольга Анатольеўна Кароль сумяшчае работу артысткі заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя Росы” і выкладчыка ў каледжы. Многія паступаюць ва ўніверсітэт, танцуюць у прафесійных калектывах Беларусі і за межамі краіны. Выпускнікі знахо­дзяць сябе ў прафесіі, і гэта для выкладчыка вельмі важна.

— Ставіце перад сабой мэты куды рухацца далей?

— Мне проста падабаецца мая праца. Прыйдуць новыя дзеці, будуць нейкія новыя творчыя задачы. Як куратар, выкладчык, я павінна аб’яднаць, навучыць, даць аснову, а калі яшчэ атрымаецца дасягнуць нейкага ўзроўню, гэта будзе выдатна.

— Прафесія выкладчыка ўдзячная?

— Так. Я бачу ўсмешкі маіх вучняў, іх радасць, я  размаўляю з іх бацькамі, яны таксама задаволены  вынікамі. Мне здаецца, гэта і ёсць самая вялікая падзяка.

— Часам прыходзіцца чуць не надта добрыя словы пра сучаснае пакаленне. Якія нашы дзеці?

— Яны іншыя, больш свабодныя, але культура зносін усё роўна прысутнічае. Яны добра выхаваны, мне падабаецца іх стаўленне да жыцця, я заўсёды даю ім магчымасць выказацца. Вядома, ёсць заўвагі, нешта мы абмяркоўваем разам. Але ад таго, што іншыя, яны не горшыя. Мне лёгка з імі.

— Што маглі б параіць маладому педагогу, які прыйдзе ў вашу прафесію, на што варта адразу звяр­нуць увагу?

— Колькі працую, заўсёды прыслухоўвалася да меркавання калег, яны больш вопытныя і раяць шмат добрага. Гэта, вядома ж, Наталля Паўлаўна Парахневіч (наш лідар), Ніна Канстанцінаўна Залеўская, Тамара Аляксееўна Цвяткова, Наталля Ге­на­дзьеўна Ваяводская, Валянціна Валянцінаўна Гардон,   Дзмітрый Сяргеевіч Куракулаў, Надзея Мікалаеўна Сёмкіна, Вольга Аляксандраўна Мілюціна, наш кіраўнік Ірына Аляксандраўна Махалёва. Шмат гадоў працавала з Тамарай Антонаўнай Окаракавай і Людмілай Якаўлеўнай Фадзінай. Яны заў­сёды падказвалі, раілі, хвалілі, а гэта дарагога каштуе.

Параіла б прыслухоўвацца да калег і набірацца вопыту. Сёння я вельмі задаволена, што працую менавіта ў каледжы.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай адукацыі.