Нядаўна каманда беларускіх школьнікаў вярнулася з XXVIІ Міжнароднага турніру юных фізікаў, які праходзіў у Вялікабрытаніі (г.Шрусберы) на базе прыватнай школы-пансіёна. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды з 28 краін. Лідарамі турніру сталі каманды з Сінгапура, Славакіі, Польшчы і Кітая. Беларусы па выніках выпрабаванняў заваявалі бронзавыя медалі. Падрабязней аб ходзе турніру мы пагутарылі з арганізатарам і навуковым кіраўніком падрыхтоўкі навучэнцаў да рэспубліканскага турніру юных фізікаў выкладчыкам Ліцэя БДУ і фізічнага факультэта ўніверсітэта Леанідам Рыгоравічам МАРКОВІЧАМ.
Эксперыментальная навука
У школьнікаў, якія жадаюць удзельнічаць у Міжнародным турніры юных фізікаў, ёсць магчымасць рыхтавацца да яго на працягу ўсяго навучальнага года, паколькі з турнірнымі задачамі іх знаёмяць загадзя. Спачатку навучэнцы выпрабоўваюць свае сілы на школьных і гарадскіх (абласных) спаборніцтвах, пасля — на рэспубліканскіх. Каманда міжнароднага ўзроўню фарміруецца па выніках рэспубліканскага турніру. Традыцыйна ў ім прымаюць удзел каманды школьнікаў з усёй Беларусі. Па выніках выпрабаванняў вызначаецца чэмпіёнская група (як мінімум 15 чалавек), з якой і фарміруецца зборная (у складзе 5 чалавек), якая потым прадстаўляе краіну за мяжой. Сёлета ў нашу зборную ўваходзілі навучэнцы Ліцэя БДУ Настасся Казлова, Мікіта Акуліч, Віктар Лойка, Данііл Мнявец і Антон Сілюк.
Дарэчы, каманда ліцэістаў, толькі ў іншым складзе, прымала сёлета ўдзел у адкрытым аўстрыйскім турніры юных фізікаў (г.Леобен) і заваявала дыплом ІІІ ступені. Гэты турнір праводзіцца штогод на англійскай мове і з’яўляецца адборачным пры вызначэнні складу аўстрыйскай нацыянальнай каманды на IYPT (Міжнародны турнір юных фізікаў). Для таго каб мерапрыемства было больш цікавым, арганізацыйны камітэт запрашае для ўдзелу ў ім замежныя каманды.
У апошнія гады стала традыцыяй, што падрыхтоўкай юных фізікаў да турніраў у нашай краіне займаюцца пераважна юныя фізікі, якія ў мінулым самі паспяхова выступалі на такіх выпрабаваннях. А дапамагаюць ім выкладчыкі ўніверсітэта і кафедры фізікі Ліцэя БДУ. Сёлета беларускую каманду перад міжнароднымі спаборніцтвамі трэніравалі выкладчык фізічнага факультэта БДУ Ігар Андрэевіч Цімошчанка, студэнт факультэта радыёфізікі Станіслаў Красулін, студэнты фізічнага факультэта Таццяна Пыжык і Арцём Буры.
Заняткі па падрыхтоўцы да “міжнару” ў Ліцэі БДУ ў гэтым годзе не спыняліся ні на адзін дзень пасля таго, як у лютым завяршыўся рэспубліканскі турнір. Навучэнцам і іх трэнерам ва ўстанове прадаставілі асобны кабінет, дзе і праходзіла ўся чарнавая падрыхтоўчая работа. Пасля правядзення доследаў у кабінета выгляд быў не зусім прывабны, але гэта з’яўлялася неаспрэчным доказам таго, што фізіка — навука перш за ўсё эксперыментальная.
Загартаваныя ў “фізічных” баях
Да міжнароднага турнірнага руху штогод далучаюцца новыя краіны. Сёлета ў спаборніцтвах удзельнічалі яшчэ дзве — Макаа і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Форма правядзенння выпрабаванняў была блізкай да рэальных навуковых дыскусій, да абароны дысертацый. Мова спаборніцтваў — англійская. Удзельнікі турніру павінны былі свабодна размаўляць па-англійску, правільна разумець пытанні, адрасаваныя ім, граматна адказваць на іх і выкарыстоўваць пры гэтым прафесійную лексіку. Дарэчы, членаў нашай зборнай да спаборніцтваў рыхтавалі выкладчыкі кафедры замежных моў Ліцэя БДУ.
Кожная каманда школьнікаў па чарзе спрабавала сябе ў ролі дакладчыкаў, апанентаў і рэцэнзентаў. Навучэнцы імкнуліся праявіць усе свае даследчыя ўменні і навыкі, лепшыя якасці характару і прыродныя таленты. На турніры ад іх патрабавалася правільна зразумець сутнасць прапанаваных задач, рашыць іх і прадставіць рашэнні, здолець даказаць іх падчас дыскусій, пры гэтым не пакінуць без увагі прапановы і заўвагі апанентаў, рэцэнзентаў і членаў журы і адказаць на пытанні. Таму і ў каманды, як звычайна, уваходзілі такія знаўцы фізікі, якія мелі выдатныя артыстычныя і прамоўніцкія здольнасці, — спікеры, якія маглі пакарыць публіку сваім красамоўствам. У ключавыя моманты “фізічных” паядынкаў яны падключаліся да дыскусій. Такім чынам, кожная каманда працавала як адзіны арганізм, і мэтай кожнага яе ўдзельніка з’яўляўся не толькі ўласны поспех, але і агульны вынік.
Сёлета юным фізікам трэба было рашыць 17 даследчых задач, якія змяшчалі адкрытыя навуковыя праблемы, якія пакуль не маюць дакладнага рашэння. Школьнікам неабходна было прапанаваць свае спосабы. Назвы многіх гаварылі самі за сябе: “Галаграма”, “Закручаны канат”, “Нагружаны абруч”, “Крышталь з бурбалак”, “Лядоўня ў жбаночках”, “Кроплі, якія замярзаюць”, “Сядло, якое варочаецца”, “Масляныя зоркі”, “Магнітныя тармазы” і іншыя.
Вось прыклад адной цікавай задачы, якая мае назву “Шакаладны гістарэзіс”: “Шакалад пры пакаёвай тэмпературы з’яўляецца цвёрдым матэрыялам, але яго можна расплавіць, калі нагрэць, скажам, да тэмпературы цела. Калі зноў ахаладзіць яго, то ён, хутчэй за ўсё, будзе вадкім, нават пры пакаёвай тэмпературы. Даследуйце тэмпературны рэжым, пры якім шакалад можа знаходзіцца як у вадкім, так і ў цвёрдым стане, і яго залежнасць ад зыходных параметраў”.
Ацэньваючы выступленне каманд, журы шмат увагі ўдзяляла навізне даклада — аналізавала яго цэласнасць як на аснове ранейшых даследаванняў, так і тое, наколькі дакладна ў ім адлюстраваны новыя вынікі і тлумачэнні.
Для таго каб заваяваць “золата” на турніры, камандзе неабходна было перамагчы двойчы: спачатку выйсці ў фінал праз пяць адборачных паядынкаў, а пасля добра выступіць у фінале. Асноўны пераможца атрымлівае спецыяльны прыз — Кубак турніру, які праз год перадае наступнаму лідару спаборніцтваў. Сёлета абсалютнае “золата” спаборніцтваў і кубак заваявала (як і ў мінулым годзе) каманда Сінгапура. Навучэнцы гэтай каманды атрымалі таксама ў падарунак ад арганізатараў турніру ліцэнзійную версію праграмы Wolfram Mathematica — гэта праграмнае забеспячэнне для выканання вылічэнняў, якія шырока выкарыстоўваюцца ва ўсіх галінах, што патрабуюць тэхнічных вылічэнняў. Залатыя ўзнагароды заваявалі таксама фіналісты — навучэнцы з Кітая, Польшчы, Славакіі. “Серабро” сёлета атрымалі прадстаўнікі Паўднёвай Карэі, Новай Зеландыі, Тайваня, Расіі, Германіі. Бронзавыя медалі ў школьнікаў з Аўстрыі, Швецыі, Швейцарыі, Беларусі і ў гаспадыні турніру Англіі.
“Нягледзячы на вельмі гарачыя дыскусіі, якія часам здараліся падчас спаборніцтваў, на турніры, як правіла, пануе дзелавая і добразычлівая атмасфера, — адзначыў Леанід Рыгоравіч. — Удзел у турніры — неацэнная практыка для юных талентаў, якая мае вялікае значэнне для іх далейшай навуковай кар’еры. Усе яны, нягледзячы на свой юны ўзрост, — сапраўдныя даследчыкі, апантаныя вучоныя, якія добра валодаюць замежнымі мовамі. Яны з’яўляюцца багатым кадравым патэнцыялам любой краіны. Прадстаўнікі вядучых універсітэтаў свету разумеюць гэта, ідзе, можна сказаць, паляванне за пераможцамі нацыянальных і міжнародных турніраў, ім прапаноўваюць самыя лепшыя ўмовы для навучання, работу ў сучасных навуковых лабараторыях. У гэтай сувязі хочацца звярнуць увагу на пытанне, якое патрабуе тэрміновага вырашэння ў нашай краіне, а менавіта на ўмовы залічэння пераможцаў турніру ва УВА. У адрозненне ад пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд, якія паступаюць ва УВА без экзаменаў, пераможцы турніраў, як і звычайныя абітурыенты, удзельнічаюць у цэнтралізаваным тэсціраванні. Зразумела, падчас яго яны атрымліваюць высокія балы і паступаюць. Але ж можна было б пазбавіць іх такіх фармальнасцей, не ствараць дадатковых эмацыянальных перагрузак, розных арганізацыйных праблем, калі, напрыклад, супадаюць тэрміны правядзення міжнародных турніраў з тэрмінамі падачы дакументаў ва УВА”.
У наступным, 2015, годзе ў Тайландзе адбудзецца чарговы розыгрыш Кубка Міжнароднага турніру юных фізікаў. Навучэнцы, якія зацікаўлены ў тым, каб прыняць удзел у спаборніцтвах, ужо зараз могуць пачаць да яго рыхтавацца.
Надзея ЦЕРАХАВА.