Краіны зацікаўлены ў падтрыманні высокага ўзроўню эканамічнага ўзаемадзеяння

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка на сустрэчы ў МЗС Літвы абмеркаваў з віцэ-міністрам замежных спраў Літвы Дарусам Скусявічусам узнятыя Літвой пытанні ў сувязі з будаўніцтвам АЭС у Беларусі, паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

“Разам з канстатацыяй шэрага істотных рознагалоссяў у ацэнках беларускага і літоўскага бакоў намеснікам міністра замежных спраў Беларусі была даведзена інфармацыя аб прыняцці неабходных мер па гарантаванні бяспекі ў ходзе будаўніцтва і будучай эксплуатацыі БелАЭС, выкананні міжнародных абавязацельстваў і адпаведным узаемадзеянні Беларусі з профільнымі міжнароднымі арганізацыямі, уключаючы супрацоўніцтва з МАГАТЭ”, — адзначылі ў прэс-службе.

Алег Краўчанка праінфармаваў аб працэсе разгляду вынікаў стрэс-тэстаў БелАЭС, што завяршаецца цяпер, у час партнёрскай праверкі, якая праводзіцца ў адпаведнасці з добраахвотна прынятымі Беларуссю абавязацельствамі і па ўзгодненым з Еўрапейскай камісіяй алгарытме.

Акрамя таго, адбылося абмеркаванне цяперашняга стану спраў і перспектыў развіцця ўзаемадзеяння Беларусі з ЕС, беларуска-літоўскіх адносін. Бакі канстатавалі ўзаемную зацікаўленасць у падтрыманні высокага ўзроўню эканамічнага ўзаемадзеяння, у тым ліку падкрэсліўшы важнасць рэгулярнага правядзення беларуска-літоўскіх эканамічных форумаў, 14-ы з якіх прайшоў у Віцебску 7—8 чэрвеня.