Краіна стане яшчэ больш прыгожай

Супрацоўнікі Міністэрства адукацыі прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку, які прайшоў у Беларусі. Міністэрскі “працоўны дэсант” адправіўся  ў санаторый-прафілакторый БНТУ “Палітэхнік”. Здраўніца размяшчаецца на беразе Заслаўскага вадасховішча, недалёка ад сталіцы. Работнікі міністэрства добраўпарадкоўвалі тэрыторыю санаторыя: прыбіралі старую лістоту і зрэзаныя галіны, дапамагалі манціраваць новыя драўляныя альтанкі. Разам з міністэрскімі работнікамі над добраўпарадкаваннем санаторыя-прафілакторыя працавалі і студэнты БНТУ.

Cуботнік — значная падзея для ўсіх жыхароў нашай краіны, калі ўсіх іх аб’ядноўвае праца і жаданне тварыць добрыя справы, — адзначыў Эдуард Валянцінавіч Тамільчык, начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі. — Сёння масава выйшлі на суботнік супрацоўнікі сферы адукацыі, а таксама навучэнцы. Дзякуючы працы кожнага, наша краіна стане яшчэ больш прыгожай, яшчэ больш цудоўнай.

На працягу года ў “Палітэхніку” адпачываюць і аздараўліваюцца студэнты БНТУ. На плошчы 14 гектараў размешчаны стадыён, спартыўныя пляцоўкі для міні-футбола, баскетбола, валейбола, бадмінтона і інш. Для аздараўлення ва ўстанове прапануюцца розныя медыцынскія працэдуры, такія як фітатэрапія, сухія вуглякіслыя ванны, магніта- і лазератэрапія, масаж і многае іншае.

Гэтым летам упершыню санаторый ператворыцца ў дзіцячы аздараўленчы лагер. На чатыры змены сюды прыедуць школьнікі. “Палітэхнік” сустрэне іх у поўнай гатоўнасці.

Усяго ў мінулыя выхадныя ў суботніку ўзялі ўдзел каля 3 млн чалавек. Грошы, заробленыя агульнай працай, пойдуць на добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан населеных пунктаў, у тым ліку аграгарадкоў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, месцаў пахавання воінаў і партызан, а таксама на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да летняга сезона. Палова заробленых сродкаў будзе патрачана на закупку медыцынскага абсталявання для бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў рамках падрыхтоўкі да II Еўрапейскіх гульняў 2019 года, якія пройдуць у Мінску.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *