Краіне цікавы вопыт Савета Еўропы ў сферы мясцовага самакіравання

- 10:20Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Гудрун Мослер-Цёрнстрэм.

“Мясцовае самакіраванне, кіраванне рэгіёнамі — гэта вельмі важная ў сучасным свеце тэма. І тое, што Савет Еўропы ўдзяляе гэтаму вялікую ўвагу, дарагога варта. І мы хацелі б бліжэй пазнаёміцца з вашым вопытам, таму цесна супрацоўнічаем з кангрэсам”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што круглы стол, які праходзіць у Савеце Рэспублікі, прынясе пэўную карысць не толькі Беларусі, але і Еўропе ў цэлым, а таксама самому кангрэсу. Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Гудрун Мослер-Цёрнстрэм за магчымасць правесці ў Мінску такое мерапрыемства.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць вопыт міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з Расіяй, Украінай, краінамі Балтыі ў рамках трансгранічных праграм. “Восенню ў нас адбудуцца два буйныя мерапрыемствы: у кастрычніку — сустрэча кіраўнікоў рэгіёнаў Расіі (Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. — Заўв. БелТА), а затым у канцы месяца Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Я з задавальненнем хачу запрасіць вас, калі ў вас будзе час, на гэтыя мерапрыемствы. І вы ўбачыце ўжо вынікі ад рэгіянальнага супрацоўніцтва”, — адзначыў прэзідэнт. Ён дадаў, што гатовы абмеркаваць любыя пытанні, якія ёсць у старшыні кангрэса.

У сваю чаргу Гудрун Мослер-Цёрнстрэм адзначыла, што круглы стол — толькі пачатак супрацоўніцтва ў сферы мясцовага самакіравання. Яна падкрэсліла адкрытасць бакоў для ўзаемадзеяння, а таксама тое, што абедзвюм структурам ёсць чаму павучыцца адна ў адной.

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы — кансультацыйны орган, які прадстаўляе мясцовыя і рэгіянальныя ўлады еўрапейскіх дзяржаў. Ён складаецца з Палаты мясцовых улад і Палаты рэгіёнаў. Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь мае статус запрошанага наглядальніка ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных улад.

Савет Рэспублікі сумесна з КМРУ 11—12 верасня правялі ў Мінску круглы стол па актуальных пытаннях мясцовага самакіравання. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі кангрэса з Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Грэцыі, Румыніі. Узначальвала дэлегацыю старшыня Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Гудрун Мослер-Цёрнстрэм.