Красамоўства — заўсёды ў трэндзе

У Мінску прайшоў гарадскі конкурс аратарскага майстэрства на англійскай мове “Віват, аратар!”. Мерапрыемства паспела стаць традыцыйным і з кожным годам карыстаецца ўсё большай папулярнасцю. Сёлета ў сталічнай гімназіі № 61 сабралася каля 70 удзельнікаў — вучняў з 41 установы агульнай сярэдняй адукацыі Мінска.

Пераможцы конкурсу “Віват, аратар!”.

Ініцыятарам і арганізатарам конкурсу з’яўляецца метадычнае аб’яднанне настаўнікаў замежнай мовы гімназіі № 61 Мінска. Мэты мерапрыемства — развіццё навыкаў публічнага выступлення на англійскай мове і раскрыццё асобаснага і творчага патэнцыялу навучэнцаў 9—11 класаў.

У гімназіі № 61 конкурс упершыню быў аргані­заваны ў 2011 годзе. Пасля, з 2012 па 2015 год, ён праводзіўся ўжо сярод вучняў устаноў адукацыі Маскоўскага раёна Мінска. З 2016 года конкурс набыў статус гарадскога і з той пары карыстаецца ўсё большай папулярнасцю, а колькасць удзельнікаў пастаянна павялічваецца. Сёлета гімназія чарговы раз прымала ў сваіх сценах юных аратараў. Сабралася 69 навучэнцаў 9—11 класаў з 41 установы агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы.

— Удзел у конкурсе — карысны вопыт для кожнага ўдзельніка, бо быць аратарам нялёгка, — адзначыла арганізатар гарадскога конкурсу аратарскага майстэрства на англійскай мове “Віват, аратар!”, настаўніца англійскай мовы, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы гімназіі № 61 Юлія Уладзіміраўна Скавыш. — Гэта цэлае мастацтва, якое аб’ядноўвае ў сабе і красамоўства, і акцёрскае майстэрства, і псіхалагічны ўплыў на аўдыторыю. Аратару неабходна не проста быць здольным гаварыць прыгожа і даносіць поўную інфармацыю да слухача, але перш за ўсё ўмець выклікаць цікавасць да аўдыторыі і пераконваць сілай слова. А калі спрабавац­ь сябе ў ролі аратара даводзіцца на замежнай мове, то задача ўскладняецца ўдвая.

Яшчэ старажытнагрэчаскі філосаф і аратар Арыстоцель адзначаў: “Слова — гэта самая моцная зброя чалавека”. Конкурс аратарскага май­стэрства “Віват, аратар!” мае шэраг бясспрэчных пераваг: ён падтрымлівае цікавасць да вывучэння англійскай мовы, дае магчымасц­ь развівацца, спрыяе паспяховай камунікацыі і, галоўнае, — вучыць пераконваць іншых словам. Конкурс уключаў у сябе тры заданні. У першым туры ўдзельнікам неабходна было падрыхтавац­ь выступленне працягласцю не больш за тры хвіліны. На выбар былі прапанаваны няпростыя тэмы: “Эмацыянальны ці інтэлектуальны каэфіцыент:  што больш важнае?”, “Пяць універсальных законаў жыцця, якія кіруюць светам”, “Лакдаўн падчас каранавіруса: перавагі і недахопы каранціну”.

Другі тур насіў назву “Акцёрскае майстэрства”. Удзельнікі дэманстравалі ўменне чытаць урывак тэкста ў зададзеным тоне (напрыклад, як стомлены, расхваляваны, засмучаны ці абыякавы да таго, што адбываецца, чалавек).

У трэцім туры маладыя людзі прадстаўлялі ўвазе журы імправізаванае выказванне на зададзеную тэму. Справіцца неабходна было хутка, а выступіць змястоўна і ярка: на падрыхтоўку давалася да 30 секунд, а час выступлення складаў да 1,5 хвіліны.

Канкурсанты прадэманстравалі дастаткова свабоднае валоданне англійскай мовай, акцёрскія навыкі, уменне імправізаваць і ўстанаўліваць эмацыянальны кантакт са слухачамі, арыгінальнасць мыслення. Выступленні ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі настаўнікі англійскай мовы з розных устаноў адукацыі Мінска. У кожнай узроставай групе па агульнай суме балаў за тры конкурсныя заданні былі вызначаны пераможцы. Сярод вучняў 9-х класаў першымі сталі Даніла Мяцельскі (гімназія № 146 Мінска) і Арцём Філончык (гімназія № 32 Мінска). Сярод дзесяцікласнікаў — Андрэй Гушчын (гімназія № 30) і Ульяна Рэнейская (гімназія № 13 Мінска). Сярод адзінаццацікласнікаў перамаглі Ганна Акуліч (ліцэй № 2 Мінска) і Ганна Чакмянёва (гімназія № 32). Акрамя прызавых месцаў, журы таксама ўзнагародзіла дыпломамі канкурсантаў, якія былі самымі пераканаўчымі, лаканічнымі, харызматычнымі і артыстычнымі аратарамі.

Таццяна ШЫМКО.