Красамоўна і пераканаўча

- 13:44Партфоліа

У кожнага настаўніка ёсць свае любімыя метадычныя прыёмы, якія павышаюць пазнавальную актыўнасць школьнікаў, матывацыю да навучання, садзейнічаюць развіццю камунікатыўных навыкаў. 

KWL

Для работы з аўтэнтычнымі тэкстамі настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 207 Мінска Аляксандра Косцікава прапануе выкарыстоўваць прыём KWL, які расшыфроўваецца як Know / Want to know / Learnt. Напрыклад, праходзячы тэму City Life, вучні звяртаюць увагу на такі аспект, як графіці ў горадзе. Калі педагог бачыць, што дзеці зацікавіліся гэтай тэмай, то прапануе ім відэа. Дошка або ліст паперы дзеліцца на 3 калонкі: Know / Want to know / Learnt. У першай калонцы пішацца тое, што вучні ўжо ведаюць па тэме графіці. Гэта дапамагае актывізаваць іх веды па тэме, настроіць на работу і зацікавіць. У другой калонцы школьнікі складаюць пытанні, адказы на якія яны хацелі б даведацца з відэа. Пры гэтым спачатку настаўнік можа папрасіць іх прыдумаць пытанні, не паказваючы назвы відэа. Вучні складаюць пытанні, якія цікавяць іх. На гэтым этапе дзецям даецца час падумаць індывідуальна, а затым падзяліцца з настаўнікам. Затым школьнікам паказваецца назва відэа і застаўка для больш дакладных пытанняў і здагадак: How popular is graffiti? Who is the man in the picture? What kind of graffiti is it? Is it famous graffiti?  

Пасля гэтага арганізоўваецца праслухоўванне ці прагляд відэа. Першы раз вучні слухаюць і глядзяць, факусіруючы сваю ўвагу на першай калонцы. Яны птушачкамі адзначаюць, ці адлюстроўваюцца ў відэа тыя здагадкі і агульныя веды, якія ўнеслі ў першую калонку, або відэа пра нешта іншае. Ім не трэба разумець дэталі і кожнае слова. Другі раз вучні слухаюць і звяртаюць увагу на пытанні ў другой калонцы. Яны могуць іх падкарэкціраваць і дапісаць новыя. Паколькі аўдыё аўтэнтычнае, на гэтым этапе вучням даецца шанс паслухаць двойчы. Далей зноў у парах або індывідуальна ідзе абмеркаванне адказаў. Педагогу можна ўскладніць заданне, прапанаваўшы расказаць, чым адрозніваецца відэа ад іх чаканняў.

У трэцяй калонцы вучні змяшчаюць адказы, пра што яны даведаліся з відэа. Пажадана, каб яны рабілі гэта сваімі словамі, хоць педагог можа даць падказку ключавымі словамі. Пасля гэтага этапу настаўнік просіць аднаго вучня або некалькі (калі інфармацыі шмат) пераказаць, аб чым жа было відэа. Такое заданне можа быць дамашнім. Аднак педагогу неабходна памятаць пра аўтэнтычнасць і актуальнасць задання.

На думку Аляксандры Косцікавай, табліца KWL дазваляе ўбачыць цяперашні ўзровень ведаў вучняў па пэўнай тэме і іх пажаданні. Пасля гэтага вызначаюцца агульныя або індывідуальныя напрамкі навучання школьнікаў. З часам дзеці могуць дадаваць якія-небудзь новыя пытанні па гэтай тэматыцы. Такім чынам, яны становяцца саўдзельнікамі ў вывучэнні прадмета, у іх з’яўляецца большая зацікаўленасць у працэсе навучання. Акрамя таго, выкарыстанне табліцы KWL дазваляе вучням пашыраць свае веды па тэме, вывучаючы прадмет дома. Ведаючы пра інтарэсы вучняў, у настаўніка ёсць магчымасць пабудаваць урок такім чынам, каб зацікавіць іх, атрымаць зваротную сувязь, ці дайшоў матэрыял да вучняў, ці зразумелі яны яго. 

— Любое неадаптаванае відэа ці аўдыё можна выкарыстоўваць у адукацыйных мэтах, — пераканана педагог. — Трэба толькі памятаць аб тым, што заданне павінна быць прывязана да тэмы ўрока, падабрана з улікам інтарэсаў, узроўню ведаў і ўменняў вучняў, не павінна быць занадта складаным. На падрыхтоўку да такога ўрока затрачваецца пэўны час, аднак пры правільнай арганізацыі вучні прыходзяць у захапленне.

“Вертыкальная дыскусія”

У арсенале настаўніка англійскай мовы сярэдняй школы № 215 Дзмітрыя Свідзінскага ўніверсальны прыём “Вертыкальная дыскусія”, які можна разглядаць як метад інтэрактыўнага навучання і выкарыстоўваць як аснову ў тэхналогіі праблемна-дыялагічнага навучання. Больш за тое, прыём з’яўляецца здароўезберагальным, бо павышае рухальную актыўнасць школьнікаў. 

Вучэбная дыскусія будуецца на раўнапраўным супрацоўніцтве навучэнцаў і настаўніка з мэтай паглыбленага і рознабаковага абмеркавання ідэй, пунктаў гледжання. Клас дзеліцца на дзве групы — удзельнікі і суддзі. Удзельнікі выстройваюцца адно за адным у адну лінію і па чарзе выказваюць сваё стаўленне да таго ці іншага пытання, сцвярджэння або выказвання. Яны павінны вызначыць сваю пазіцыю па кожным пытанні (заняць месца злева або справа ад лініі ў залежнасці ад таго “згодны” або “не”) і аргументаваць выбар. Настаўнік не мае права каменціраваць адказы навучэнцаў. Падчас дыскусіі суддзі могуць папрасіць удзельніка прывесці прыклады або доказы, калі адказ удзельніка быў занадта кароткім і недастаткова аргументаваным.

Пасля заканчэння дыскусіі суддзі выказваюць сваё меркаванне і выбіраюць найбольш актыўнага ўдзельніка, у якога былі больш важкія аргументы. Затым удзельнікі і суддзі мяняюцца месцамі. Такім чынам, кожны навучэнец зможа пабываць у ролі ўдзельніка і ў ролі суддзі, навучыцца і аргументаваць свой пункт гледжання, і ацэньваць аргументы суразмоўніка.

На ўроку англійскай мовы ў 10 класе, напрыклад, навучэнцы разважаюць пра важнасць адукацыі ў жыцці чалавека. 

— I believe that nowadays, education is important for every person. Only with good education you can get a well-paid job. (Лічу, што адукацыя вельмі важная ў жыцці кожнага чалавека. Толькі з добрай адукацыяй можна атрымаць высокааплатную работу.)

— I don’t agree with you! I can give you many examples of success without a diploma: Bill Gates, Steve Jobs…Thomas Edison didn’t even finish school! (Я не згодны з табой! Магу прывесці прыклады паспяховых людзей, якія не маюць дыплома: Біл Гейтс, Стыў Джобс … Томас Эдысан наогул не скончыў школу!)

Меркаванні вучняў разыходзяцца. Пачынаецца спрэчка і педагог прапануе арганізаваць вертыкальную дыскусію. Навучэнцы выстройваюцца ў вертыкальную лінію адно за адным тварам да глядзельнай залы. Двое навучэнцаў займаюць месцы суддзяў за партай. Настаўнік вывешвае на дошку першае сцвярджэнне: Education is your passport to the future. Without it you won’t get a good job (Адукацыя — гэта пашпарт у будучыню. Без яго немагчыма атрымаць добрую работу.) Навучэнцы па чарзе выказваюць сваё меркаванне па прапанаваным сцвярджэнні і займаюць месца злева ці справа ад лініі ў залежнасці ад таго “згодны” ці “не”. Калі ўсе ўдзельнікі выказаліся, суддзі падводзяць вынікі і выбіраюць двух найбольш актыўных удзельнікаў. Выбраныя ўдзельнікі робяць крок наперад і мяняюцца з суддзямі месцамі. Настаўнік вывешвае на дошку другое сцвярджэнне: Parents are the best teachers (Лепшыя настаўнікі — гэта бацькі.) Навучэнцы зноў выстройваюцца ў вертыкальную лінію і дыскусія паўтараецца.

— Прыём “Вертыкальная дыскусія” дазваляе разнастаіць віды заняткаў, зрабіць іх больш цікавымі і запамінальнымі. Навучэнцы ўдасканальваюць маўленне на англійскай мове, вучацца правільнаму і аргументаванаму вядзенню дыялогу, развіваюць уменне ацэньваць доказы суразмоўніка і крытычна аналізаваць атрыманую інфармацыю, — падкрэслівае Д.У.Свідзінскі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.