Краіна дзяцінства, радасці і мары

Так называецца кніга, якая выйшла да юбілею НДЦ “Зубраня” і расказвае пра асноўныя этапы гісторыі цэнтра ад дня заснавання да сённяшняга часу. Асаблівасцю выдання з’яўляецца тое, што пад адной вокладкай сабраны гістарычныя дакументы і звесткі, сотні архіўных і сучасных фотаздымкаў, успаміны былых і сённяшніх супрацоўнікаў і выхаванцаў цэнтра. Прапануем увазе чытачоў вытрымкі з успамінаў некаторых удзельнікаў слаўнага летапісу “Зубраняці”.

Добры дзень, “Зубраня!”

Доктар педагагічных навук прафесар Рыма Сяргееўна ПІОНАВА ў 1961—1968 гадах з’яўлялася сакратаром ЦК ЛКСМБ і памятае самы пачатак гісторыі “Зубраняці”:

— У пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў нашай краіне актыўна абмяркоўвалася пытанне аб неабходнасці мець свой “Артэк” — рэспубліканскі піянерскі лагер: творчы, багаты, цікавы, прывабны для школьнікаў. Гэтая ідэя была падтрымана ЦК КПБ і Саветам Міністраў. Цэнтральнаму камітэту ЛКСМБ даручылі распрацаваць план стварэння такога лагера, і мне давялося стаць натхняльнікам і распрацоўшчыкам праекта “Беларускі “Артэк” — першапачаткова, не маючы ўласнага імя, будучая здраўніца так і называлася.

У тыя гады Нарач выглядала зусім інакш. Ля возера размяшчаліся ўсяго некалькі санаторыяў, корпус піянерскага лагера “Зорачка”, які належаў газеце “Звязда”, турбаза і невялічкая база дзіцячай турыстычнай станцыі. Сучасных дарог вакол возера не было, а тыя, што былі, існавалі яшчэ з партызанскіх часоў і, вядома, не мелі асфальтавага пакрыцця.

Сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, раіліся з імі, супастаўлялі недахопы і перавагі. Улічылі шмат чаго: пясчаныя берагі і пакатае дно возера, вышыню берагавой лініі, асаблівасці хвойнага лесу, характар ружы вятроў, транспартныя магчымасці і многае іншае. Мядзельскі райвыканкам і кіраўніцтва краіны адобрылі наш выбар, і ў 1962 годзе была прынята сумесная пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў аб будаўніцтве дзіцячай рэспубліканскай здраўніцы на возеры Нарач.

Першую чаргу завяршылі летам 1968 года. Напярэдадні гэтай важнай падзеі газеты “Зорька” і “Піянер Беларусі” аб’явілі конкурс “Імя нашаму лагеру”. Актыўнасць дзяцей была вельмі высокай, паступіла шмат прапаноў, сярод якіх былі і народныя героі (“Заслонавец”), расліны (“Васілёк”, “Рамонак”, “Чарніцы”), высакародныя жывёлы і шмат іншага. Але эксперты з усіх прапаноў выбралі менавіта “Зубраня” як назву, якая найбольш адлюстроўвае асаблівасці беларускага краю.

Новая дзіцячая здраўніца на возеры Нарач расчыніла дзверы лепшым піянерам-актывістам краіны, а ў жніўні 1968 года адбылося ўрачыстае адкрыццё лагера.

Лагер рос і развіваўся

Ніна Сільвестраўна НЕРАД, у пачатку 70-х падхапіўшы эстафету ў Рымы Піонавай, доўгі час была старшынёй Рэспубліканскага савета Усесаюзнай піянерскай арганізацыі імя У.І.Леніна і сакратаром ЦК ЛКСМБ. Па абавязку службы была адной з тых, хто наладжваў жыццё лагера, дапамагаў яму расці і ўдасканальвацца.

— Работы было шмат, але яна была ў радасць. Першымі будынкамі лагера былі першы спальны корпус, школа і сталовая. Сёння многія могуць сказаць, што архітэктура “Зубраняці” тых гадоў была прымітыўнай, але гэта было прадыктавана эканоміяй сродкаў.

Падбор кадраў для новай здраўніцы быў надзвычай адказнай справай. Гэта далёка ад Мінска, і неабходна было падбіраць такія кадры, якія маглі б на месцы аператыўна прымаць правільныя рашэнні.

Пачынаў будаваць лагер Міхаіл Рыгоравіч Харытановіч, дырэктар адной з мін­скіх школ, якога запрасілі па рэкамендацыі Р.С.Піонавай. Ён быў дырэктарам лагера некалькі гадоў, але з-за таго, што сям’я Харытановіча жыла ў Мінску, паўстала пытанне аб пошуку новага кандыдата на гэтую пасаду. Шукалі чалавека з мясцовых і звярнулі ўвагу на начальніка аддзела адукацыі Мядзельскага райвыканкама Мікалая Аляксандравіча Жука, аднаго з лідараў сістэмы адукацыі Мінскай вобласці, заслужанага настаўніка БССР. Безумоўна, у Мядзельскага райкама партыі асаблівага жадання адпускаць М.А.Жука не было, але дабро на яго прызначэнне мы ўсё ж атрымалі.

Потым сталі падбіраць апорныя пасады. Усе будучыя супрацоўнікі лагера прайшлі камсамольскую школу і былі надзейнымі і адказнымі людзьмі. На тым этапе асабліва неабходнымі для нас былі артэкаўскія дасягненні і методыкі, і мне ў галаву прыйшла думка сустрэцца з беларусамі, якія працавалі ў “Артэку”, і прапанаваць ім вярнуцца дадому — дапамагчы Радзіме, прыняўшы ўдзел у станаўленні “Беларускага “Артэка”. Пасля прыезду яны не ставілі ніякіх умоў, а старанна і натхнёна працавалі многія гады.

Нарэшце ўсё стала на трывалыя рэйкі. Выдаткоўваліся сродкі на пашырэнне лагера, якія Мікалай Аляксандравіч Жук як мудры кіраўнік і дбайны гаспадар асвойваў. Будаваліся новыя карпусы, добраўпарадкоўвалася тэрыторыя, лагер рос і развіваўся.

Успаміны на ўсё жыццё

Уладзімір Паўлавіч ГРЫДЗЮШКА — першы старшыня Цэнтральнага савета Беларускай піянерскай арганізацыі, у 1992—2001 гадах на пасадзе старшыні грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд сацыяльнай падтрымкі дзяцей і падлеткаў “Мы — дзецям” курыраваў дзейнасць “Зубраняці”.

— З сярэдзіны 80-х я меў самае непасрэднае дачыненне да тады яшчэ Рэспубліканскага піянерскага лагера “Зубраня” — працаваў загадчыкам аддзела, а потым сакратаром ЦК ЛКСМБ. Упершыню трапіў у “Зубраня” ў 1982 годзе. Не скажу, што лагер мяне тады вельмі ўразіў. Дарослыя не ўспрымалі гэтае месца як нешта асаблівае, а вось у дзяцей успаміны аб знаходжанні ў “Зубраняці” заставаліся на ўсё жыццё. Да гэтага часу атмасфера, якая панавала і пануе ў “Зубраняці”, застаецца галоўнай фішкай. Шматгадовыя традыцыі, закладзеныя першымі важатымі, і яго багатая гісторыя ствараюць непаўторную аўру.

У пачатку 90-х менавіта ў “Зубраняці” было аформлена самавызначэнне Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, якая да таго часу з’яўлялася часткай Усесаюзнай піянерскай арганізацыі імя У.І.Леніна: 15 верасня 1990 года быў прыняты статут, і я стаў галоўным піянерам Беларусі.

У час СССР кожны крок даводзілася ўзгадняць у Маскве, і з-за гэтага ўзнікалі дадатковыя цяжкасці. Але агульнымі намаганнямі ў 1987 годзе ўзвялі новы будынак школы. Давялося шмат папрацаваць, каб пабудаваць новы корпус дружыны “Зорная” (“Сонечны горад”), здадзены ў эксплуатацыю ў 2001 годзе. Будынак карэнным чынам адрозніваўся ад існуючых тады чатырох карпусоў і канцэпцыяй, і арганізацыяй прасторы, і ўзроўнем камфорту. Потым змаглі вырашыць пытанне з будаўніцтвам двух жылых дамоў для работнікаў “Зубраняці” ў курортным пасёлку Нарач.

Таксама наладжваліся міжнародныя кантакты — у той час кантакты паміж саюзнымі рэспублікамі Савецкага Саюза. Значную ролю адыграў лагер і ў аздараўленні дзяцей з чарнобыльскай зоны. А пасля спітакскага землетрасення, з 1988 года, “Зубраня” прымае дзяцей з Арменіі.

Выхаваўчая работа, якая вялася ў “Зубраняці”, заўсёды была на парадак вышэйшая, чым у іншых аздараўленчых летніках, разам узятых. Гэта адзіны цэнтр у краіне, які браў і бярэ на сябе такую важную функцыю ў плане выхавання лепшых дзяцей з усёй Беларусі.

Я ведаю, што цяпер многія дзеці мараць трапіць у “Зубраня”. Ды і многія бацькі, якія калісьці там пабывалі, захавалі самыя лепшыя ўспаміны аб цэнтры дзіцячага адпачынку на Нарачы.

Аўра традыцый і зносін

Андрэй Пятровіч МАНАСТЫРНЫ — кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі — арганізацыі-партнёра НДЦ “Зубраня”.

— У пачатку 90-х, калі быў аспірантам, я прыязджаў у “Зубраня” ў якасці выкладчыка летняй фізіка-матэматычнай школы. Першыя ўражанні былі цудоўныя. Перш за ўсё лагер уражваў асаблівай атмасферай запаведных мясцін і зла­джанай работай усяго калектыву. У адзін час са мной у “Зубраня” да юных фізікаў і матэматыкаў прыязджалі вядомыя вучоныя, сярод якіх былі Вячаслаў Іванавіч Янчэўскі і Сяргей Якаўлевіч Кілін, Леў Мітрафанавіч Тамільчык, многія маладыя вучоныя і аспіранты. Менавіта тады я пазнаёміўся з Генадзем Уладзіміравічам Няхаем, які ў той час працаваў з адоранымі дзецьмі і шмат гадоў займаўся арганізацыяй летняй фізматшколы ў “Зубраняці”.

У пачатку 90-х гадоў па розных прычынах некаторы час быў перапынак у рабоце профільных фізіка-матэматычных змен у “Зубраняці”. І Алег Ігнатавіч Таўгень, які ў тыя гады быў прарэктарам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, прайшоў школу “Зубраняці” як малады аспірант і выкладчык і быў знаёмы з сістэмай, праявіў ініцыятыву адрадзіць фізматшколу.

Для нас, маладых выкладчыкаў, час знаходжання ў “Зубраняці” быў своеасаблівым цімбілдынгам: мы жылі ў пера­абсталяваных вучэбных класах і мелі магчымасць цесна ўзаемадзейнічаць.

Сёння наша супрацоўніцтва прахо­дзіць у разнастайных сферах і на розных узроўнях. У прыватнасці, дапамагаем праводзіць прафарыентацыйныя мера­прыемствы педагагічнай накіраванасці, запрашаючы ў цэнтр на сустрэчы з дзецьмі лепшых настаўнікаў нашай краіны.

Таксама вядзецца сумесная работа па метадычным забеспячэнні аздараўленчых лагераў і падрыхтоўцы кадраў для гэтай галіны. У межах гэтага кірунку да нас у акадэмію прыязджаюць спецыялісты цэнтра для ўдзелу ў курсах павышэння кваліфікацыі. Мы пастаянна ўдзельнічаем у рэспубліканскіх семінарах і канферэнцыях, якія праходзяць на базе “Зубраняці”, рэалізоўваем сумесныя праекты.

З “Зубраняці” да нас у акадэмію ў свой час прыйшоў Андрэй Віктаравіч Маліноўскі. Сярод слухачоў курсаў ён карыстаўся вялікай павагай як лектар і спецыяліст-практык, які ведае тэму выхавання знутры.

У апошні час цэнтр вельмі змяніўся, але яго аўра захавалася: нефармальная манера ўзаемаадносін, мноства мерапрыемстваў, традыцыі робяць знаходжанне ў “Зубраняці” незабыўным.

Вецер у ветразях

Кандыдат псіхалагічных навук Андрэй Віктаравіч МАЛІНОЎСКІ, у 1988—1999 гадах намеснік начальніка ўпраўлення па вучэбна-выхаваўчай рабоце Рэспубліканскага піянерскага лагера “Зубраня”, як і ўсе, хто працаваў тут калісьці, уклад­ваў у работу  ўсяго сябе.

— Часам мне здаецца, што “Зубраня” ў маім жыцці як яго неабходны і патрэбны этап быў прадвызначаны і наканаваны лёсам…

У красавіку 1987 года на ХХ з’ездзе камсамола на адной з секцый, якая была прысвечана праблеме развіцця піянерскай і камсамольскай арганізацый, не ўтрымаўся ад удзелу ў разгорнутай палеміцы і выступіў аб неабходнасці мужчынскага набору ў важацкі корпус піянерыі. Там я пазнаёміўся з Таццянай Граблеўскай, сакратаром ЦК ЛКСМБ, якая прапанавала пасля заканчэння ВКШ прыехаць у Мінск і паспрабаваць рэалізаваць ідэі на практыцы ў рэспубліканскім піянерскім лагеры ЦК ЛКСМБ “Зубраня”. Праз год, 15 жніўня 1988 года, аказаўся ў “Зубраняці” і ні разу аб гэтым не пашкадаваў. Ніколі не падумаў бы, што гэта будзе цэлае жыццё даўжынёй у адзінаццаць гадоў, якое прайшло на адным дыханні, якое пазнаёміла мяне з цудоўнымі людзьмі, дало грунтоўныя жыццёвыя ўрокі і, увогуле, заклала вектар усяго майго будучага лёсу.

1988 год. Час перабудовы. Абнаўлялася піянерыя і камсамол, была бачна перспектыва, і, галоўнае, усё было вельмі пазітыўна. Ды і да цяжкасцей ставіўся па прынцыпе “ўвязацца ў бой, а там будзе бачна”. Традыцыі лагера, звыклы фармат работы “Зубраняці” захацелася ўзварухнуць на прынцыпах самаарганізацыі і вырошчвання выніку.

Цяпер з усмешкай успамінаеш планёркі да га­дзіны ночы ў піянерскім пакоі, калі меркаванне важатых, якія змрочна сядзелі і спрабавалі знайсці моцныя ці слабыя бакі пражытага дня, гучна выказвала Святлана Кузьбар: “Андрэй Віктаравіч, колькі можна! А мы маем права на асабістае жыццё?” І ўсёведная ўсмешка Сашы Шакава, і нецярплівасць Лены Ламаносавай, і ўдумлівая цярплівая цікаўнасць Валі Філіпенка. Увогуле, памятаю вельмі многіх юнакоў-важатых — такое адчуванне, што гэта было толькі ўчора.

Да гэтага часу перад вачыма — шчырае развітанне са сцягам Пятра Байдака, старшага важатага “Зубраняці”, калі ён пакідаў гэтую работу ў жніўні 1988 года. Старшыя важатыя “Зубраняці” — гэта асобная педагагічная каста. Яны заўсёды былі мне апорай і люстэркам, узіраючыся ў якое, разумеў, ці туды мы ідзём, укараняючы навацыі і мяняючы звыклы лад жыцця. Анатоль Ісаеў, Наталля Скрабінская, Алена Ламаносава, Іна Шакава, Наталля Міхнавец, Уладзімір Гардзей, Таццяна Брылон, Ларыса Аляксеева, Сяргей Мазурэнка, Аксана Багуцкая, Таццяна Андрушкевіч, Ірына Казлова, Марына Цалішчава, Іна Занкевіч і многія іншыя — усіх памятаю і ўдзячны.

Доўгія, часам бурныя размовы з работнікамі метадычнага кабінета аб магчымасці іншых падыходаў да арганізацыі змены, як закласці ў іх не толькі піянерскую арганізаванасць, але і творчы сюжэт. Чаго варты канструктыўны скепсіс Ванды Станіславаўны Байдак, Тамары Мікалаеўны Тармола, Марыны Піліпаўны Барысенка, Наталлі Леанідаўны Моўчан, з якімі мы потым сталі добрымі партнёрамі і, спадзяюся, таварышамі!

А потым, амаль да 1999 года, была работа па напаўненні зместам новай якасці дзіцячай арганізацыі, пошуку новых форм работы. БРПА стваралася як натуральны водгук на распад адзінай саюзнай дзяржавы, а значыць, і Усесаюзнай піянерскай арганізацыі, але захавала лепшыя традыцыі і ўвабрала навізну 2000-х, якія наступалі. Лагер “Зубраня” шукаў новы твар і, не пабаюся гэта сказаць, свой новы твар знайшоў.

Дзякуй, “Зубраня”, за радасны і хвалюючы вецер у ветразі майго лёсу! За тое, што, фактычна дзякуючы нарачанскім узлётам і падзенням, адбыўся як прафесіянал і чалавек. Няхай наступныя 50 гадоў падораць яшчэ больш адданых сяброў і адкрыецца яшчэ не адна яркая старонка гісторыі!

Такі лідар ёсць

Доктар педагагічных навук прафесар Аляксандр Міхайлавіч РАДЗЬКОЎ у 2003—2010 гадах, калі быў міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь, вельмі ўважліва ставіўся да развіцця і станаўлення не толькі “Зубраняці”, але і ўсёй сістэмы аздараўлення ўвогуле.

— Я заўсёды лічыў, ды і цяпер упэўнены, што летні сезон лагераў — неад’емная частка адукацыйнага вучэбнага працэсу, які ўключае і атрыманне новых ведаў, і выхаваўчыя моманты ў адрозным ад школы і сям’і асяроддзі. Правяраў я гэта шмат разоў: і падлеткам у дзяцінстве, і маладым выкладчыкам, і калі працаваў важатым, і міністрам. Заўсёды з прынцыповай цікавасцю ставіўся да інфармацыі, дзе і якія піянерскія лагеры дзейнічаюць, хто там працуе і як.

Калі на пасадзе міністра адукацыі я атрымаў магчымасць кіраваць усёй гэтай сістэмай, увогуле, зразумеў, што ў кожнай групе павінен быць лідар. Сярод універсітэтаў павінна быць вядучая ўстанова з узорамі навуковых школ, міжнародных сувязей, росту вучоных, узаемадзеяння навукі і вытворчасці, прафесійнага фарміравання кафедр, высокаарганізаванага вучэбнага працэсу, і ў рэгіёнах павінны быць свае лідары: каледжы, ліцэі, рэсурсныя цэнтры, гімназіі… І тады ў лідараў можна і неабходна ўкладваць крыху больш сродкаў, чым ва ўсіх астатніх. Такі лідар быў неабходны і ў сістэме дзіцячага аздараўлення.

Я ведаў, што такім лідарам з’яўляецца “Зубраня”. Яго неабходна толькі падтрымліваць і развіваць ідэю. Калі я далажыў пра гэта прэзідэнту, ён адгукнуўся і падкрэсліў, што гэта павінен быць цэнтр са статусам нацыянальнага — узор, на які будуць раўняцца такія ж абласныя структуры, — у якім будзе сканцэнтравана метадалогія навучання, выхавання, тэхналогія харчавання, падрыхтоўка кадраў. Гэта патрабавала не толькі пабудовы кіраўніцкай і навуковай інфраструктуры, але і рэалізацыі фізічнай рэканструкцыі ўсяго таго, што да гэтага моманту было пабудавана ў “Зубраняці”.

Дырэктар “Зубраняці” Надзея Гена­дзьеўна Ануфрыева прыйшла да мяне менавіта з такой ідэяй: зрабіць з “Зубраняці” нацыянальны цэнтр выхавання і аздараўлення. Так сталася, што імкненні Надзеі Генадзьеўны і мой падыход сышліся. Мы распрацавалі адпаведную праграму, далажылі ўраду і прэзідэнту, атрымалі на гэта сродкі. Пабудавалі яшчэ некалькі карпусоў, рэканструявалі стадыён, узвялі новы дом дзіцячай творчасці. Акрамя таго, Рэспубліканскі піянерскі лагер стаў Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым лагерам, а пазней, у 2009 годзе, атрымаў статус Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра. Сёння развіваюцца аналагічныя рэгіянальныя цэнтры, але “Зубраня” з’яўляецца галоўнай лабараторыяй.

Калі ўсё зроблена з густам, не сорамна і замежных гасцей запрасіць. Штогод у “Зубраняці” праходзіць змена “Дружба без меж”, на якую з’язджаюцца дзеці з многіх краін. І гэтыя сяброўскія дзіцячыя сувязі з цягам часу перарастаюць у дарослыя сувязі ў палітыцы, культуры, бізнесе…

“Зубраня” паспяхова працуе 50 гадоў, значыць, яго канцэпцыя была першапачаткова правільнай. Краіне патрэбен быў свой “Артэк”. І як калісьці “Артэк”, “Зубраня” таксама адбыўся і даказаў сваю неабходнасць.

Тут нараджаецца дружба

Аляксандра ГЕРАСІМЕНЯ — беларуская плыўчыха, неаднаразовы прызёр Алімпійскіх гульняў, шматразовы чэмпіён свету і Еўропы, заслужаны майстар спорту Беларусі.

— У “Зубраня” я ўпершыню трапіла ў класе шостым. Тады мы з нашай “брыгадай” — спартыўным класам, у якім я вучылася, — прыязджалі сюды на своеасаблівыя спартыўныя міні-зборы. Умовы былі проста ідэальнымі. Тут усё было побач: жыллё, сталовая, школа, трэніровачная база. Мы паспявалі ўсё: і асвойваць школьную праграму, і інтэнсіўна трэніравацца, і ўдзельнічаць у атрадных і агульных справах, актыўна бавілі час з равеснікамі. Вялікім плюсам і прычынай нашага агульнага захаплення было тое, што мы ездзілі ў “Зубраня” падчас навучальнага года, бо на той момант іншых такіх лагераў у Беларусі проста не было.

Пасля таго як стала прафесійнай спартсменкай, я прыехала ў “Зубраня” па запрашэнні. Планавалася сустрэча з юнымі спартсменамі, якія ў той час знаходзіліся ў цэнтры. Так я прыехала сюды ў госці, пагутарыла з дзецьмі, расказала пра свой шлях у вялікі спорт.

Унікальнасць “Зубраняці” ў яго атмасферы і незвычайнай дружбе, якая нараджаецца за той час, пакуль дзеці знаходзяцца разам. Лічу, што мне вельмі пашанцавала пабываць у гэтым лагеры, як і многім маім сябрам.

“Я рада, што гэтае месца захавалася”

Іна АФАНАСЬЕВА, спявачка, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, выхаванка заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра-студыі “Вясёлка” (Магілёў), адпачывала ў “Зубраняці” некалькі разоў, а цяпер час ад часу прыязджае ў цэнтр у якасці зорнай госці.

— У дзіцячым узросце я была ў “Зубраняці” некалькі разоў. Спачатку мы прыяз­джалі зусім маленькімі дзецьмі — у сярэдзіне 70-х, я вучылася тады ў класе чацвёртым. А вось другі раз вярнулася сюды ўжо ў больш сталым узросце ў 1980 годзе.

Пачынаю ўспамінаць, і ахоплівае настальгія. Наш першы “Лазурный” корпус, атрад, які складаўся з хлопчыкаў і дзяўчынак з нашага калектыву “Вясёлка”. Мы былі няўрымслівыя, гарэзлівыя і вельмі “самастойныя”… што ні кажы, творчыя натуры. На лінейку строем нас вывесці было вельмі складана (хаця, напэўна, дзеці ўсе такія).

Калі дзіцем была ў “Зубраняці”, вялікай канцэртнай залы яшчэ не было. Але тая старая актавая зала здавалася вялізнай! Там, на сцэне, я спявала песню “Спадчына” Ігара Лучанка на верш Янкі Купалы, і яна мне тады здавалася самай прыгожай з усіх песень. Але асаблівае ўражанне яна пакінула ў мяне там, таму і асацыіруецца менавіта з “Зубранём”.

У абноўлены лагер я трапіла амаль праз 30 гадоў. Мяне запрасілі ў якасці члена журы конкурсу вакалістаў “Звонкая раніца”, фінал якога ў “Зубраняці” праводзіла “Настаўніцкая газета”. Потым некалькі разоў прыяз­джала сюды з канцэртамі.

Праходзячы па калідоры школы, звярнула ўвагу на сцяну з фотаздымкамі вядомых людзей, якія калісьці былі тут. Знайшла і сябе. На зубраняцкай сцэне фатографы мяне не сфатаграфавалі: хто ж ведаў, што я стану заслужанай артысткай!

Часта здараецца, што, вяртаючыся ў якое-небудзь месца, адчуваеш расчараванне: усё не так, як было раней. Прыехаўшы ў “Зубраня”, я звярнула ўвагу, што быццам бы ўсё засталося так, як і тады, у час майго дзяцінства, але лагер вырас: з’явіліся новыя будынкі, добраўпарадкавана тэрыторыя… Я была рада, што гэтае месца захавалася — у іншым, змененым выглядзе, але захавалася. Час ідзе, і было б недарэчна заставацца ў мінулым: кожнае наступнае пакаленне не падобнае на папярэдняе.

Для мяне “Зубраня” — гэта дзяцінства, радасць, піянерскае вогнішча, гэта абавязкова возера Нарач. Пасля 8 класа я пабывала і ў “Артэку”, куды мяне праводзілі ледзь ці не ўсім Магілёвам. Але “Зубраня” ўсё роўна бліжэйшае — да гэтага часу памятаю пах хвойнага лесу ў летнюю спёку.

“Зубраня” — гэта кайф з дзяцінства

Іван ВАБІШЧЭВІЧ (Дзядзя Ваня) — аўтар-выканаўца, музыкант, спявак, артыст, шоу-мен, выхаванец “Зубраняці” і яго часты госць.

— У дзяцінстве, як і многія іншыя дзеці, я пабываў у розных летніх лагерах, але трапіць у “Зубраня” заўсёды было статусна: сябры, якія пабывалі там, прыязджалі з мноствам уражанняў і расказвалі, як там было крута.

Калі я ўпершыню трапіў у “Зубраня” на адну з летніх змен, мне было гадоў 9. Менавіта тады я зразумеў, што такое сапраўдны вялікі піянерскі лагер, пачынаючы з таго, што нам выдалі гальштукі (нягледзячы на тое, што мы былі яшчэ акцябратамі) і парадную форму, якую мы апраналі на важныя мерапрыемствы, і заканчваючы бурнай дзейнасцю на працягу ўсяго жыцця. Жылі мы тады ў самым далёкім корпусе — у дружыне “Зорная”. Шлях у сталовую (тады яна была ў лагеры адна) кожны дзень для нас быў маленькім падарожжам.

Больш знакавым была мая другая змена ў “Зубраняці” ў сакавіку 1993 года. Хто не марыў тады паехаць у лагер падчас навучальнага года? І хаця ў “Зубраняці” таксама была школа, яна была іншая. Я не скажу, што нам рабілі нейкія патуранні, але з “Зубраняці” я і мае сябры вярнуліся з вучэбнымі вынікамі значна лепшымі, чым у сваёй школе.

А самае галоўнае ў мае 12 гадоў было тое, што мы атрымалі ўвесь кайф ад “Зубраняці”. Я быў у лагеры ў складзе харавога калектыву, таму, акрамя ўсяго астатняга, у нас былі дадатковыя харавыя заняткі. Але што зачапіла, дык гэта спаборніцтвы, канцэрты, мерапрыемствы і конкурсы, якія праходзілі амаль кожны дзень.

Успамінаючы падзеі, я разумею, што там упершыню паспрабаваў сябе ў ролі вядучага і ў якасці сольнага поп-выканаўцы. Гэта быў своеасаблівы старт у іншую сферу майго жыцця, таму што тады я не думаў пра сцэну як пра прафесію. Таксама на зубраняцкай сцэне я ўпершыню ўбачыў, як ужывую працуе эстрадны калектыў. Гэта быў мясцовы зубраняцкі ансамбль, у якім ігралі важатыя, а салісткай была Лена Ламаносава, якая да гэтага часу працуе ў “Зубраняці”.

Не так даўно пасля канцэрта дзеці па­клікалі да сябе ў госці на вячэрні агеньчык. Мы пасядзелі з імі, паразмаўлялі, і я зразумеў, што ўсе традыцыі і рытуалы, якія былі ў маім “зубраняцкім” дзяцінстве, жывуць да гэтага часу. Менавіта таму з тымі, хто цяпер адпачывае ў цэнтры або адпачываў там раней, я заўсёды буду гаварыць на адной мове.

Для мяне “Зубраня” — гэта і першае каханне, і першая свабода, і месца, куды хочацца вяртацца. А калі сказаць больш дакладна, “Зубраня” — гэта кайф з дзяцінства.

“Гэта быў час самапазнання”

Аляксей ХЛЯСТОЎ, эстрадны спявак, неаднаразовы ўладальнік тытула “Лепшы спявак года Беларусі”, выхаванец вакальна-інструментальнага ансамб­ля “Равеснік”, праводзіў у “Зубраняці” амаль усё лета.

— У лагер я трапіў, калі ўжо быў часткай вакальна-інструментальнага ансамбля “Равеснік”, — гэта быў канец 80-х — пачатак 90-х гадоў. Некалькі гадоў запар па некалькі змен мы знаходзіліся ў лагеры — былі элементам забаўляльнай праграмы. Мы выконвалі патрыятычныя песні, вядомыя і папулярныя ў той час кампазіцыі. Часта нас прасілі “пакруціць” музыку для дыскатэкі.

Для нас як для музычнага калектыву ў некаторай ступені гэта было самапазнанне. Мы спявалі аўтарскія песні, напісаныя спецыяльна для нашага ансамбля, і, як цяпер сказалі б, каверы (тады гэта называлася “паспявайце што-небудзь яшчэ”).

Па праўдзе кажучы, да нас ставіліся даволі прыхільна. Зарадкі, лінейкі… Бывала, хуліганілі, але па дробязях. У “Зубраняці” право­дзілі амаль усё лета, за выключэннем кароткіх перазменак, якія выкарыстоўвалі для прывя­дзення ў парадак сябе і інструментаў.

Часцей за іншых у нашым атрадзе працавала Наташа Навацкая, мелі зносіны і перасякаліся з Сяргеем Мазуранкам, Ірынай Казловай, Наташай Чыжовай. Сяргей Звяруга — гэта ўвогуле легендарная асоба “Зубраняці”, адно з яго ўвасабленняў і неад’емная частка. Таксама, як і Лена Ламаносава. Яе я запомніў не як атрадную важатую, а як вакалістку падчас нашых канцэртных праграм.

У “Зубраня” траплялі толькі лепшыя — і нам заўсёды давалі гэта зразумець. Акрамя гэтага, там пастаянна адпачывалі дзеці з розных рэспублік СССР і краін замежжа. Завязалася мноства кантактаў, якія, на жаль, праз гады згубіліся (тады ж не было месэн­джараў і сацыяльных сетак).

Так або інакш, у “Зубраняці” мы пачыналі ўсведамляць сваю карысць для грамадства, што ў той час было вельмі важна. Нас засцерагалі ад уплыву вуліцы ў яе шырокім разуменні, вырывалі з кантэксту 90-х, таму што тут былі іншыя, адрозныя ад дваровых, адносіны і ўклад жыцця. “Зубраня” для мяне — гэта перш за ўсё дзяцінства, станаўленне мяне як асобы і як музыканта.

Падрыхтаваў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва НДЦ “Зубраня”.