Кожны ўрок — загадка

- 9:00Людзі адукацыі

На працягу амаль 30 гадоў настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці Галіна Міхайлаўна ГАЛУЗА дапамагае юным беларусам паглядзець на мінулае па-новаму, авалодаць багатай спадчынай продкаў, каб годна працягваць іх справу, а заадно cарыентавацца ў сённяшнім дні і падзеях. За адданасць справе і чулае сэрца яе любяць многія пакаленні выпускнікоў.

А.С.Марозаў і Г.М.Галуза.

Шлях Галіны Міхайлаўны ў педагогіку пачаўся ў раннім дзяцінстве, бо ўжо з 6 гадоў яна вучыла сваіх аднагодак таму, што ведала сама. Пасля яе жаданне “сеяць разумнае, добрае, вечнае” ўмацавала першая настаўніца з Навапольскай пачатковай школы Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці Яніна Міхайлаўна Карлюкевіч. Скончыўшы Пухавіцкую сярэднюю школу, двойчы вучылася ў розных установах, выношваючы сваю мару дзяцінства, якая, праўда, крыху трансфармавалася, і цяпер ужо яна хацела стаць “сяброўкай Кліа” (старажытнагрэчаскай музы гісторыі. — Заўвага аўтара.). І ў 1994 годзе Галіна Міхайлаўна паступіла на завочнае аддзяленне гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка, адначасова прыйшоўшы працаваць у Лошніцкую школу, на базе якой пазней была створана гімназія, дзе і пачала выкладаць гісторыю і грамадазнаўства.

На сённяшні дзень Г.Галуза — лаўрэат прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў “За асабісты ўклад у развіццё здольнасцей таленавітай моладзі” (2009, 2012 гады), член Рэспубліканскай асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў і рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства, а таксама пазаштатны лектар і рэцэнзент МАІРА. Яна — адзіны настаўнік-метадыст гісторыі ў Барысаўскім раёне, які мае больш за 40 метадычных распрацовак, аўтарскіх дапаможнікаў, публікацый.

“Кожны настаўнік-метадыст знаходзіць свой выключны прадукт, які ўкараняе ў сваю педагагічную дзейнасць. У мяне, напрыклад, гэта павышэнне ўзроўню вучэбнай матывацыі, чаго я і дабіваюся, разнастайваючы сваю дзейнасць, таму кожны наступны ўрок не падобны на папярэдні. Каб вучні не засумавалі ад прадказальнасці ходу заняткаў, кожны мой урок — загадка для вучняў, — гаворыць педагог. — Калі ж раптам хтосьці з вучняў не падрыхтаваўся да ўрока, то яны добра ведаюць, што я гэта не адлюструю ні ў журнале, ні ў дзённіку, бо ўсім і заўсёды даю другі шанс — ён больш дзейсны: і вучань не будзе расчараваны, і адзнаку атрымае добрую, і застануцца настрой і жаданне прыходзіць на мае заняткі. Таму што можна паставіць двойку і закрыць на гэтым усё: і матывацыю, і цікавасць да прадмета і да сябе як да настаўніка”.

Як адзначае Галіна Міхайлаўна, матывацыя вучняў залежыць як ад іх узросту, так і ад мэт, якія яны ставяць перад сабой: “5—6-класнікі заўсёды імкнуцца паказаць настаўніку ўсё, што яны зрабілі, бо ў іх яшчэ спрацоўвае знешняя матывацыя, а таму ім важная мая ацэнка. Дарэчы, у мяне заўсёды ёсць адзнака і ацэнка — і гэта зусім розныя паняцці. Бо адзнака — тое, што выстаўляецца па 10-бальнай сістэме, а ацэнка — слоўная характарыстыка ўзроўню ведаў вучня, а таму я часта гавару “Малайчына!”, “Як здорава ты сёння працуеш!”, “Якая лагічная думка!” і г.д. А старэйшыя школьнікі, якія выбралі павышаны ўзровень, ужо матываваныя і выконваюць заданні бясспрэчна, бо яны працуюць не на адзнаку, а на канчатковы вынік, які пакажуць на РТ і ЦТ. Мае вучні ніколі не ідуць да рэпетытараў, бо ім не патрэбна дапамога пасля нашых урокаў. Штогод 3—4 вучні паказваюць добры вынік на розных этапах рэспубліканскай алімпіяды”.

А яшчэ Г.Галуза шчыра прызнаецца, што сярод яе вучняў ёсць сапраўдныя “матываваныя інтэлектуалы”, праўда, яны не выдатнікі і не медалісты, “гэта тыя вучні, якіх ніхто і нікуды не ўзяў”, і яны прыйшлі да яе і сталі паспяховымі. Прычым многія з іх з няпоўных сем’яў. Галіна Міхайлаўна змагла раскрыць іх патэнцыял, зацікавіць, падтрымала і дапамагла атрымаць добрую прафесію, каб кожны пасля рэалізаваўся ў жыцці. “Магчыма, гэта мая місія: убачыць у гэтых дзецях тое, чаго не ўбачылі іншыя. Калі да мяне вучань ужо прыйшоў, то я ўзыду разам з ім на апошнюю прыступку яго поспехаў. Вучня трэба заўсёды падтрымліваць, бо самая галоўная задача настаўніка — фарміраваць чалавека, вось і фармірую”, — дадае педагог.

Гаворачы пра выкладанне сваіх прадметаў, Галіна Міхайлаўна акцэнтуе ўвагу, што ніколі не складае адзіны план-канспект урока для ўсёй паралелі. Ёй вельмі падабаецца працаваць з модульнай сістэмай, за якую атрымала кваліфікацыю “настаўнік-метадыст”. Нядаўна яна распрацавала ўрокі па сусветнай гісторыі для 6-х класаў на ІІІ чвэр ць, што былі размешчаны на адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсе. Апошнім часам асабліва часта яна выкарыстоўвае гексаганальнае або шасцівугольнае навучанне. “Выкарыстоўваць гексы можна ў любым класе, як у 5, так і ў 11, на любым этапе і тыпе ўрока. З гэтымі шасцівугольнымі карткамі мы эканомім час, а значыць, можам паспець атрымаць больш ведаў, павысіць эфектыўнасць урока, цікавасць і матывацыю вучня. Не застаецца тых, хто проста сядзіць, бо ўсе ўключаны ў вучэбны працэс, і атрымліваецца неверагодна эфектыўны ўрок. Мне падабаецца, што выкарыстоўваюцца ўсе формы работы: індывідуальная, у парах і групах, наглядная, інтэрактыўная. Нібыта гулялі, а тэму разабралі, складаючы мазаіку”, — тлумачыць настаўніца.

Зразумела, калі праводзяцца такія займальныя ўрокі, то і вучням цікава. “Мае дзеці злуюцца, калі звініць званок з урока, бо 45 мінут пралятаюць як адно імгненне, — пераканана настаўніца. — Ва ўрокі гісторыі таксама дадаю элементы краязнаўства, якія выклікаюць асаблівую цікавасць і павагу да гісторыі сваёй малой радзімы. І гэта дазволіла мне значна павысіць вучэбна-пазнавальныя кампетэнцыі вучняў. Я распрацавала серыю ўрокаў з выкарыстаннем мясцовага матэрыялу: урок-вандроўка, урок-даследаванне, урок-гульня, урок-канферэнцыя, тэлеўрок, урок-брыфінг і інш. Дастаткова эфектыўныя і такія прыёмы і метады, як “Здзіўляй”, “Знайдзі памылку”, “Акронім”, “Дэшыфроўка”, “Крыжыкі-нулікі”, “Коўчынг-сесія”, “Гістарычная рэстаўрацыя”.

Акрамя таго, Г.М.Галуза пастаянна ўдзельнічае ў міжнародных конкурсах метадычных распрацовак. “У 2019 годзе расійскім выдавецтвам “Новая наука” я была прызнана лепшым педагогам па метадычнай рабоце. А папярэднічала гэтай падзеі наша “серабро” — дыплом ІІ ступені, атрыманы на Міжнароднай канферэнцыі “Вышгарад-2019” за даследаванне “Узаемасувязь айконімаў, гідронімаў і аронімаў у назвах вуліц Лошніцы з гістарычным развіццём пасёлка”, аўтарам якой стаў мой вучань 11 класа Сяргей Кавальчук, — расказала Г.Галуза. — Да таго ж я і мае вучні прынялі ўдзел у складанні кнігі “Лошніца. Барысаўскі раён” Л.Ф.Анцух”.

За амаль што тры дзесяцігоддзі работы ў школе праз Галіну Міхайлаўну Галуза прайшлі больш за 2 тысячы вучняў. І многія выпускнікі падтрымліваюць адносіны з ёй, нават стаўшы дарослымі людзьмі, дзеляцца сваімі радасцямі і перажываннямі, няўдачамі і дасягненнямі. Некаторыя, як і любімая настаўніца, выбралі прафесію гісторыка. Напрыклад, Андрэй Марозаў пасля заканчэння БДПУ імя Максіма Танка ў мінулым годзе вярнуўся працаваць у сваю родную гімназію. “Цяпер мой адораны алімпіяднік не проста Андрэй, а Андрэй Сяргеевіч, яго вельмі любяць дзеці. Я жыву з прынцыпам, што дрэнны той настаўнік, які не мае вучняў, што пераўзышлі яго самога. Таму я ганаруся, калі мае вучні іду ць далей за мяне, бо мой поспех — у маіх паспяховых вучнях. Для мяне вельмі важна, каб мой вучань стаў чалавекам. Я ўсіх вучу быць праўдзівымі людзьмі, і хоць гэта складана ў сучасным свеце, але яны такімі вырастаюць”, — падкрэслівае педагог.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Галіны Галуза.