Краіны падкрэсліваюць сваю прыхільнасць да выканання норм міжнароднага права

- 10:57Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнты Беларусі і Сербіі падкрэсліваюць прыхільнасць дзвюх краін да выканання агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права. Аб гэтым сказана ў сумеснай заяве, якую падпісалі 19 лістапада ў Мінску Аляксандр Лукашэнка і Томіслаў Нікаліч.

Прэзідэнты падкрэслілі прыхільнасць дзвюх краін да выканання таксама мэт і прынцыпаў ААН, умацавання яе цэнтральнай ролі ў вырашэнні ўсяго комплексу пытанняў па падтрыманні міру і бяспекі, сустрэчы з сучаснымі выклікамі і пагрозамі, мірным урэгуляванні міжнародных канфліктаў і спрэчак. Лідары дзвюх краін дамовіліся пашы-раць супрацоўніцтва па лініі рэгіянальных аб’яднанняў і ініцыятыў.
Кіраўнікі дзяржаў адзначылі канструктыўнае супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі ў АБСЕ. Падкрэслілі прыхільнасць бакоў да мэт захавання ролі арганізацыі як найважнейшага форуму для вядзення раўнапраўнага і збалансаванага дыялогу па пытаннях бяспекі і супрацоўніцтва, павышэння яе эфектыўнасці пры захаванні асноўнага прынцыпу кансэнсусу.
Зыходзячы з узаемнага імкнення да далейшага ўмацавання доўгатэрміновага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі як на двухбаковай аснове, так і ў шматбаковым фармаце, прэзідэнты канстатавалі пазітыўную дынаміку развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сербіяй, заснаванага на традыцыйна блізкіх духоўных і культурных сувязях двух славянскіх народаў.
Аляксандр Лукашэнка і Томіслаў Нікаліч высока ацанілі вынікі супрацоўніцтва і прагрэс у розных галінах, дасягнутыя пасля сустрэчы на вышэйшым узроўні ў 2014 годзе ў Бялградзе, праявілі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым падтрыманні рэгулярнага двухбаковага палітычнага дыялогу на вышэйшым і высокім узроўнях, дынамічным развіцці міжпарламенцкіх сувязей, удасканаленні дзеючых і стварэнні новых механізмаў беларуска-сербскага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы, пашырэнні дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва.
Прэзідэнты Беларусі і Сербіі адзначылі новыя магчымасці развіцця гандлёва-эканамічных адносін, якія прадастаўляюць членства Беларусі ў ЕАЭС, наяўнасць у Сербіі рэжыму свабоднага гандлю з Еўрапейскім саюзам, Цэнтральна-Еўрапейскай асацыяцыяй свабоднага гандлю і іншымі краінамі. Бакі выказалі задавальненне станоўчай дынамікай супрацоўніцтва і намецілі прыярытэтныя напрамкі паглыблення двухбаковых сувязей.