Краіны гатовы да больш высокага ўзроўню ўзаемадзеяння

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае дружалюбны і партнёрскі характар беларуска-армянскіх адносін. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Арменіі Арменам Саркісянам.

“Нягледзячы на розныя разважанні ў дэмакратычнай Арменіі, у Беларусі вы заўсёды мелі і будзеце мець добрых і надзейных сяброў. Мы з вамі працуем і ў адзінай эканамічнай прасторы — нашым Еўразійскім саюзе. У ваенна-палітычным саюзе АДКБ. І як бы там ні гаварылі, ні пісалі, мы свята выконваем нашы дамоўленасці. Усё, што пакладзена ў рамкі гэтых арганізацый”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што Беларусь у гэтыя дні прымае буйны міжнародны форум — сустрэчу Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. “Пытанне вельмі важнае і сур’ёзнае. І ваш прыезд у Мінск, удзел у пасяджэннях гэтай групы па такой тэматыцы сведчыць аб тым, што Арменію не проста хвалюе гэтая праблема. Гэта — актуальная праблема для армянскага народа”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Што тычыцца гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, кіраўнік беларускай дзяржавы назваў яго асновай двухбаковых адносін з Арменіяй. “Тавараабарот расце. Мы пераадолелі спад. У мінулым годзе больш за 30 працэнтаў прырост. Гэта недзе $45 млн (узаемны тавараабарот. — Заўвага БелТА.), — канстатаваў ён. — Калі параўноўваць з тым, што наогул нічога не было некалькі гадоў назад, то гэта вынік. Але калі гаварыць аб нашым патэнцыяле, то вядома, гэта не тавараабарот”.

“Мы сёння свабодна маглі б мець $150 млн тавараабароту, і гэта значна ўзняло б нашы адносіны на больш высокі ўзровень. Вы ведаеце нашы магчымасці, мы ведаем вашы. Таму любыя прапановы, якія будуць вылучаны Арменіяй, мы разгледзім у кароткія тэрміны і прымем адпаведнае рашэнне”, — запэўніў беларускі лідар.

Ён дадаў, што Арменія цяпер перажывае чарговыя складаныя дэмакратычныя перамены. “Нікуды ад гэтага не дзецца. І, вядома, атрымаць інфармацыю з першых вуснаў ад свайго сябра і калегі для мяне вельмі важна”.

Прэзідэнт падзякаваў свайму калегу за падтрымку групы беларускіх журналістаў, якія ў свой час былі накіраваны ў Арменію для аб’ектыўнага асвятлення падзей, якія там адбываюцца. “Мы хочам ведаць, што адбываецца ў дружалюбнай нам Арменіі. Я вам за гэта вельмі ўдзячны. Вы нават інтэрв’ю далі нашым журналістам. Вельмі шырока яно разышлося ў Беларусі і не толькі. Мы зразумелі, што адбываецца ў Арменіі. І гэта вельмі важна для нашага народа. Таму мы ў вашай асобе бачым таго чалавека, які аб’ектыўны і гатовы падтрымліваць з Беларуссю адносіны. Мы адкажам узаемнасцю”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Як стала вядома па выніках сустрэчы, прэзідэнты абмеркавалі розныя аспекты двухбаковых адносін, становішча ў свеце. Асабліва была падкрэслена роля мінскай пляцоўкі, якая вызначаецца стабільнасцю і прадказальнасцю, дзе рэгулярна вырашаюцца розныя міжнародныя праблемы. Адзін з прыкладаў — Мінская група АБСЕ, якая займаецца пошукам шляхоў мірнага ўрэгулявання карабахскага канфлікту.

Армен Саркісян таксама адзначыў высокі аўтарытэт беларускага лідара, які, як і Беларусь у цэлым, карыстаецца павагай і даверам.

У ліку цікавых напрамкаў для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва Прэзідэнт Арменіі назваў сферу новых тэхналогій, уключаючы навуку, ІТ, электронныя тэхналогіі. Яшчэ адзін перспектыўны напрамак — гэта харчовая прамысловасць, дзе бакі могуць не толькі ўзаемадзейнічаць паміж сабой, але выходзіць з вырабленай прадукцыяй на рынкі іншых краін.

На сустрэчы былі адзначаны і даўнія сувязі народаў дзвюх краін, агульная гісторыя. Адзін з яе элементаў — маладзёжны камсамольскі рух, 100-годдзе якога цяпер адзначаецца. “У гэтыя дні ў нас праходзяць масавыя мерапрыемствы, звязаныя са 100-годдзем камсамола. Вы правільна сказалі — гэта наша гісторыя, нам ад яе нікуды не адысці, нікуды не дзецца”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.