Краіна амаль гатова да ўборкі збожжавых

У Беларусі ўбрана больш за палову плошчаў азімага рапсу, паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц 17 ліпеня на нарадзе ў Мінсельгасхарчы аб асаблівасцях уборкі ўраджаю 2018 года.

“На сённяшнюю раніцу ў краіне ўжо ўбрана 6,4 працэнта плошчаў збожжавых. Сярэдняя ўраджайнасць — 26,7 ц/га. Убрана таксама 56 працэнтаў плошчаў азімага рапсу”, — сказаў Леанід Заяц.

Ён падкрэсліў значнасць зладжанага і арганізаванага правядзення ўборачнай кампаніі. “Паспяховасць правядзення ўборачнай будзе залежаць ад тэхнічнай гатоўнасці збожжаўборачнага парку і зернесушыльных комплексаў, забяспечанасці палівам, зладжанай работы ўсіх звенняў. Краіна амаль гатова да ўборкі збожжавых. На гэтым тыдні будзе канчаткова пастаўлена кропка ў пытаннях гатоўнасці большасці збожжаўборачных камбайнаў і зернесушыльных комплексаў, ад якіх, безумоўна, залежаць тэмпы ўборкі збожжавых культур”, — адзначыў міністр.

Паводле інфармацыі на 16 ліпеня, у Беларусі было не гатова каля 6 працэнтаў збожжаўборачных камбайнаў. “Таксама пакуль не гатовы 172 зернесушыльныя комплексы. Тэхнічная гатоўнасць збожжаўборачнага парка, вядома, вышэйшая адносна аналагічнай даты мінулага года, але тэрміны ўборкі збожжавых культур ужо насталі. Таму на завяршальным этапе чакаецца вельмі сур’ёзная работа, каб забяспечыць высокую тэхнічную гатоўнасць, высокую выпрацоўку (не менш як 5 працэнтаў плошчаў у дзень). Неабходна ў кароткі перыяд часу ўбраць збожжавыя культуры”, — падкрэсліў Леанід Заяц.

Абмяркоўваліся таксама пытанні сяўбы азімага рапсу. “Гэта вельмі няпростая кампанія, неабходна зрабіць работу над памылкамі. Назапашаны ўжо багаты вопыт, у перадавых гаспадарак даволі нядрэнны ўраджай. Як пацвярджае практыка, вельмі важна выканаць тэрміны сяўбы гэтай культуры”, — адзначыў міністр.

Таксама Леанід Заяц звярнуў увагу на неабходнасць пастаяннага кантролю за станам збожжаўборачнай тэхнікі, выканання правіл проціпажарнай бяспекі і тэхнікі бяспекі ў цэлым.

У фармаце відэаканферэнцыі выступілі з дакладамі прадстаўнікі камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў. Ва ўсіх рэгіёнах на гэты момант дажджлівае надвор’е стрымлівае тэмпы правядзення ўборачнай.