Краіны могуць значна рушыць наперад па ўсіх напрамках супрацоўніцтва

- 10:50Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і Латвія могуць значна палепшыць свае адносіны. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Латвіі Марысам Кучынскісам.

“Шчыра скажу, мне прыемна бачыць вас у Беларусі. Добра, што вы прыехалі. Прынята лічыць (прынамсі, усё пазнаецца ў параўнанні з іншымі нашымі суседзямі), у нас з Латвіяй добрыя адносіны. Але мяне не пакідае думка аб тым, што яны могуць быць значна лепшыя. Мы шмат нашых магчымасцей не рэалізуем. І ў гэтым плане ваш візіт у Беларусь вельмі жаданы і знакавы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку прэзідэнта, Беларусь і Латвія пры жаданні могуць значна рушыць наперад па ўсіх напрамках супрацоўніцтва, якія ўяўляюць узаемавыгадны інтарэс. Прычым як у палітычнай, так і эканамічнай сферах. “Нам не хапае зусім крыху, таму вельмі спадзяюся, што пасля гэтага візіту мы шмат што зможам зрабіць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Вы маеце рацыю, калі мяне крытыкуеце, што я вельмі савецкі чалавек. Так, я савецкі чалавек. Я як ставіўся да Латвіі і лічыў Рыгу не чужым мне горадам, так і стаўлюся. Гэта не чужыя нам людзі, мы разам жылі. Больш за тое, мы суседзі і не маем прэтэнзій адзін да аднаго. Такое ў мяне стаўленне і да літоўцаў, эстонцаў. Таму вы павінны разумець, што, нягледзячы на тое, што ў мяне такі светапогляд, палітычныя погляды, вы павінны быць упэўнены: Латвія для нас не чужая краіна”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларускі бок гатовы развіваць адносіны з Латвіяй на аснове кампрамісаў. “Мы гатовы будаваць з вамі адносіны, каб і мы, і вы былі больш незалежныя па вуглевадародах. Вы маеце прамы выхад да мора — у гэтым плане можам дамовіцца і па пастаўках. Асабліва актуальна аднаўляльная энергія, электраэнергія”, — сказаў прэзідэнт.

“Адчуваю, што дзякуючы гэтаму візіту мы зможам шмат аб чым дамовіцца. І вам не будзе сорамна перад латышамі, і нашаму прэм’еру — перад беларусамі. Адзінае толькі прашу помніць аб адным, што мы ніколі не будзем дружыць з любой краінай супраць Расіі, як з іншымі краінамі супраць Латвіі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў неабходнасць захавання ў рэгіёне міру і спакою. Хопіць таго, што і так ужо некалькі гадоў не можа вырашыцца канфлікт ва Украіне. “Дай бог, каб гэта не атрымала сваё негатыўнае развіццё. Таму давайце захаваем у гэтым краі, геаграфічным цэнтры Еўропы мір і спакой. У гэтым плане вы можаце на Беларусь разлічваць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

“Мы прытрымліваемся практыкі і палітыкі не ствараць праблем нашым суседзям. Не трэба, каб суседзі на цябе скоса глядзелі. Мы з гэтага зыходзім і ў адносінах да Літвы, Латвіі, Эстоніі. Мы ніколі вас не папракнулі ў тым, што вы ўступілі ў Еўрапейскі саюз. Наадварот, спрабуем з гэтага атрымаць карысць, мы рады, калі ў вас атрымліваецца. Але вы павінны дакладна разумець, што Расія для нас не проста дружалюбная краіна — там жыве брацкі нам народ”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прызнаў, што Беларусь і Расія не без праблем будуюць свае адносіны. “Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Гэта не адносіны народа Беларусі і народа Расіі, гэта адносіны дзвюх улад — Прэзідэнта Расіі і Прэзідэнта Беларусі. Калі мы часам не ўмеем нешта будаваць і наладжваць, гэта нельга перакладаць непасрэдна на адносіны нашых народаў”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што Беларусі выгадныя адносіны з Расіяй і з эканамічнага пункту гледжання. “Эканоміка Беларусі даволі магутная. Паводле розных ацэнак, ад $75 млрд да $100 млрд мы тут ствараем. Вынікі эканомікі, як вы разумееце, павінны рэалізоўвацца ў гандлі. Еўрасаюз і Расія — наш асноўны рынак”, — канстатаваў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што беларускі народна-гаспадарчы комплекс да гэтага часу вельмі цесна звязаны з расійскім. Беларусь закупляе ў суседняй краіне шмат сыравіны, каб потым вырабіць у сябе тавар. “На прадпрыемствах у Расіі, у якіх мы купляем тавар, працуе амаль 10 млн чалавек. І яны ад нас у гэтым плане залежныя: не станем мы купляць камплектуючыя, металы, вуглевадароды ў іх — гэта скарачэнне вялікае. Таму тут узаемная залежнасць у эканоміцы”, — сказаў беларускі лідар.

Беларуская атамная станцыя можа стаць агульным здабыткам краін рэгіёна, заявіў падчас сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Латвіі Марысам Кучынскісам Прэзідэнт Беларусі.

“Гэта станцыя беларуская. Мы ідзём да глабалізацыі, межы ўсё больш сціраюцца. Настане час, калі гэта будзе здабытак агульны — Беларусі і Латвіі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў латвійскаму боку за тое, што ён не крытыкуе Беларусь за будаўніцтва ўласнай атамнай станцыі. На думку прэзідэнта, яна прынясе карысць не толькі цяперашняму, але і будучым пакаленням.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сваю АЭС таксама хоча ўзвесці Польшча, аднак супраць гэтага ніхто не выступае. “Мы станцыю ўсё роўна пабудуем. Мы ж яе будуем на прынцыпах міжнароднага права. І я часта кажу: давайце будзем разам думаць, як яе выкарыстоўваць”, — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць магчымым прыцягнуць да работы на БелАЭС спецыялістаў з Літвы, якія раней былі задзейнічаны на Ігналінскай атамнай станцыі, аднак страцілі работу пасля закрыцця аб’екта. “Мы гэтага не баімся, хоць гэта вельмі сур’ёзны аб’ект”, — канстатаваў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь зацікаўлена ў бяспецы сваёй атамнай станцыі больш, чым іншыя дзяржавы. “Мы нясём за гэта адказнасць. Чамусьці ўсюды будуюць станцыі, і ніхто асабліва не абураецца. І Расія будуе мноства гэтых станцый і блокаў па ўсім свеце. Таму мы яе пабудуем, і нам з гэтага трэба атрымліваць узаемныя выгады”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

Прэм’ер-міністр Латвіі Марыс Кучынскіс у сваю чаргу на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам падкрэсліў, што разлічвае на актывізацыю супрацоўніцтва з Беларуссю.

“Упэўнены, што гэты візіт павінен даць некаторае паскарэнне нашым адносінам. Калі гаварыць аб эканамічных, думаю, што вельмі многае мы не выкарысталі з таго, дзе можна знайсці агульны інтарэс”, — сказаў Марыс Кучынскіс.

Ён звярнуў увагу на той факт, што ў Латвіі добра ведаюць пра Беларусь, і бакі могуць размаўляць на адной мове, што таксама садзейнічае развіццю кантактаў. “Можам шукаць (магчымасці для развіцця супрацоўніцтва. — Заўвага БелТА.) не толькі па транзіце, лагістыцы, але ўчора мы з прэм’ерам дамовіліся яшчэ на працягу месяца абмеркаваць канкрэтныя пункты, над якімі будзем працаваць”, — адзначыў Прэм’ер-міністр Латвіі.

Кіраўнік латвійскага ўрада таксама расказаў аб намеры наведаць у Беларусі Парк высокіх тэхналогій. У гэтай сферы таксама ёсць добрыя перспектывы для супрацоўніцтва, лічыць ён.

Марыс Кучынскіс адзначыў і інтарэс да ўзаемадзеяння ў сферы сельскай і лясной гаспадаркі, адукацыі і навукі. “Думаю, што мы таксама можам яшчэ больш развіць дыялог і па іншых пытаннях”, — дадаў ён.

Акрамя таго, бакі ўзаемадзейнічаюць у фармаце ініцыятывы ЕС “Усходняе партнёрства”. Гэты напрамак таксама закранаўся падчас перагавораў з кіраўніком беларускай дзяржавы.