“Краіна Дзяцінства”

- 12:34Нам пішуць

Гэтым летам педагогі Правамастоўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна прымералі важацкія гальштукі і арганізавалі крэатыўны, карысны, вясёлы адпачынак для дзяцей у лагеры з дзённым знаходжаннем “Краіна Дзяцінства”.

У перыяд з 9 ліпеня па 1 жніўня наша школа ператварылася ў вясёлую краіну, дзе дзейнічалі свае законы, арыентаваныя на ўмацаванне здароўя, развіццё творчага патэнцыялу і ініцыятывы выхаванцаў, арганізацыю актыўнага адпачынку. “Краіна Дзяцінства” — гэта своеасаблівая дзяржава, дзе дзеці і дарослыя роўныя.

Кіраваў “Краінай Дзяцінства” прэзідэнт. Савет прымаў законы, якія ўключалі ў сябе аптымальны рухальны рэжым, рацыянальнае харчаванне, творчую актыўнасць і станоўчыя эмоцыі. Дзейнічала ў “Краіне Дзяцінства” і свая валюта — смайлікі. У канцы дня кожны атрад атрымліваў смайлік пэўнага колеру і кошту ў адпаведнасці з узроўнем актыўнасці ў лагерных мерапрыемствах.

Кожны дзень у лагеры меў сваю тэму. Цікава і з карысцю прайшлі “Дзень здароўя”, “Дзень знаўцаў і эрудытаў”, “Дзень экалогіі”, “Дзень дружбы”, “Дзень хлопчыкаў”, “Дзень дзяўчынак”, “Дзень навукі” і многія іншыя. У “Дзень Нептуна” прайшла экскурсія на выратавальную станцыю Савета Асвод Мастоў, феерычным дэфіле запомніўся майстар-клас “Марская мода — 2018”, які падрыхтавала і правяла намеснік дырэктара лагера Алена Віктараўна Ганевіч.

Аграгарадок Масты Правыя — вельмі маляўнічая мясціна. Году малой радзімы ў лагеры быў прысвечаны “Дзень патрыёта”, які прайшоў пад дэвізам “Мой родны край”. Дзеці ўдзельнічалі ў гульнявой праграме “Беларусь мая сінявокая”, працоўнай аперацыі “Зробім наш школьны двор прыгожым!”, чыталі вершы беларускіх паэтаў, малявалі на тэму “Мой родны кут”. Таксама ў гэты дзень усе стараліся гаварыць толькі на беларускай мове.

Я лічу, нам удалося арганізаваць карысны вольны час нашым выхаванцам. Хочацца падзякаваць прадстаўнікам Мастоўскага РАНС, Мастоўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС, выратавальнай станцыі Савета Асвод Мастоў за змястоўныя і пазнавальныя экскурсіі. А таксама падзякаваць калегам-педагогам і іншым работнікам школы!

Таццяна БУРАК,
дырэктар аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем дзяцей “Краіна Дзяцінства” Правамастоўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.