“Кожны ўрок здзіўляй сваіх вучняў”

Свісток, змена, новае практыкаванне — так часта праходзяць урокі ў настаўніцы фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 3 Вілейкі Таццяны Леанідаўны Жук. Для вас гэтыя словы пакуль штосьці незразумелае, але для тых, хто займаецца ў педагога, гэта канкрэтная інструкцыя да дзеянняў. Такім чынам, надышоў час раскрываць сакрэты.

— Зараз, калі прайшоў час, я разумею, што выбар прафесіі быў невыпадковым, — пачынае размову з прызнання Таццяна Жук. — З другога класа я ў сваёй гімназіі (гімназія № 1 Вілейкі. — Заўв. аўт.) пачала займацца баскетболам, ня­гледзячы на свой маленькі рост. Аддавала яму шмат часу. Пасля 8 класа мне прапанавалі пай­сці ў вучылішча алімпійскага рэзерву ў Плешчаніцах Лагойскага раёна, і я пагадзілася. Потым скончыла з чырвоным дыпломам Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Ужо тады я разумела, што гэта маё.

Таццяна Леанідаўна паспрабавала сябе ў якасці настаўніцы яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце. На трэцім курсе яна пачала весці фізічную культуру і здароўе ва ўсіх пачатковых класах сярэдняй школы № 100 Мінска. Нагрузка для студэнткі каласальная, але яно было таго варта.

— Калі ў дзяцей з’явіўся асобны педагог па фізічнай культуры (звычайна яе вядуць настаўнікі пачатковых класаў), я ўбачыла ў іх вачах зацікаўленасць. Мы адразу пачалі на нейкія спаборніцтвы трапляць, кудысьці адбірацца.

Таццяна Леанідаўна працавала ў гэтай школе тры гады, пасля чаго дакладна зразумела, што і далей хоча ву­чыць школьнікаў. Настаўніца па­спрабавала сябе і ў навуковай дзейнасці (паступіла ў аспірантуру), але праз год зразумела, што кнігі і камп’ютар не могуць замяніць ёй энергіі дзяцей на ўроках. Так Таццяна Жук зноў вярнулася да практыкі, праўда, месцам працы для сябе выбрала сярэднюю школу № 3 у родным горадзе.

За 20 гадоў настаўніцкай дзейнасці Таццяна Жук ніводнага разу не пашкадавала пра свой выбар. Кажа, магла б ста ць трэнерам, але не церпіць несправядлівасці, якая часам сустракаецца ў спорце. У школе ж педагог разумее, што яе задача — навучыць дзяцей, пасяліць у іх жаданне прыхо­дзіць у спартыўную залу, развіць фізічныя якасці.

— Я сваю місію бачу ў тым, каб кожны, нягледзячы на свае здольнасці, меў шанс сябе праявіць, зарабіць добрую адзнаку, каб вучні хацелі займацца сваім здароўем і разумелі, што гэта самае важнае ў жыцці.

Дастаткова папрысутні­чаць на занятках Таццяны Леанідаўны дзень — і хочацца вярнуцца ў свае школьныя гады, седзячы за партай, з нецярпеннем чакаць урока фізкультуры. Не ведаю, ці ро­бяць так усе яе цяперашнія вучні, але дакладна бачыла, якімі яны заходзяць у залу: энергічнымі, з усмешкамі на твары, гатовымі працаваць.

— Мой дэвіз: “Кожны ўрок здзіў­ляй сваіх вучняў”. Канечне, сказана гучна, бо кожны ўрок новым зрабіць не атрымаецца, але я пастаянна шукаю варыянты. Гляджу відэа, калі еду ў іншую краіну, звяртаю ўвагу, у што і як дзеці гуляюць на пляцоўках. Потым думаю: а магу я гэта зрабіць у сваёй школе? Можа, неяк дапрацаваць? Мая сяброўка жыве ў Англіі, я яе пастаянна прашу, каб яна мне расказвала ці здымала відэа, чым займаюцца на ўроках фізкультуры мясцовыя вучні. Дарэчы, з часам і самі дзеці пачы­наюць прапаноўваць, як зрабіць заняткі яшчэ больш цікавымі.

Настаўніца гаворыць, што не трэба на кожны ўрок кардынальна мяняць практыкаванні. Часам дастаткова ўнесці адзін новы элемент ці паставіць іншую задачу.

— Напрыклад, убачыла нейкую гульню, правяла, дзеці гуляюць. У мяне ўжо думкі: “А калі я дадам вось гэта?” Па­спрабавала, ідзе. “А калі я пастаўлю іх у парах?” Паспрабавала, ідзе. “А калі камандамі?” У гэтым годзе ездзіла са сваім дзіцем у лагер у Балгарыю. Паглядзела, як працуюць аніматары, і столькі для сябе знайшла! Вось так пастаянна спрабую штосьці прыдумаць, зрабіць гэта нестандартна.

Адной з самых важных распрацовак Таццяны Жук з’яўляецца прыём “Кантактныя кругі”. Яна нават пісала па ім навуковую работу, за што ў 2019 годзе атрымала катэгорыю настаўніка-метадыста. Ідэя стварыць такі прыём прыйшла, калі яна ўбачыла трэніроўку хакеіста. Ён рабіў розныя практыкаванні на хуткасць, лоўкасць, каардынацыю. Гэта Таццяна Леанідаўна ўзяла за аснову, а далей уключыліся фантазія і вопыт. Зараз частка ўрокаў прахо­дзіць так: вучні робяць размінку (без яе нікуды), потым дзеляцца на пары, яны разыхо­дзяцца па розных пляцоўках (хтосьці бу­дзе падымаць тулава, хтосьці — прыся­даць, хтосьці — цягнуцца ўперад і г.д.) і пачынаюць працаваць, па чарзе мяняючы пляцоўкі. Свісток, змена, новае практыкаванне — цяпер вы разумееце, што значаць гэтыя словы. Станцый усяго шэсць, усе практыкаванні выконваюцца па 30 секунд.

Станцыя № 1. Скачкі праз кароткую скакалку.

Станцыя № 2. Падыманне тулава.

Станцыя № 3. Прысяданні на дзвюх нагах з медыцынболам вагой 1 кг.

Станцыя № 4. Дакрананне баскетбольным мячом да лічбы, якую называе партнёр (адлегласць ад сцяны — 1 м, лічбы паўтараюць контур гандбольных варот).

Станцыя № 5. Дакрананне рукой да лічбы, якую называе партнёр (адлегласць ад сцяны — 50 см, лічбы паўтараюць контур дугі).

Станцыя № 6. Падыманне тулава і дакрананне па чарзе да ўсіх лічбаў на сцяне злева направа, потым справа налева (лічбы паўтараюць контур дугі).

Колькасць выкананых разоў запісваецца ў пратакол і ў канцы складаецца. Для гэтага навучальнага года Таццяна Жук распрацавала яшчэ і сістэму ацэнкі. Вучні могуць выб­раць, ацэньваць іх па камандных паказчыках ці індывідуальных. Напрыклад, першая пара выбрала камандны спосаб. Ад зін вучань набраў 160 балаў, а другі — 180. Разам яны атрымаюць “васьмёрку”. Другая пара выбрала індывідуальную ацэнку. Пры столькіх жа балах першы вучань атрымае “7”, а другі — “9”. Таццяна Леанідаўна гаворыць, што гэтая сістэма дапамагае падцягнуць адзнаку больш слабым дзецям, выхоўвае ў іх адказнасць, і з усмешкай дадае, што трымае ў тонусе матэматычныя здольнасці, бо вучні складваюць ачкі ў галаве. Цікава тое, што кожную чвэрць колькасць балаў на пэўную адзнаку будзе пакрысе расці, значыць, дзеці праз 2—3 месяцы будуць паляпшаць свае фізічныя паказчыкі. Канечне, калі захочуць добрую адзнаку.

Акрамя развіцця фізічных здольнасцей, Таццяна Жук сочыць і за тым, каб дзеці не адставалі тэарэтычна. Для іх яна падрыхтавала яшчэ адны кругі, ужо толькі папяровыя. Кожны абазначае нейкую якасць — гнутк­асць, каардынацыю, хуткасць, сілу і трываласць. Разам з кругамі вучні атрымліваюць невялікія карткі, дзе напісаны віды фізічнай дзейнасці. Напрыклад, бег на 100 м, прысяданні з вагой, хадзьба 1500 м, вядзенне баскетбольнага мяча змейкай і г.д. Задача — вызна­чыць, які від што развівае. Перад выкананнем (за ўрок ці некалькі) Таццяна Леанідаўна прагаворвае з вучнямі, як гэта можна супаставіць, на што звярнуць увагу.

У настаўніка не павінна быць любімчыкаў, але ёсць такія дзеці, якія ідуць насустрач педагогу і яго прадмету. Зараз Таццяна Жук працуе з вучнямі 5—11 класаў. Выкладчыца лі­чыць, што ў кожнага ўзросту ёсць свае плюсы і мінусы, і яна пастаянна знаходзіць пацвярджэнне гэтага на сваіх уроках.

— Я вельмі люблю працаваць з 5-мі класамі. Іх лёгка зацікавіць, яны вераць кожнаму твайму слову, глядзяць на цябе з захапленнем. Калі нават самае проста пакажаш, ім будзе цікава. У старшых класах многія ўжо разу­меюць, што хацелі б падцяг­нуць на ўроках фізічнай культуры. Бывае, дзяўчаты гавораць: “Мы хочам рабіць больш практыкаванняў на прэс і ягадзіцы”. А ёсць, напрыклад, у мяне вучаніцы-“гульнявічкі”: яны прыходзяць на ўрок і хочуць у баскетбол і валейбол з хлопцамі пагуляць. Я ўсе гэтыя жаданні ўлічваю. Праграму мы таксама выконваем, але трэба даваць дзецям магчымасць займацца і тым, што ім сапраўды цікава.

Таццяна Леанідаўна хоць ужо і не адзін год праводзіць шматлікія майстар-класы для настаўнікаў, усё роўна ўпэўнена, што яшчэ многага не ведае. Часам прама на ўроках яна знаёміцца з чымсьці новым.

— Я са сваімі дзецьмі пастаянна вучуся. Напрыклад, была ў нас па праграме аэробіка. Ва ўніверсітэце нам яе не выкладалі, таму прыйшлося засвойваць разам з маімі дзяўчатамі. Прыносілі ноўтбук, глядзелі, выконвалі. Я ім шчыра кажу ў такіх выпадках: “Я ў гэтым не моцная, але будзем вучыцца разам”.

Можа, менавіта такі адкрыты і даверлівы падыход да дзяцей і ёсць прычына таго, як хутка яны прыбягаюць на ўрок? Не, думаю, тут адыгрывае ролю цэлы букет з прынцыпаў, вялікай працы і адданасці.

— Самае галоўнае — гэта любіць сваю прафесію. Калі ты яе любіш, то яна становіцца справай твайго жыцця, самім жыццём.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.