Краязнаўчае прывітанне ад “зубранят”

Напрыканцы года па добрай краязнаўчай традыцыі ў НДЦ “Зубраня” падводзяцца вынікі конкурсаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Фіналісты, прызёры і пераможцы з’язджаюцца на бераг Нарачы, каб не толькі адпачыць падчас аднайменнай змены, абмяняцца вопытам, але і абараніць, прэзентаваць свае работы, калі пашчасціць, то і атрымаць дыпломы Міністэрства адукацыі, а таксама каштоўныя падарункі ад арганізатараў конкурсаў: Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, рэдакцыі газеты “Переходный возраст”.

Такіх шчасліўчыкаў, якія перамаглі ў краязнаўчай акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, аграбіялагічным конкурсе “Юны натураліст”, конкурсах творчых работ “Наш падарунак Перамозе”, “Мае землякі — мой гонар”, конкурсе відэафільмаў “Мая чароўная Беларусь”, журы вызначыла 16. Гэта навучэнцы і творчыя калектывы. Прычым толькі тыя, хто атрымаў дыпломы І ступені. Калі ж гэтую лічбу памножыць мінімум на 6, то атрымаем прыкладную колькасць прызёраў і лаўрэатаў рэспубліканскага этапу, а калі гэтую колькасць памножыць яшчэ мінімум на 7, то атрымаем прызёраў і лаўрэатаў абласных этапаў, а калі памножым яшчэ і на 118 (колькасць раёнаў краіны)… Адным словам, атрымліваецца даволі вялікая краязнаўчая армія навучэнцаў і педагогаў, якая з кожным годам, з кожным конкурсам, кожным этапам акцыі толькі павялічваецца.Супрацоўнікі “Зубраняці” сумесна з арганізатарамі акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” (супрацоўнікамі Міністэрства адукацыі і рэспубліканскіх цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі) рыхтуюць для навучэнцаў насычаную праграму. Кожны снежаньскі дзень быў напоўнены не толькі творчымі абаронамі і прэзентацыямі работ, але і канцэртнымі нумарамі, гульнямі, майстар-класамі вядучых педагогаў дадатковай адукацыі. Змена нагадвае своеасаблівую эстафету, дзе дзень за днём добры настрой змяняецца добрым настроем, новыя знаёмствы змяняюцца новымі знаёмствамі, а творчыя абароны змяняюцца… правільна, творчымі абаронамі. І першымі на гэты своеасаблівы старт выйшлі ўдзельнікі краязнаўчай акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Па словах загадчыка аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандры Яўгенаўны Кравец, акцыя “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” стартавала ў 2013 годзе. Яе ўдзельнікі наведвалі пэўныя населеныя пункты, папярэдне вывучалі іх гісторыю, асаблівасці ландшафту, культурнай спадчыны, а па выніках падарожжаў здымалі відэафільмы. У 2013 годзе краязнаўцы падарожнічалі па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, у 2014 годзе — па Мінскай і Віцебскай, а ў 2015 — па Гомельскай і Магілёўскай.
Па выніках кожнага этапу акцыі вызначаліся 42 відэафільмы-фіналісты (па шэсць лепшых ад кожнай вобласці і Мінска). Творчыя вынікі сваіх падарожжаў па Гомельшчыне і Магілёўшчыне фіналісты абаранялі ў першыя дні змены. Хлопчыкі і дзяўчынкі прадэманстравалі якасны ўзровень работ, захопленасць краязнаўствам, нестандартны погляд на штодзённыя рэчы, парадавалі журы сур’ёзным падыходам да ўдзелу ў конкурсе. Пераможцам стаў і, адпаведна, атрымаў дыплом І ступені па выніках падарожжаў па Магілёўскай вобласці творчы калектыў Быхаўскага цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі (кіраўнік Л.М.Карнеева). У намінацыі “Гомельская вобласць” пераможцам прызнана творчая група навучэнцаў Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінскага раёна (кіраўнікі М.М.Леўкавец, С.А.Зубрыцкая, В.І.Мацюшонак).

У гэтыя ж дні паралельна з акцыяй “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” падводзіліся і вынікі конкурсу творчых работ “Мае землякі — мой гонар”. “Чым больш шануе чалавек памяць сваіх бацькоў і землякоў, тым лепш усведамляе ён сваё месца ў гэтым свеце, тым глыбей адчувае сваю адказнасць за будучыню. На разуменне гэтых ісцін навучэнцамі і быў накіраваны конкурс “Мае землякі — мой гонар”, — адзначыла загадчык сектара сацыяльна-педагагічнай работы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Тамара Паўлаўна Шарамет.Конкурсы творчых работ праходзяць ужо не першы год, не першы год у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі расце своеасаблівае разгалістае дрэва. На гэтым дрэве сотні галін (столькі работ было даслана за некалькі гадоў) і тысячы лістоў (пра столькіх продкаў і землякоў расказваецца ў вучнёўскіх работах). Прычым работы гэтыя калектыўныя, разам з вучнямі іх стваралі педагогі, бацькі, дзядулі і бабулі. На рэспубліканскі этап конкурсу было прадстаўлена 47 работ у намінацыі “Гонар маёй Бацькаўшчыны” і 36 работ у намінацыі “Творцы сучаснай гісторыі”. Па выніках працы журы конкурсу 14 канкурсантаў сталі прызёрамі і ўзнагароджаны міністэрскімі дыпломамі
І, ІІ і ІІІ ступені, 34 чалавекі ўзнагароджаны дыпломамі лаўрэата, 35 удзельнікаў узнагароджаны дыпломамі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
— Рэспубліканскі конкурс творчых работ “Мае землякі — мой гонар” выявіў вялікую зацікаўленасць навучэнцаў, педагогаў, бацькоў у даследаванні жыццёвага шляху землякоў, прадстаўнікоў розных прафесій. Сярод іх паэты, пісьменнікі, журналісты, архітэктары, дыпламаты, мастакі, народныя майстры, механізатары, старшыні СВК, педагогі, дзеячы тэатральнага і кінамастацтва, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны працы, геолагі, урачы, вайскоўцы, святары, спартсмены, музыканты, будаўнікі. Кожная работа вызначалася арыгінальнасцю творчай задумкі, яе ўвасабленнем, рознабаковасцю прадстаўленых матэрыялаў, магчымасцю іх далейшага выкарыстання, — паведаміла Тамара Паўлаўна.
Напрыклад, навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 2 імя А.К.Флегантава Чэрвеня Мінскай вобласці экскурсавод школьнага музея касманаўтыкі Павел Рудакоў прадставіў творчую работу “Наш Алег Навіцкі”, у якой ён захапляецца знакамітым земляком-касманаўтам. У намінацыі “Творцы сучаснай гісторыі” былі прадстаўлены арыгінальныя відэаматэрыялы. Так, навучэнка 11 класа Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Аліна Савіцкая ў рабоце “Настаўнік па прызначэнні, акцёр па жыцці” паведаміла пра Аляксандра Мар’янавіча Сароку. Навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 104 Мінска імя Р.Н.Мачульскага Мацвей Мычко расказаў пра ветэрана працы, заслужанага работніка Мінскага хлебазавода № 2, аўтара рэцэпта беларускага хлеба “Нарачанскі” Святлану Іванаўну Загнетаву. І Аліна, і Мацвей па выніках конкурсу сталі пераможцамі ў намінацыі “Творцы сучаснай гісторыі”. У намінацыі “Гонар і слава маёй Бацькаўшчыны” дыпломы І ступені атрымалі Мікіта Шаблюк і Станіслаў Глінскі з Уздзенскай сярэдняй школы № 2 імя Кандрата Крапівы Мінскай вобласці.Калі канчатковыя вынікі акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” і конкурсу творчых работ “Мае землякі — мой гонар” падводзіліся непасрэдна ў НДЦ “Зубраня”, то ўдзельнікаў конкурсаў “Юны натураліст” і “Мая чароўная Беларусь” Нарач сустракала не проста ў якасці намінантаў, а ў якасці прызёраў: вынікі гэтых творчых спаборніцтваў былі вызначаны загадзя. Для гэтых навучэнцаў адпачынак сумяшчаўся не з абаронай творчых работ, а з прэзентацыяй. Дык што прэзентавалі юныя натуралісты і юныя тэхнікі?
Па словах метадыста аддзела раслінаводства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алены Фёдараўны Пільнік, у конкурсе “Юны натураліст” навучэнцы ва ўзросце 11—16 гадоў прадстаўлялі свае работы ў намінацыях “Віртуальная экскурсія ў куток жывой прыроды”, “Падарожжа ў краіну зёлак”, “Сад гурманаў”, “Незвычайныя расліны”, “Сады Перамогі”. Напрыклад, у намінацыі “Віртуальная экскурсія ў куток жывой прыроды” паказваліся відэаролікі-прэзентацыі куткоў жывой прыроды ва ўстановах адукацыі, у намінацыі “Падарожжа ў краіну зёлак” — праекты аптэкарскіх агародаў і ўчасткаў лекавых раслін, у намінацыі “Сад гурманаў” — эколага-біялагічныя праекты па стварэнні на агародзе калекцыйнага ўчастка сельскагаспадарчых культур у выглядзе садзіка з гародніны, градкі-кветніка, у намінацыі “Незвычайныя расліны” былі прадстаўлены навукова-даследчыя праекты па вырошчванні травяністай гародніннай ці кветкавай расліны, якая штучна створана рукамі юнага даследчыка метадам прышчэпкі. Намінацыя “Сады Перамогі” — гэта фотаздымкі, на якіх адлюстраваны квітнеючыя яблыневыя сады — беларускі сімвал нядаўняга юбілею Вялікай Перамогі.
Лепшымі з лепшых журы прызнала творчыя калектывы навучэнцаў: у намінацыі “Віртуальная экскурсія ў куток жывой прыроды”— Аршанскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей i моладзi (кіраўнік С.У.Мезiт), у намінацыі “Падарожжа ў краіну зёлак” — Гомельскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі (кіраўнік I.Я.Кавалёва), у намінацыі “Сад гурманаў” — Вiцебскага абласнога палаца дзяцей i моладзi, экалагічны аддзел (кіраўнікі — Т.У.Сцяпанава, Т.М.Аляксеева), у намінацыі “Незвычайныя расліны” — Барысаўскага экалагічнага цэнтра (кіраўнік I.В.Паўлава), у намінацыі “Сады Перамогі” — Хрысціну Пясецкую, навучэнку Брэсцкага абласнога цэнтра турызму i краязнаўства дзяцей і моладзі (кіраўнік А.В.Марэйка). Усе пераможцы атрымалі дыпломы І ступені і каштоўныя падарункі.

Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” звычайна праводзіць конкурс фотаздымкаў. Аднак прыкладна раз у тры гады навучэнцам прапануецца адчуць сябе відэааператарамі і рэжысёрамі і зняць відэаролік або кароткаметражны фільм пра малую радзіму. Гэтыя работы прадстаўляліся ў намінацыі “Мая радзiма” (юныя відэографы стваралі вiдэазамалёўкі працягласцю да 3 хвілін пра родны горад, вёску, гістарычныя і культурныя адметнасці малой радзімы), “Прырода і я” (у гэтай намінацыі відэастужкі прысвячаліся экалагічным праблемам і ролі моладзі ў іх вырашэнні), “Гульнявы фільм” (тэматыка вольная, працягласць да 5 хвiлiн), “Анімацыйны фільм” працягласцю да 2 хвiлiн і відэапраекты да 5 хвілін, прысвечаныя 70-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў намінацыі “70 гадоў міру”.
— З кожным конкурсам тэхнічная якасць работ паляпшаецца. Калі яшчэ некалькі гадоў назад незвычайныя ракурсы ствараліся традыцыйным спосабам, то сёлета канкурсанты актыўна задзейнічалі квадракоптары. У нас, членаў журы, была цудоўная магчымасць праз такія работы навучэнцаў і дзякуючы сучасным тэхналогіям здзейсніць палёты над Беларуссю. Многія мясціны, якія падчас мінулага відэаконкурсу паказваліся толькі на ўзроўні чалавечых вачэй, сёлета дэманстраваліся з вышыні птушынага палёту. Такімі ракурсамі асабліва была багата намінацыя “Мая радзіма”. А вось намінацыя “70 гадоў міру” вылучалася рэпартажнымі відэастужкамі, — паведаміла загадчык аддзела тэхнічнага мадэлявання Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Наталля Васільеўна Бурая.
Якасныя, адметныя работы ўнеслі і пэўныя карэктывы ў вызначэнне прызёраў. Так, першыя месцы былі вызначаны толькі ў намінацыях “Мая радзіма”, прычым адразу чатыры (Аляксандр Мацюшаў з Дварышчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, Настасся Вайцяховіч і Настасся Сохань са Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, Ганна Мікуліч з Заеліцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глускага раёна Магілёўскай вобласці і калектыў сярэдняй школы № 2 Мастоў Гродзенскай вобласці), і “70 гадоў міру” (Дзіяна Макарчык і Яўген Каханскі з сярэдняй школы № 3 Гродна).

Своеасаблівым міксам-прэзентацыяй лепшых конкурсных работ стаў традыцыйны форум “Вектар на будучыню”, які праводзіўся за дзень да ўрачыстага ўручэння дыпломаў і афіцыйнага закрыцця змены. Які вектар на будучыню выбіраюць удзельнікі акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, здагадацца не цяжка. Галоўным тут з’яўляецца слова “краязнаўства”. Краязнаўчы вектар, краязнаўчы стыль жыцця, краязнаўчае прывітанне з берагоў Нарачы, якое кожны год у снежні дасылаюць сваім родным, сябрам, педагогам юныя краязнаўцы.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега БАГІНСКАГА.