Краіны адкрылі Год рэгіёнаў

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

У беларускім знешнепалітычным ведамстве адбылася цырымонія адкрыцця Года рэгіёнаў Беларусі і Кітая ў 2021—2022 гадах. Афіцыйнымі дыпламатычнымі нотамі абмяняліся намеснік міністра замежных спраў Беларусі Мікалай Барысевіч і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Се Сяаюн.

У цырымоніі таксама прыняла ўдзел намеснік міністра эканомікі Анжаліка Нікіціна. Абмен нотамі міністэрстваў замежных спраў сведчыць аб афіцыйным пачатку Года рэгіёнаў і ўступленні ў дзеянне плана мерапрыемстваў па яго рэалізацыі. Акрамя таго, прадугледжана магчымае прадаўжэнне Года рэгіёнаў на 2023 год.

Развіваць супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў Беларусь і Кітай не пачынаюць з нуля. Узаемадзейнічаць у такім фармаце ўжо стала традыцыяй. Кожная з шасці беларускіх абласцей і Мінск устанавілі пабрацімскія сувязі з дзвюма і больш правінцыямі Кітая. Паміж гарадамі дзвюх краін падпісана каля 20 пагадненняў аб супрацоўніцтве.

Беларусь замацавалася не толькі ў Пекіне, дзе працуе пасольства рэспублікі. Таксама адкрыты генеральныя консульствы ў Гуанчжоу, Чунцыне і Шанхаі. У найбліжэйшы час з’явіцца генконсульства ў Ганконгу.

“Па маім глыбокім перакананні, менавіта рэгіянальнае супрацоўніцтва стварае аснову рознабаковага шматузроўневага супрацоўніцтва паміж краінамі, асабліва з Кітаем. Гэта датычыцца і гандлёва-эканамічных сувязей — перш за ўсё, і навукова-тэхнічных, і сацыяльна-гуманітарных, і, самае галоўнае, чалавечых кантактаў. Адметнасць рэгіянальнага супрацоўніцтва ў тым, што яно збліжае народы”, — адзначыў Мікалай Барысевіч.

Дамоўленасць аб правядзенні сумеснага Года рэгіёнаў была дасягнута ў студзені ў час тэлефоннай размовы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра
Лукашэнкі са старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам. “У мэтах развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва прапанавана аб’явіць Год рэгіёнаў Беларусі і Кітая”, — паведамляла па выніках размовы прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы.

Год рэгіёнаў Беларусі і Кітая з’яўляецца трэцім тэматычным годам паміж краінамі. У 2018 годзе прайшоў Год турызму, у 2019-м — Год адукацыі.