Краіны вызначаць стратэгію далейшага развіцця інтэграцыі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе да 20-годдзя саюзнага дагавора ў снежні 2019 года зняць усе праблемныя пытанні ў адносінах Беларусі і Расіі. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

“У снежні 20 гадоў нашаму саюзнаму дагавору. Ні адной праблемы, я так мяркую, мы не павінны вынесці за межы гэтага тэрміну. Гэта нас падганяе. Што мы будзем гаварыць у 20-годдзе? Няма чаго будзе сказаць, калі мы не знімем усе пытанні, якія ёсць, і не падпішам праграму, якая вызначыць стратэгію нашых сумесных дзеянняў. Таму я прапаную зняць усе пытанні да гэтай даты. І ў рамках Вышэйшага дзяржсавета (або як мы дамовімся) усё гэта зацвердзіць. І праграму, якая вызначыць стратэгію нашых дзеянняў, і зняць бягучыя праблемы”, — сказаў беларускі лідар.

Уладзімір Пуцін адзначыў неабходнасць прадоўжыць дыскусіі, пачатыя яшчэ напярэдадні, на нефармальнай сустрэчы, а таксама абмеркаваць пытанні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. “Усё гэта вельмі важна, цікава, перспектыўна і карысна. У нас працуе ўрадавая камісія, якая, спадзяюся, сёння нам даложыць аб выніках работы па далейшым развіцці Саюзнай дзяржавы. У гэтым годзе ў нас юбілей у снежні. Таму мы з Аляксандрам Рыгоравічам вырашылі прааналізаваць усё, што зроблена ў рамках саюзнага дагавора, што не зроблена, па якіх прычынах. І выпрацаваць прымальныя для нашых краін шляхі далейшага развіцця інтэграцыі”, — сказаў расійскі лідар.

Ён асабліва падкрэсліў, што Беларусь, безумоўна, з’яўляецца самым блізкім стратэгічным партнёрам і саюзнікам Расіі. “Мы працуем па ўсіх напрамках. І ў сферы бяспекі, і ваеннай справы, у абароне, у эканоміцы. У нас расце тавараабарот, што не можа не радаваць. Расія — найбуйнейшы інвестар у эканоміку Беларусі”, — дадаў Уладзімір Пуцін.

“Але ёсць і пытанні, якія заўсёды ў рамках такой вялікай сумеснай работы ўзнікаюць. Спадзяюся, што і сённяшняя сустрэча пойдзе на карысць для таго, каб рухацца далей”, — сказаў Прэзідэнт Расіі.

Аляксандр Лукашэнка ў адказ адзначыў супадзенне поглядаў з расійскім лідарам. Ён дадаў: “Мы часам зацягваем вырашэнне нейкіх пытанняў (па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах) і прыйшлі да такога моманту, калі трэба ўжо не проста гаварыць, а прымаць рашэнне. Ад нас гэтага ўжо чакаюць не толькі журналісты, спецыялісты, але і звычайныя людзі. Гэта праўда. Таму момант характарызуецца тым, што трэба прымаць рашэнне”.

“Што тычыцца нас з Уладзімірам Уладзіміравічам, прэзідэнты свой шлях прайшлі. Мы не раз сустракаліся — і ў Сочы, і ў Маскве, і ў іншых месцах. І нас нават падкрытыкоўвалі за тое, што мы часта сустракаемся і нібыта не вырашаем. Мы ўсё вырашылі — тое, што намячалі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Мы вызначылі нават канкрэтныя дзеянні. Як сказаў Уладзімір Ула­дзіміравіч, стварылі сумесную групу на ўзроўні ўрадаў. Цяпер працуюць урады. Гэта значыць, прэзідэнты выканалі сваю місію, адыгралі сваю ролю, вызначылі ўсё, што ад нас патрабуецца”, — падкрэсліў ён.

“Мы маем сёння праграму. Гэта больш-менш стратэгічны дакумент. І мы сёння маем, можна сказаць па-народнаму, кучу бягучых праблем. Група і ўрады гэтыя праблемы бачаць. І праграму выпрацавалі, якая, паводле ўрадавых ацэнак, на 80—90 працэнтаў узгоднена”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

“Я не хачу, каб потым нехта з журналістаў або спецыялістаў нас крытыкаваў, што беларусы, Лукашэнка зноў патрабуюць вырашэння канкрэтных пытанняў. Канкрэтныя пытанні ляжаць на паверхні. Калі іх не вырашыць, гаварыць аб стратэгіі проста будзе смешна. Таму я падтрымліваю прапанову нашых урадаў аб тым, што мы павінны адначасова вырашыць усе праблемы да 20-годдзя нашага саюзнага дагавора — да 8 снежня. Часу дастаткова”, — рэзюмаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён таксама падзякаваў Уладзіміру Пуціну за паездку па святых мясцінах напярэдадні, у час нефармальнай сустрэчы. “Гэта не проста была нейкая азнаямленчая экскурсія. Нашы вытокі там. Нашы карані там — нашай веры, моцных, сапраўдных людзей. Не думаю, што Прэзідэнт Расіі кагосьці вось так вадзіў за руку і паказваў, ведаючы дакладна гэтыя ўсе мясціны. Я вельмі цаню, што вы ўчора мяне так правялі і паказалі ўсё гэта. Думка ў мяне была аб тым, як нам, беларусам, прадоў­жыць гэты шлях на Валааме і ў іншых нашых манастырах. Тым больш беларусаў мы там шмат сустракалі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сустрэча прэзідэнтаў дзвюх краін папярэднічала іх удзелу ў пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.