Кожны з нас прызапашвае Радзімы куток

У будынку рэктарата Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшла выстава “Ад родных вытокаў — у гонар Бацькаўшчыны і БДУ”. Арганізатарам мерапрыемства выступіла пярвічная арганізацыя РГА “Белая Русь” пры падтрымцы Саюза жанчын БДУ.

Экспазіцыя падзялялася на шэсць абласцей і была прысвечана выбітным дзеячам навукі і адукацыі БДУ — ураджэнцам розных рэгіёнаў краіны. Тут госці змаглі пазнаёміцца з даследчай, навуковай і педагагічнай дзейнасцю больш чым 70 выкладчыкаў і вучоных.

Сярод экспанатаў можна было ўбачыць каля 25 макетаў архітэктурных і гістарычных помнікаў Беларусі, вядомых будынкаў, стэнды рэгіёнаў з фота, відэаматэрыяламі і картамі. Прадстаўленыя работы былі выкананы студэнтамі факультэта сацыякультурных камунікацый. Цэнтральную частку выставы занялі мастацкія працы лабаранта кафедры генетыкі біялагічнага факультэта Ліі Кучко “Мая малая радзіма”. Прыцярушаны першым снегам падворак, старэнькі паўразбураны хляўчук, маленькая лазня ў засені дрэў, драўляная цэркаўка, бацькі ля плота — усё гэта для Ліі Сямёнаўны — яе вёска Кавалі Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.

— Калі бярэшся за фарбы, адпачываеш, — расказвае спецыяліст. — Часу на тое, каб пісаць карціны, не так шмат, як хацелася б, таму адпачынак выпадае вельмі дарэчы.

У межах мерапрыемства ініцыятыву падтрымалі ўсе факультэты, упраўленні і арганізацыі ўніверсітэта. Па словах старшыні Саюза жанчын БДУ Ірыны Казаковай, было рэалізавана шмат студэнцкіх ініцыятыў. Так, студэнты-гісторыкі распрацавалі шэраг турыстычных маршрутаў, філолагі падрыхтавалі электронныя альбомы-прэзентацыі, звязаныя з легендамі і паданнямі тых ці іншых рэгіёнаў. Хімічны факультэт выязджаў на добраўпарадкаванне тэрыторый і азеляненне родных населеных пунктаў, разам з тым праводзячы прафарыентацыйную работу. Акрамя таго, на факультэтах прайшлі круглыя сталы, канферэнцыі, творчыя конкурсы і сустрэчы.

— Асноўная канцэпцыя выставы — трохвымернае раскрыццё разумення тэмы года, — адзначыла Ірына Валер’еўна. — У дачыненні да Сусвету — для нас, беларусаў, наша краіна таксама малая радзіма, бо мы дзеці адной зямлі. У кожнага ёсць тое адзінае месца, дзе мы нарадзіліся, упершыню вымавілі слова “мама”, адкуль ідуць карані сям’і — родная вёска або мястэчка. І, зрэшты, наш БДУ — таксама родны куток, наша сям’я.

Адметнай рысай выставы стала прэзентацыя студэнткай гістарычнага факультэта Янай Патапенка турыстычнага маршруту “Уздоўж Старавіленскага шляху”. Па задуме дзяўчыны, маршрут можа стаць стрыжнем для іншых: напрыклад, “Міншчына літаратурная” ці “Фарбы маладзечанскай зямлі”. Са словам пра свае куточкі дзяцінства выступілі выкладчыкі, якія адзначылі, што натхненне і плён родам менавіта адтуль.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *