Краіна балот

- 11:24Навука і інавацыі

Унікальная і прывабная на карце Еўропы

Кажуць, што Беларусь — краіна балот. Але што мы ведаем пра гэтыя прыродныя аб’екты? Чым адрозніваюцца верхавыя балоты ад нізінных? Ці можа балота “зацягнуць” чалавека? На гэтыя і іншыя пытанні да адказаў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Дзмітрый ГРУМО.

Лекцыю “Балотныя гісторыі” для аматараў дзікай прыроды арганізавалі Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі і ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Краявіды балота Ельня.

Што такое балоты

Дзмітрый Грумо заўважыў, што існуе шмат вызначэнняў балота, і сярод вучоных ёсць спрэчкі на гэты конт.

— Некаторыя сцвярджаюць нават, што балот няма, а ёсць тарфяныя радовішчы. Мяне гэта напружвае, бо калі мы гаворым пра біялагічны складнік, пра ахову балот, то нельга ўсё зводзіць да торфу. Гаварыць пра балота “тарфяное радовішча” — гэта прыкладна тое, што называць жывы лес драўнінай, — кажа спецыяліст і прапаноўвае наступнае азначэнне:

“Балота — гэта прыроднае ўтварэнне, якое займае частку зямной паверхні і ўяўляе сабой адкладанне торфу (больш як 30 см), насычанае вадой і пакрытае спецыфічнай расліннасцю”.

Дзмітрый Грумо: “У балоце за некалькі хвілін можна перанесціся на тысячагоддзі назад. Прабурваеш шматметровую залеж (а торф прырастае на 1 мм у год) — і паглыбляешся ў гісторыю. Спецыяліст адразу скажа, як фарміравалася балота, якія былі кліматычныя ўмовы, а з дапамогай хіміка­аналітычных метадаў — узрост балота. Для мяне гэта асаблівае адчуванне, быццам я падарожнічаю на машыне часу”.

— На “тарфяной” карце свету Беларусь займае адно з важных месцаў, — паведаміў Дзмітрый Генадзьевіч. — Наша краіна 15­я па агульнай плошчы тарфянікаў, 20­я па забалочанасці і 21­я па фактычным запасе вугляродаў. Першыя месцы займаюць Інданезія і Расія, але Беларусь з’яўляецца лідарам у Еўропе — і па плошчы балот, і па іх разнастайнасці.

Балоты нераўнамерна распаўсюджаны па тэрыторыі Беларусі. Забалочаны пераважна паўночная частка краіны і поўдзень. І калі ў цэнтральнай Беларусі і на Палессі пераважа­юць нізінныя балоты, то на поўначы — верхавыя.

Да сярэдзіны мінулага стагоддзя, калі пачалася маштабная меліярацыя, было забалочана 12,3% тэрыторыі Беларусі. Але да гэтага часу дзве трэці балот асушана (сёння забалочаная тэрыторыя складае 4,2% — 863 тысяч га).

— Многія натуральныя балоты захаваліся дзякуючы размешчаным на іх ваенным палігонам, — гаворыць Дзмітрый Грумо. — Пасля таго як ваенныя сышлі, навукоўцы стварылі там шэраг ахоўных тэрыторый. На поўначы, у раёне Полацка, гэта заказнік “Дражбітка — Свіна”, на поўдні — Альманскія балоты, у цэнтральнай частцы, на заха­дзе Магілёўскай вобласці, — “Астравы Дулебы”. Было крыўдна за ўсход Беларусі, што там не было ніводнай тэрыторыі міжнароднага значэння, але зараз “Астравы Дулебы” з’яўляюцца Рамсарскай тэрыторыяй. Іх турыстычны патэнцыял ацэньваецца спецыя­лістамі вельмі высока.

Віды балот

У айчыннай балотазнаўчай школе вызначаюцца тры віды балот: нізінныя, верхавыя і пераходныя.

— Нізінныя балоты размешчаны ў поймах рэк, на берагах азёр, там, дзе ёсць выхад крыніц на паверхню. Для іх вельмі важнае сілкаванне — грунтавыя воды, — тлумачыць Дзмітрый Генадзьевіч.

85% балот у нашай краіне — нізінныя. Найбольш яны сканцэнтраваны на поўдні — у ­Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай абласцях. Залежы торфу — 1–2 м.

— У беларускіх нізінных балотах жыве 40% сусветнай папуляцыі самай дарагой птушкі Еўропы — вяртлявай чаротаўкі, — расказаў Дмітрый Грумо. — На яе захаванне выдзяляюцца вялікія гранты, і грошы перш за ўсё ідуць на ўтрыманне месцаў пражывання гэтай птушкі — балот.

Што да раслін, то на нізінных балотах можна бачыць асаку, трыснёг, хвашчы, шабельнік, вахту.

— Верхавыя балоты размешчаны на водападзелах, і яны сілкуюцца за кошт атмасферных ападкаў, — працягвае навуковец. — Гэта даволі рэдкі біятоп у нашай краіне і ў Еўропе. Па тэрыторыі Беларусі праходзіць суцэльная мяжа іх распаўсюджання.

Верхавыя балоты займаюць 10,7%  балотных угоддзяў, пераважна на поўначы Беларусі. Залежы торфу на іх — ад 2 да 10 м.

На верхавым балоце расце ўсім вядомы багун — расліна са спецыфічным пахам.

— Калі я прыходжу на балота, чую гэты пах, то адразу супакойваюся — як быццам вярнуўся дадому, — расказвае Дзмітрый Грумо.

Таксама на верхавых балотах растуць буякі, верасы, падвей, расянка — насякомаедны від і індыкатар тваняў (сустракаецца толькі ў топкіх месцах верхавых балот). Ну, і, вядома, сфагнум.

— Цікава, што сінонім верхавога балота — мох, — тлумачыць Дзмітрый Генадзьевіч. — Сфагнум можа паглынаць у 30—40 разоў больш вады, чым важыць сам. Ён добра пераносіць засуху. Падчас вайны сфагнум служыў перавязачным матэрыялам замест бінтоў. А пры будаўніцтве дамоў яго традыцыйна выкарыстоўвалі для цеплаізаляцыі.

На верхавых балотах знаходзіцца 56% журавінавых зараснікаў, і гэта адзін з асноўных рэсурсаў. Здабываць журавіны эканамічна намнога выгадней, чым лясная меліярацыя, нарыхтоўка торфу і інш.

Што да пераходных балот, то іх, па словах вучонага, вельмі мала.

— З пункту гледжання аховы, гэта ­адзін з самых каштоўных аб’ектаў, — гаворыць Дзмітрый Грумо, — бо там ёсць рысы верхавых і нізінных балот (наяўнасць і сфагнумавага покрыва, і асакі). Фарміруюцца ва ўмовах змешанага сілкавання. Пераход з нізінных у верхавыя балоты займае тысячагоддзі.

Рэдкія расліны балот

У беларускіх балотах можна сустрэць марошку.

— У нас гэта рэдкі від, — гаворыць Дзмітрый Генадзьевіч. — Самая паўднёвая кропка яе вырастання ў Еўропе — у раёне Ліды. Амаль зні­шчанае чалавекам балота Дакудаўскае ўсё ж захоўвае каштоўную папуляцыю.

Бяроза карлікавая — таксама рэдкі від. Распаўсюджана пераважна ў паўночнай частцы Еўропы. Самая паўднёвая кропка — на мяжы Магілёўскай вобласці.

Журавіны драбнаплодныя. Малюсенькія ягады, іх нават цяжка заўважыць. Расліна таксама ў Чырвонай кнізе. Расце пераважна на поўначы краіны.

— Знаходка 2008 года — офрыс насякоманосная, — расказвае Дзмітрый Грумо. — Знайшлі выпадкова ў някошанай частцы балота ў Бярэзінскім запаведніку. Гэта было не проста адкрыццё віду, а новы род у флоры Беларусі — архідная расліна. Потым яе пачалі заўважаць і ў іншых раёнах, але 10 гадоў назад гэта была сенсацыя.

Чаму балоты прыцягваюць

Дзмітрый Грумо паведаміў, што вучоныя склалі спіс, куды ўнеслі 25 найбольш адметных балот краіны.

— Людзі, якія цікавяцца балотамі, павінны наведаць хаця б іх, — заявіў вучоны і, убачыўшы рэакцыю аўдыторыі, дадаў: — Наве­даць! А мы кожнае з іх прайшлі і апісалі.

Топ-­25 беларускіх балот

1. Ельня
2. Альманскія балоты
3. Прыпяцкія балоты
4. Казьянскія балоты
5. Юхавіцкі мох
6. Спораўскае
7. Званец
8. Асвейскае
9. Балота Мох
10. Дзікае
11. Домжарыцкае
12. Слабадское
13. Сервеч
14. Морачна
15. Астравы Дулебы
16. Карыценскі мох
17. Жада
18. Выганашчанскія балоты
19. Стары Жадзен
20. Лебядзіны мох
21. Дакудаўскае
22. Дражбітка — Свіна
23. Заазер’е
24. Мошна
25. Махавое

— Мы пачалі актыўна вывучаць балоты на пачатку 2000­х, у перыяд безграшоўя, — расказвае Дзмітрый Грумо. — Быў вялікі праект Belarus Wetlands, калі мы запрашалі валанцёраў з розных краін працаваць з намі на балотах. Многія нават не ведалі, дзе знаходзіцца Беларусь (хтосьці прызнаўся, што думаў, быццам гэта побач з Іранам), але прыязджалі. Тады ўвогуле не было ніякай інфраструктуры, лю­дзі жылі ў палатках, але ехалі дадому з найлепшымі ўражаннямі. Тут яны атрымлівалі тое, чаго ўжо няма ў Заходняй Еўропе, — экстрэмальны турызм на фоне неверагодна прыгожай прыроды. Так, праз навуковыя экспедыцыі мы змаглі прыцягнуць увагу да нашай краіны.

Вучоны расказвае, што адна японская кампанія хацела нават прывезці ў балота сваіх менеджараў, каб праверыць іх у экстрэмальных умовах.

— На жаль, той праект не адбыўся, але задума была добрая: ты можаш быць падрыхтаваным фізічна, інтэлектуальна, але балота любіць цярплівых, і выжыць там можна толькі ў камандзе, — гаворыць Дзмітрый Гена­дзь­евіч.

Балоты — наша багацце ці бяда?

Вучоны расказаў, што да нядаўняга часу Палессе было адным з самых забалочаных і бедных рэгіёнаў Еўропы. Падчас паводак перамяшчацца паміж населенымі пунктамі і нават асобнымі дамамі можна было толькі ў чаўнах. Бесперашкодна жыхары суседніх вёсак маглі сустракацца толькі зімой, калі балотная твань замярзала. У астатнія поры года зносіны былі абмежаваныя. Гаспадаранне ў балотным краі было надзвычай цяжкім для сялян.

Першыя меліярацыйныя мерапрыемствы прайшлі на Палессі ўжо ў канцы ХІХ стагоддзя, і ў некаторай ступені гэта дазволіла павялічыць прадукцыйнасць лясоў і сенажацей, з’явіліся новыя сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Гэта быў вельмі модны тэхналагічны напрамак. Да таго часу маштабныя асушэнні адбыліся ў Заходняй Еўропе, і лічылася, што яны могуць ашчаслівіць край.

У сярэдзіне ХХ стагоддзя меліярацыя цалкам ператварыла Палессе ў аграрны рэгіён. Эканамічны рывок тут стаў магчымы менавіта дзякуючы асушэнню балот.

Але да чаго прыйшлі ў выніку такіх эксперыментаў?

— Балоты — вельмі важныя прыродныя аб’екты, якія моцна ўплываюць на клімат прылеглых тэрыторый, — гаворыць Дзмітрый Грумо. — Гэта велізарныя сховішчы прэснай вады. Сёння яе аб’ём ацэньваецца у 7 млрд м3; за перыяд меліярацыі ён зменшыўся ­ўдвая. Наступствам гэтага з’яўляюцца цяперашнія частыя засухі. Парушыўшы гідралагічную сетку балот, мы атрымалі абмяленне вадаёмаў, усыханне і гібель лясоў і іншыя праблемы. Калі на днях мы ў акадэміі навук разглядалі ўплыў клімату, то ўсе кліматолагі далі толькі два рэцэпты: павялічваць лесапокрыўную тэрыторыю і праводзіць мерапрыемствы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму.

Дзмітрый Генадзьевіч упэўнены: балоты трэба ацэньваць сістэмна.

— Напрыклад, Альманскія балоты. Кошт лесу на корані ацэньваецца там у 3 млн долараў (і гэта без уліку затрат на яго нарыхтоўку, стварэнне дарог, інфраструктуры і г.д.). Калі захаваць гэтыя балоты, то дзякуючы затрыманню вады і збору журавін можна мець значна большы эканамічны эфект. Ураджай журавін у 6 разоў перавышае запас стваловай драўніны, якая ёсць на гэтым лесабалотным комплексе.

Таму заўсёды трэба лічыць, колькі можна атрымаць ад здабычы торфу і колькі — пры ўмове захавання балота. Дзмітрый Грумо прывёў некалькі прыкладаў, калі вучоным удалося адстаяць тэрыторыі, бо пралічылі экасістэмныя паслугі — і яны аказаліся больш выгаднымі, чым простая здабыча торфу.

Чаму трэба ахоўваць балоты

— У апошнія гады вучоныя вельмі шмат зрабілі дзеля захавання балот, нам ёсць чым ганарыцца, — заўважыў Дзмітрый Грумо. — Але яшчэ 323 тысячы га (27%) трэба адстаяць у вытворцаў і ўзяць пад ахову. Я перакананы, што нам неабходна папулярызаваць нашы балоты ў свеце, ствараць міжнародныя водна­балотныя тэрыторыі, развіваць турызм.

Таксама стаіць задача аднаўлення балот.

— Мы вярнулі да жыцця 51 тысячу га (10%), да 2030 года плануецца яшчэ на 75 га правесці мерапрыемствы па аднаўленні. Розныя быва­юць праекты і рашэнні. Самае важнае — затрымаць ваду, і для гэтага будуюцца плаціны, перамычкі. Важна, што да гэтай работы далучаюцца многія неабыякавыя грамадзяне, у тым ліку бізнес.

Дык ці можа балота ўцягнуць чалавека?

— Калі вы едзеце на машыне, то прытрымліваецеся правіл дарожнага руху. Гэтак жа і на балоце трэба ўмець чытаць знакі, разумець, дзе хаваецца небяспека, — гаворыць вучоны і дае некалькі важных парад.

Нельга хадзіць на балота ў адзіночку. Не варта перамяшчацца па балоце ў цемры. Трэба мець доўгую палку, каб памацаць ваду і прайсці. А калі ўжо трапілі ў багну, то нельга рабіць рэзкіх рухаў, а выбірацца плаўна — і тут будзе вельмі дарэчы сяброўская дапамога.

— Зрэшты, на пытанне “Ці можа балота зацягнуць?” можна паглядзець і з іншага боку, — гаворыць Дзмітрый Грумо. — Для нас, навукоўцаў, балота — гэта жыццё. Яно дазволіла нам знайсці аднадумцаў, сяброў — і гэта не толькі калегі, але і грамадскія дзеячы, проста неабыякавыя людзі, мясцовыя жыхары. Балота — гэта праваднік нашых зносін і нашых камунікацый у грамадстве. І ў гэтым сэнсе яно сапраўды зацягвае.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара і Вольгі ПАНАСІНАЙ.