Краіна, дружалюбная да дзяцей

Так можна сказаць пра Беларусь, якая сёння займае 33-ю пазіцыю ў рэйтынгу краін, прызнаных спрыяльнымі для нараджэння дзяцей (усяго іх 160), і лідзіруе ў гэтым плане сярод дзяржаў Садружнасці. У 2012 годзе колькасць дзіцячага насельніцтва ў Беларусі ўпершыню павялічылася прыблізна на 21 тысячу чалавек. Паказчык смяротнасці немаўлят летась склаў 3,4 праміле.

— Гэта таксама найлепшы паказчык сярод краін СНД, па ім мы знаходзімся на ўзроўні самых развітых краін у свеце, — заўважыла падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай Міжнароднаму дню абароны дзяцей, галоўны педыятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена Георгіеўна Нявера. — Такое было б немагчыма без значнай падтрымкі дзяржавы, якая забяспечвае стабільнае фінансаванне службы родадапамогі і дзяцінства, садзейнічае пастаяннаму павышэнню кваліфікацыі медыцынскіх кадраў, даступнасці для дзіцячага насельніцтва ўсіх відаў медыцынскай дапамогі.
фота з сайта www.myjulia.ruПа словах спецыяліста, паказчыкі стану дзіцячага здароўя ў нашай краіне ў апошнія 5 гадоў стабілізаваліся. Між тым доля хранічных захворванняў у дзяцей з 6-гадовага ўзросту да падлеткавага павялічваецца больш чым у 2 разы. Асаблівую занепакоенасць у медыкаў выклікае рост колькасці захворванняў вачэй: калі раней сярод самых распаўсюджаных хвароб у дзяцей яны знаходзіліся на 5—7 месцы, то сёння “вырваліся наперад”, саступіўшы толькі хваробам органаў дыхання.
Актуальна і праблема рэпрадуктыўнага здароўя дзяцей. Звязана гэта ў першую чаргу з лаяльным стаўленнем беларускіх падлеткаў да курэння, якое значна ўплывае на рэпрадуктыўную сістэму і з’яўляецца адным з самых моцных фактараў развіцця алергіі. Паводле даных цэнтраў, дружалюбных падлеткам, якія функцыянуюць сёння на базе дзіцячых паліклінік, у Беларусі кураць 25% і больш непаўналетніх. І значную колькасць курцоў складаюць дзяўчаты.
Увогуле ў краіне зараз налічваецца 1 мільён 741 тысяча 768 дзяцей. Для іх, як адзначыла ў сваім выступленні начальнік аддзела сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Галіна Іванаўна Рудзянкова, створаны і ўдасканальваюцца ўмовы, якія дазваляюць у поўнай ступені рэалізаваць правы і законныя інтарэсы малых.
— Сучасная сістэма адукацыі прадастаўляе дзецям абавязковую бясплатную агульную базавую адукацыю, усеагульны доступ да дашкольнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі, — паведаміла Г.І.Рудзянкова. — Установы дашкольнай адукацыі наведваюць больш за 70% дзяцей (гэты паказчык з’яўляецца адным з самых высокіх сярод дзяржаў — удзельніц СНД). Паказчык узроўню пісьменнасці моладзі ў Беларусі складае 99,8%. Па названым паказчыку Беларусь апярэджвае многія дзяржавы, якія ўваходзяць у групу краін з высокім узроўнем развіцця чалавечага патэнцыялу (згодна з дакладам ААН 2011 года).
Паводле слоў прадстаўніка Міністэрства адукацыі, у Беларусі сфарміраваны дзейсны механізм абароны дзяцей ад неналежных умоў жыцця і выхавання. Так, у параўнанні з 2006 годам напалову зменшылася колькасць дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі па рашэнні суда аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Больш чым у 2 разы паменшылася колькасць адмаўленняў бацькоў ад дзяцей. Адзначаецца станоўчая тэндэнцыя вяртання дзяцей у родныя сем’і па рашэнні суда аб аднаўленні бацькоў у бацькоўскіх правах.
Дзякуючы мерапрыемствам па дэінстытуцыяналізацыі дзяцей-сірот, удзельная вага апошніх і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і знаходзяцца на сямейных формах выхавання, толькі за апошніх 5 гадоў павялічылася з 61 да 78 працэнтаў. У 2012 годзе ў інтэрнатныя ўстановы было накіравана толькі 14% малых названай катэгорыі.
фота з сайта www.freeoboi.ruГ.І.Рудзянкова таксама заўважыла, што ў краіне многае зроблена з мэтай удасканалення заканадаўства ў інтарэсах дзяцей.
— Унесены істотныя змены ў Кодэкс аб шлюбе і сям’і, Закон аб правах дзіцяці, Закон аб асновах сістэмы прафілактыкі, безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, — сказала яна. — А дзякуючы рэалізацыі мерапрыемстваў Нацыянальнага плана дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей на 2012—2016 гады ўдалося значна палепшыць умовы навучання дзяцей, у тым ліку ў частцы выканання гігіенічных патрабаванняў да ўстаноў адукацыі. Так, за апошніх 10 гадоў колькасць агульнаадукацыйных устаноў, якія мелі патрэбу ў капітальным рамонце, паменшылася ў 8 разоў і складае на сёння 149 устаноў. У мінулым навучальным годзе іх было 164, а ў 2002/2003 — 1194.
Пра сацыяльныя гарантыі, што прадастаўляюцца ў нашай краіне сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, удзельнікам прэс-канферэнцыі расказала намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Марына Барысаўна Арцёменка.
— Прадастаўленне прававых гарантый сям’і ў Беларусі пачынаецца ўжо з нараджэннем дзіцяці: маці і іншыя сваякі маюць магчымасць узяць аплачвальны водпуск па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3-х гадоў, — адзначыла спецыяліст. — Працягласць гэтага водпуску даволі вялікая ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі.
Паводле слоў М.Б.Арцёменка, у 2012 годзе ў водпуску па доглядзе дзіцяці знаходзілася больш за 257 тысяч чалавек, з іх 3598 — мужчыны. Што тычыцца памеру дапамогі па доглядзе дзіцяці, то з 1 студзеня 2013 года ён разлічваецца зыходзячы з сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у краіне. Дапамога на першае дзіця сёння складае 35% сярэднямесячнай заработнай платы, на другое і наступных — 40%, на дзіця-інваліда — 45%.

Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ