Кожны ўрок павінен выхоўваць

Секцыя “Сучасныя тэндэнцыі развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі: кіраванне, актуальныя пытанні і перспектывы” сабрала прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, кіраўнікоў і педагагічных работнікаў устаноў адукацыі, прадстаўнікоў грамадскасці і ўсіх зацікаўленых. У яе рабоце прыняў удзел міністр адукацыі Ігар Карпенка.

— Сёлетняя перадвераснёўская сустрэча носіць асаблівы характар, — адзначыў, адкрываючы работу секцыі, намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. — У сродках масавай інфармацыі анансавана ўнясенне шэрага змяненняў у сістэму адукацыі. Гэтыя змяненні і дапаўненні, прадугледжаныя новай рэдак­цыяй Кодэкса аб адукацыі, падыходы да атэстацыі навучэнцаў, зместу адукацыйнага працэсу, пытанні функцыянавання сістэмы адукацыі ў цэлым неаднаразова абмяркоўваліся на працягу мінулага навучальнага года падчас дыялогавых пляцовак педагагічнай і бацькоўскай грамадскасцю. Асноўныя напрамкі нашай дзейнасці вызначаны ў праекце Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года. І сёння ёсць магчымасць абмеркаваць усе існуючыя пытанні, падзяліцца вопытам, выказаць праблемы, якія патрабуюць свайго вырашэння.

Па словах начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Марыі Кіндзірэнка, актуальнымі напрамкамі дзейнасці на ўзроўні дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі застаюцца наступныя: забеспячэнне якаснай і даступнай адукацыі, стварэнне бяспечных і здароўезберагальных умоў, павышэнне выхаваўчага патэнцыялу ўрока, забеспячэнне спецыяльных умоў для атрымання адукацыі асобамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Да пачатку новага навучальнага года прыняты ўсе неабходныя нарматыўныя прававыя акты. У дапамогу педагогам, органам кіравання адукацыяй падрыхтаваны інструктыўна-метадычныя пісьмы. Усе матэрыялы размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале, сайце Міністэрства адукацыі.

М.С.Кіндзірэнка спынілася на прыярытэтах і змяненнях на ўсіх узроўнях адукацыі. Так, у 2021/2022 навучальным годзе завяршаецца пераход на абноўленыя вучэбныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, які быў пачаты ў 2015 годзе. Новыя вучэбныя праграмы ўводзяцца з 1 верасня ў 11 класе. Менавіта адзінаццацікласнікі атрымаюць камплект новых падручнікаў. Па стане на 23 жніўня з 14 найменняў вучэбнай літаратуры выдадзена 12.

— Гаворачы аб зместавай частцы вучэбных праграм, адзначу, што ў цяперашні час асаблівы акцэнт робіцца на выхаваўчым патэнцыяле ўрока, павышэнні яго значнасці. Кожны ўрок павінен выхоўваць. Гэтаму павінен садзейнічаць і пілотны праект для вучняў 10—11 класаў па правядзенні адукацыйных экскурсій у межах вывучэння асобных тэм па вучэбных прадметах, — падкрэсліла М.С.Кіндзірэнка.

Яшчэ адно змяненне тычыцца выніковай атэстацыі выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У 11 класе прапаноўваецца захаваць выпускныя экзамены па дзяржаўных мовах (беларуская ці руская) па выбары навучэнца, а таксама па матэматыцы і замежнай мове. Прычым выпускны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай (рускай) мове, матэматыцы прапаноўваецца сумясціць. Уводзіцца тэрмін Нацыянальны дзяржаўны экзамен. Такім чынам вырашаецца некалькі пытанняў: зніжэнне нагрузкі на вучняў, аптымізацыя падыходаў да правядзення экзаменацыйнай і ўступнай кампаніі, павышэнне аб’ектыўнасці ацэнкі і якасці атэстата ў цэлым. Плануецца, што такі падыход будзе рэалізаваны ў 2023 годзе.

Пытанне, па якім у найбліжэйшы час будзе прынята адпаведнае рашэнне, — дзейнасць агульнаадукацыйных ліцэяў. Іх у краіне сёння 23. З іх 19 знаходзяцца ў падпарадкаванні органаў кіравання адукацыяй і 4 — у структуры ўстаноў вышэйшай адукацыі. Міністэрствам адукацыі прапаноўваецца правядзенне ўступнай кампаніі ва ўсе ліцэі, незалежна ад формы падпарадкавання, у адзіныя тэрміны па адзіных заданнях, якія бу­дуць распрацаваны Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў. Прапануецца не залічваць у ліцэі абітурыентаў пры атрыманні імі адзнак на ўступных іспытах ніжэйшых за 6 балаў, а таксама ўвядзенне льгот для залічэння ў ліцэі пераможцам алімпіяд і іншых даследчых конкурсаў. 

Як паведаміў дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Міхаіл Мірончык, у праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ліцэнзаванні” ўвайшлі прапановы, якія ўключаюць ліцэнзаванне навучання і выхавання на ўзроўні дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.

— Мы лічым, што і прыватныя, і дзяржаўныя ўстановы адукацыі павінны знаходзіцца ў абсалютна роўных умовах, і тыя па­трабавані, што прад’яўляюцца да дзяржаўных устаноў, павінны прад’яўляцца да ўстаноў адукацыі прыватнай формы ўласнасці. Адсутнасць дастатковага кантролю з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі ўстаноў адукацыі ў шэрагу выпадкаў прыводзіць да непажаданых наступстваў: невыканання патрабаванняў бяспекі, неадпаведнага кадравага складу, злоўжывання індывідуальным планам, нізкай якасці вучэбна-праграмнай дакументацыі і як вынік — слабай падрыхтоўкі навучэнцаў, — падкрэсліў М.Мірончык.

Як адзначалася, з 1 студзеня 2021 года ў тэставым рэжыме функцыянуе адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс. Да 1 верасня дапрацаваны матэрыялы, размешчаныя на ім, арганізаваны іх пераклад на беларускую мову. Матэрыялы рэсурсу могуць выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе пры адсутнасці асобных навучэнцаў на занятках, а таксама настаўнікам пры правядзенні ўрокаў у класе для дэманстрацыі доследаў, відэа­фрагментаў, ілюстрацый, схем, табліц, карт і інш. Па словах дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціны Гінчук, у найбліжэйшай перспектыве прадугледжваецца напоўніць рубрыку “Дадатковыя матэрыялы”, у якой будуць размяшчацца спасылкі на электронныя адукацыйныя рэсурсы, што распрацоўваюцца, на блогі і сайты творча працуючых педагогаў.

Сёння бацькоўскую грамадскасць хвалюе арганізацыя дыстанцыйнага навучання ў школе. З 1 верасня ўсе ўстановы адукацыі пачынаюць працаваць у звычайным рэжыме з улікам выканання рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя па забеспячэнні санэпідрэжыму. Акрамя таго, і ў праекце кодэкса дыстанцыйная форма навучання на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі не прадугледжана.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык засяродзіў увагу прысутных на асноўных складніках выхаваўчай ідэалагічнай работы, сярод якіх — фарміраванне інфармацыйнай культуры ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, ажыццяўленне сістэмнага кантролю за зместам інфармацыйных рэсурсаў, своечасовым абнаўленнем стэндаў візуальнай інфармацыі і напаўненнем сайтаў. “Актыўнасць моладзі ў сацыяльных сетках трэба выкарыстоўваць у нашай рабоце: ства­раць старонкі, групы, акаўнты і прыцягваць моладзь да напісання постаў аб цікавых фактах, справах, праектах з пазіцыі дзяржавы”, — мяркуе ён.

У фармаце адкрытага мікрафона міністр адукацыі Ігар Карпенка адказаў на пытанні ўдзельнікаў секцыі. Педагогаў цікавілі нюансы правядзення нацыянальнага экзамену, увядзення ў школы пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, пытанні мэтавай падрыхтоўкі кадраў, падрыхтоўкі спецыя­лістаў сацыяльна-псіхалагічнай службы, спецыялістаў па рабоце з дзецьмі з аўтызмам і інш.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.