Кранае да слёз

- 11:43Культура

“Вясёлкавы карагод” на Віцебшчыне: удзельнікі фестывалю творча расказваюць аб мінулым і сучаснасці родных мясцін, беражліва захоўваюць традыцыі, развіваюць народныя рамёствы. 

Шчодрая фестывальная палітра ўвасобілася ў яркія ўзоры выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, песні і танцы, інсцэніроўкі і клаўнады, выступленні інструментальных ансамбляў і тэатраў моды. Усіх, хто прысутнічаў на абласным этапе XIII Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці, з’яднала агульнае адчуванне свята, судакранання з сапраўдным цудам. 

— Нашы юныя ўдзельнікі паказваюць свае ўменні і навыкі, гэта надзвычай карысна і, у прыватнасці, дае велізарны маральны стымул для развіцця, — акцэнтавала ўвагу загадчык аддзела культурна-адпачынкавых праграм Нацыя­нальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Наталля Камзалава. — Фестываль выходзіць на фінішную прамую, мы наведваем ужо шосты рэгіён. Калі бачыш, колькі працы, майстэрства, шчырасці, старання і бязмернай любові ўкладзена ў кожную работу, гэта кранае да слёз. А разам з тым умацоўваецца ўпэўне­насць: “Вясёлкавы карагод” будзе і далей да­рыць адкрыцці, прыемна здзіўляць. Радуе нястомны прафесійны, творчы пошук педагогаў, якія штодня карпатліва развіваюць навыкі, неабходныя хлопчыку або дзяўчынцы ў канкрэтным узросце з улікам індывідуальных магчымасцей. Гэта натхняе дзяцей, і яны таксама стараюцца праявіць сябе як мага лепш. У Год гістарычнай памяці прадстаўнікі гарадоў і раёнаў творча расказваюць аб мінулым і сучаснасці родных мясцін. Удзельнікі беражліва захоўваюць нацыянальныя традыцыі, развіваюць народныя рамёствы. Пастаянна асвойваюць новыя напрамкі, за пацвярджэннем далёка не трэба хадзіць. Паглядзіце на выставу: карціны, фатаграфіі, мяккая цацка, разьба па дрэве, кераміка, аплікацыі з шэрсці, жгутавая пляценне, роспіс па шкле выкананы ў розных тэхніках проста выдатна! Вельмі каштоўна, што дзеткам тлумачаць: прыгажосць можна і трэба прыўносіць у штодзённы побыт. Важна гарманізаваць асобу кожнага дзіцяці на ўсіх этапах яго станаўлення, дапамагаючы яму расці шчаслівым і па магчымасці творча сябе праяўляць.   

Усе юныя таленты атрымалі заслужаныя ўзнагароды і шматлікія падарункі ад сацыяльных партнёраў.

Як падкрэсліла дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Марынэ Фёдарава, у дзіцячых дамах, спецыяльных установах з выхаванцамі, якія маюць асаблівасці развіцця, працуюць лю­дзі з вялікім сэрцам. Многія дзеці займаюцца ў цэнтрах карэкцыйна-развіццёвага навучання, у іх дыягнаставаны цяжкія множныя парушэнні развіцця. Таму журы ацэньвала і работу педагогаў, якія дапамаглі раскрыцца талентам дзяцей. Так, сярод мноства работ выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці гран-пры прысудзілі сямікласніку Акцябрскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Собалева Тадэвушу Урбелю за серыю макрафатаграфій. Развіваць талент хлопчыку з аўтызмам дапамагаюць бацькі сумесна з педагогамі абласнога Палаца дзяцей і моладзі, Тадэвуш займаецца ў дзіцячай выяўленчай майстэрні “Маленькія чараўнікі”.   

Журы назвала і прадстаўнікоў вобласці на рэспубліканскім этапе фестывалю. У намінацыях адзначаны: дапаможная школа № 24 Оршы (“Лепшы інструментальны калектыў”), тэатр “Вясёлка” Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Наваполацка (“Лепшы тэатральны калектыў”), дапаможная школа № 26 Віцебска (“Лепшы музычны калектыў”), Мёрскі цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі (“Лепшы эстрадна-цыркавы калектыў”), ансамбль “Вясёлы абцас” Падсвільскага ясляў-сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна (“Лепшы дзіцячы калектыў”); сярод вакалістаў — Арына Міхайлоўская з сярэдняй школы № 25 Віцебска, сярод чытальнікаў — Іван Малчанаў з сярэдняй школы № 47 Віцебска імя Я.П.Іваноўскага. Кірыла Яўневіча з абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі прызналі лепшым выканаўцам на музычным інструменце.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім
абласным цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.