Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на вырашэнне да канца года пытанняў, што стаяць на беларуска-расійскім парадку дня. Аб гэтым ён заявіў у Сочы на перагаворах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным з удзелам кіраўніцтва ўрадаў дзвюх краін.
“Мы дакладна выконваем свае дамоўленасці, абавязацельствы, як беларусы, так і расіяне, мы з вамі, зразумела. Вы правільна сказалі: мы дамовіліся сустрэцца тут больш шырокім колам. Менавіта гэтым колам. Павінен сказаць вам, што як беларусы, так і расіяне (урады) вельмі сур’ёзна папрацавалі пасля гэтага. Мне прэм’ер дакладваў пасля сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Расіі — вельмі цікавыя ёсць выхады да вырашэння многіх пытанняў. І калі мы будзем рухацца ў гэтым напрамку, я ўпэўнены, што да канца года практычна ўсе пытанні развяжам”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
“Яны (пытанні. — Заўвага БелТА.) не такія складаныя, хоць з фінансавага пункту гледжання некаторыя цяжкія, паколькі ўвязаны вялікія фінансавыя патокі. Тым не менш іх трэба вырашаць. І многае зроблена для таго, каб вырашыць і ў сельскай гаспадарцы праблемы, і ў нафтагазавай сферы. Праблем асаблівых з вырашэннем пытанняў я не бачу”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Уладзімір Пуцін адзначыў, што на мінулай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы размова ішла аб бягучых справах, перспектывах развіцця як двухбаковых адносін, так і інтэграцыйных аб’яднанняў, у якія ўваходзяць Беларусь і Расія. “Дамовіліся, што мы сустрэнемся ў больш шырокім складзе. Тым больш ва ўрадзе Беларусі адбыліся істотныя змяненні. Нам трэба зверыць гадзіннікі па некаторых пытаннях. Некаторыя пытанні даўрэгуляваць”, — сказаў расійскі лідар.
Ён адзначыў, што зусім нядаўна ўзнікала шмат спрэчак па шэрагу напрамкаў. “Скажам, у галіне сельскай гаспадаркі, па энергетычных пытаннях нам трэба некаторыя кропкі над “і” расставіць. Таму дамовіліся, што сустрэнемся ў шырокім складзе”, — сказаў Прэзідэнт Расіі.
Беларуска-расійскія адносіны знаходзяцца на высокім узроўні з пункту гледжання ўсіх магчымых напрамкаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяння: палітыкі, эканомікі, сацыяльнай сферы і культуры.
Расія з’яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. Па выніках 2017 года тавараабарот склаў $32,4 млрд і ў параўнанні з 2016 годам павялічыўся на 23,5 працэнта. Аб’ём тавараабароту за студзень — ліпень 2018 года склаў $20,4 млрд, павялічыўшыся да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года на 15,2 працэнта.
У 2017 годзе на долю Расіі прыпадала $3,7 млрд, або 38,1 працэнта агульнага аб’ёму прыцягнутых за гэты перыяд у Беларусь замежных інвестыцый.