Краязнаўчая геаграфія

На паўночна-заходняй ускраіне Рэспублікі Беларусь, на сыходжанні меж трох дзяржаў — Беларусі, Польшчы і Літвы, у наваколлі Гродзенскай пушчы размешчаны гарадскі пасёлак Сапоцкін. Гэта самы буйны населены пункт на прымежнай тэрыторыі — з насельніцтвам каля тысячы чалавек. Геаграфічнае становішча пасёлка пакінула глыбокі след у яго гісторыі. Прайшло крыху больш за 500 гадоў з пачатку стварэння паселішча на сапоцкінскай зямлі. У гісторыі Сапоцкіна шмат слаўных і цікавых старонак. Ён неаднаразова пераходзіў ад адной дзяржавы да другой, адным з першых у Беларусі сустрэў жорсткае наступленне фашыстаў. Шмат вядомых людзей нарадзілася і вырасла на сапоцкінскай зямлі. Сёння нашу мясцовасць наведваюць шматлікія турысты.

Чым жа слаўны Сапоцкін? Самыя старыя яўрэйскія пахаванні на тэрыторыі Беларусі, датаваныя ХІІ стагоддзем, Аўгустоўскі канал, пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, Гродзенская пушча з яе разнастайнасцю, мемарыялы на месцы чатырох былых пагранічных застаў і дзве дзеючыя, лінія ўмацаванага раёна Вялікай Айчыннай вайны, два палацава-паркавыя комплексы — Гурскіх і Валовічаў, два лясніцтвы— Аўгустоўскае і Сапоцкінскае, СГК “Ніва-2003”, рэкі і азёры, незвычайны рэльеф, створаны старажытным абледзяненнем, памяць пра балтаў у тапаніміцы, шматканфесійная гісторыя — гэта далёка не ўсе старонкі гісторыі пасёлка. І ўсё гэта мы выкарыстоўваем на ўроках пры вывучэнні геаграфіі, бо краязнаўчы прынцып дае магчымасць арганізоўваць навучанне геаграфіі па правілах “ад вядомага да невядомага”, “ад блізкага да далёкага”.

Краязнаўчы падыход у выкладанні геаграфіі я рэалізоўваю праз такія напрамкі дзейнасці, як урок, пазакласная работа, навукова-даследчая і экскурсійная дзейнасць, музейная справа. Пры ўключэнні краязнаўчага матэрыялу ва ўрок я выкарыстоўваю наступныя прыёмы: краязнаўчы ўступ да ўрока або да аднаго з пытанняў урока, краязнаўчая канкрэтызацыя, краязнаўчы дадатак асноўных пытанняў, краязнаўчы матэрыял — аснова для вывучэння тэмы або асобных пытанняў ўрока.

Фізічная геаграфія ў 6 класе цалкам грунтуецца на краязнаўстве. Яна змяшчае шмат агульных геаграфічных паняццяў: “гарызонт”, “план”, “геаграфічная карта”, “форма зямной паверхні”, “надвор’е”, “клімат”, якія неабходна засвоіць для падрыхтоўкі да вывучэння краіназнаўчых курсаў у старшых класах. Фарміраванне паняццяў адбываецца лягчэй, калі навучэнцы маюць пэўныя ўяўленні, атрыманыя са знаёмай рэчаіснасці роднага краю. Лепшаму засваенню вучэбнага матэрыялу спрыяюць урокі на прыродзе — экскурсіі.

Асаблівае месца займае вывучэнне плана і карты. Разуменне і засваенне школьнікамі карты як крыніцы геаграфічных ведаў будуецца цалкам на практычных занятках на мясцовасці і практыкаваннях з планамі і картамі свайго краю. Падчас урокаў на прыродзе дзеці вучацца арыентавацца, выконваць здымку плана шляху ў ваколіцах школы, засвойваюць умоўныя тапаграфічныя знакі. Мае вучні цвёрда ведаюць, што від са школьнага кабінета геаграфіі на вёску Асочнікі — гэта напрамак на поўнач. Такая інфармацыя дапамагае ім вызначаць іншыя бакі гарызонту на мясцовасці.

Немалаважнае значэнне мае назіранне за надвор’ем. Ставячы перад навучэнцамі пытанне, чаму часцей за ўсё ў нашай мясцовасці паветраныя масы рухаюцца з захаду, я падводжу дзяцей да таго, што для нашай тэрыторыі характэрны ўплыў Атлантычнага акіяна, які змякчае клімат. Паняцце аб клімаце і кліматаўтваральных фактарах фарміруецца на аснове ведаў пра надвор’е сваёй мясцовасці і яго сезонныя змяненні, якія атрымліваюцца ў выніку сістэматычных назіранняў у выглядзе календара, што вядзецца на працягу месяца. Гэта дазваляе рабіць на ўроках высновы пра галоўныя рысы клімату мясцовасці. Навучэнцы робяць разлікі сярэдняй тэмпературы, амплітуды, воблачнасці, найбольш частых відаў ападкаў і іншых метэаралагічных элементаў. Параўноўваючы наш клімат з кліматам іншых краін, можна сфарміраваць у навучэнцаў больш правільныя ўяўленні аб розных тыпах клімату. Лепшыя календары захоўваюцца да наступнага года і дэманструюцца школьнікам.

Пры вывучэнні тэмы “Літасфера і рэльеф Зямлі” дзеці знаёмяцца з паверхняй бліжэйшых ваколіц школы. Тут дапамагае від з вокнаў школьных кабінетаў, які падкрэслівае ўнікальнасць мясцовага рэльефу. У гэтым кантэксце будзе дарэчы расказаць пра абледзяненні, якія сфарміравалі рэльеф нашай мясцовасці, а таксама Беларусі і краін Еўропы, патлумачыць працэсы яго стварэння, паказаць пароды, якія складаюць рэльеф.

У кабінеце геаграфіі аформлена выстава горных парод і мінералаў. Кожны навучэнец можа папоўніць яе сваёй незвычайнай знаходкай — мінералам або горнай пародай.

Знаёмячыся з водамі мясцовасці, навучэнцы засвойваюць паходжанне падземных і паверхневых вод, іх сувязь з рэльефам. Вывучэнне раздзела “Гідрасфера” пачынаем з пытанняў аб водах нашай мясцовасці — азёрах Карпастаў, Чорнае, Яндрэня, Зялёнка, Кавеня; рэках Чорная Ганча, Аўгустоўскі канал, Марыха, Шляміца, Асташанка. Тут дарэчы будзе пытанне, куды ўпадае Аўгустоўскі канал, а затым Нёман. Гэта фарміруе ўяўленне пра кругаварот вады і пра тое, што нашы рэкі таксама з’яўляюцца яго часткай. Навучэнцы адказваюць, што рэкі ўпадаюць або выцякаюць з нашых азёр (сцёкавых і бяссцёкавых). Прапаноўваю і наступныя пытанні: “Ці ёсць у нас крыніцы?”, “Дзе знаходзяцца лугі ў пасёлку?”, “Калі вады ў рацэ ці возеры становіцца больш і чаму?”, “Што з’яўляецца галоўнай крыніцай папаўнення вады ў нашых рэках?”. Пры выкананні практычнай работы “Апісанне воднага аб’екта мясцовасці” на прыкладзе мясцовай ракі ці возера паспяхова фарміруецца план апісання воднага аб’екта.

Пры выкананні практычнай работы “Апісанне прыроднага комплексу сваёй мясцовасці” кожны навучэнец мае магчымасць апісаць рэчку, што цячэ каля дома, паляну, луг, балота і іх прыродныя кампаненты, знаёмыя з дзяцінства.

Дзякуючы блізкасці да лясніцтваў і штогадоваму ўдзелу ў пасадцы лесу, у вучняў сфарміравана ўяўленне аб лясной гаспадарцы і відавым складзе лясоў. Асноўныя пароды дрэў, пасаджаных школьнікамі, — гэта хвоя, бяроза, елка. Праз такую работу ў іх складваецца ўяўленне аб прыроднай зоне мяшаных лясоў. Паміж школай і лясніцтвамі наладжаны шматгадовыя сувязі, і штогод узнагароджваюцца лепшыя навучэнцы, якія прынялі ўдзел у пасадцы лесу. Акрамя таго, мы маем магчымасць назіраць за нарыхтоўкай драўніны, яе вывазам, таксама ў мясцовасці ёсць невялікія цыркуляркі для распілоўвання драўніны. Знаёмлю навучэнцаў з такой з’явай, як тралёўка, тлумачу яе шкоду для расліннага покрыва лясоў. Думаю, што некаторыя навучэнцы сваю будучую прафесійную дзейнасць звяжуць з лесам.

На паўночнай ускраіне пасёлка, каля вёскі Асочнікі размешчаны кар’ер, дзе на працягу многіх гадоў здабываюць жвір, які выкарыстоўваецца пры будаўніцтве. Назіранне за работай у кар’еры фарміруе ў навучэнцаў уяўленне пра адкрыты спосаб здабычы выкапняў і іх наяўнасць у нашай мясцовасці. Тэрыторыя кар’ера штогод пашыраецца, такім чынам зямля выводзіцца з сельскагаспадарчага карыстання. На месцы здабычы жвіру ўтварыліся і запоўніліся вадой катлаваны. На ўроку мы абмяркоўваем магчымыя варыянты акультурвання гэтага тэхнагеннага аб’екта і стварэння на яго месцы зоны адпачынку. У форме дзелавых гульняў з удзелам розных спецыялістаў абмяркоўваем на ўроках геаграфіі ўплыў дзейнасці чалавека на зямную кару ў нашай мясцовасці (кар’еры, пагаршэнне ўрадлівасці глебы, узвядзенне пабудоў і г.д.).

Але ў найбольшым аб’ёме краязнаўчы матэрыял выкарыстоўваецца пры вывучэнні геаграфіі Беларусі ў 10 класе. Так, пры засваенні тэмы “Геаграфічныя назвы Беларусі” абавязкова разглядаецца паходжанне назваў вёсак, азёр, рэк, лясоў і г.д. У 2012 годзе школьнікі правялі даследаванне на тэму “Паходжанне тапонімаў Сапоцкінскага рэгіёна”. Сабраны багаты матэрыял і прэзентацыя выкарыстоўваюцца на ўроку і дапамагаюць зразумець гістарычнае і гаспадарчае мінулае, захаванае ў геаграфічных назвах. Так, пра балтаў нам нагадваюць назвы вёсак Доргунь, Баліненты, Рынкаўцы, Яцвезь; пра гаспадарчую дзейнасць — назвы вёсак Лясная, Тартак; пра сацыяльнае становішча насельніц-тва — Вулька, Калеты. Назва возера Чорнае сведчыць пра глейкі цёмны донны адклад, а Чорная Ганча ў перакладзе з балцкай азначае глыбокае рэчышча. Назва вёскі Галынка гаворыць пра голае месца, без расліннасці. Акрамя таго, многія мясцовыя паселішчы атрымалі свае назвы ад уласных імён, напрыклад Сапоцкін, Васілевічы, Радзівілкі.

Пры вывучэнні рэльефу Беларусі абавязкова паведамляю навучэнцам, што самае нізкае месца краіны размешчана побач з намі, у даліне Нёмана, а самая высокае месца — 100,3 метра — знаходзіцца ў вёсцы Рацічы. Гэта дазваляе навучэнцам сфарміраваць уяўленне пра рэльеф не толькі мясцовасці, але і ўсёй Беларусі, а таксама адчуць сваё дачыненне да геаграфіі нашай краіны.

Пры вывучэнні дынамікі насельніцтва Беларусі таксама выкарыстоўваецца краязнаўчы матэрыял і даследаванні, праведзеныя ў 2010 і 2017 гадах, якія характарызуюць дэмаграфічную сітуацыю Сапоцкіна. Дэмаграфічная карціна нашага пасёлка з’яўляецца часткай дэмаграфічнай сітуацыі Беларусі, а менавіта, што тычыцца старэння насельніцтва, скарачэння натуральнага прыросту, урбанізацыі, праблем вёскі і г.д.

Пры тлумачэннi тэмы “Этнічны і рэлігійны склад” абавязкова выкарыстоўваю міжпрадметныя сувязі з гісторыяй. На прыкладзе ўніяцкай, праваслаўнай і каталіцкай канфесій пасёлка тлумачу шматканфесійнасць нашай краіны і яе прычыны. Да гэтага часу ў Сапоцкіне захавалася частка каменнага падмурка, на якім стаяла ўніяцкая царква. Сёння на яе месцы знаходзіцца дзіцячы садок.

Разглядаючы тэму вытворчасці шкла і керамічных вырабаў, я расказваю навучэнцам, што яшчэ дваццаць гадоў назад на беразе Аўгустоўскага канала дзейнічаў завод па вытворчасці цэглы з гліны, а шлюзы канала ў далёкім мінулым таксама былі пабудаваны з мясцовай гліны і вапны. У вёсцы Нямнова была наладжана вытворчасць кафлі, што сведчыць пра наяўнасць у даўнія часы неабходнай сыравіны, а таксама пра гаспадарчую спецыялізацыю насельніцтва.

Велізарнае значэнне для вывучэння геаграфіі маюць экспанаты школьнага музейнага пакоя “Побыт сялянскага памежжа”. Гэта 82 прадметы даўніны, якія адлюстроўва-юць сацыяльна-бытавую культуру нашых продкаў. Сярод іх кросны, маслабойка, абрус 1913 года, ручнікі, драўляны плуг з жалезным наканечнікам, льнамялка, цэп, гліняныя гаршкі і многае іншае. Усе яны пашыраюць уяўленні падрастаючага пакалення пра жыццё людзей у недалёкім мінулым. Распрацаваны аглядныя і тэматычныя экскурсіі для розных узроставых груп. На базе музейнага пакоя інсцэніравалі абрады “Сватаўство”, “Сапоцкінскія вечарыны”.

Важную ролю ў краязнаўчым кірунку адыгрывае школьнае навукова-даследчае таварыства. Усе даследаванні, праведзеныя з 2010 года, насілі краязнаўчы характар. Сярод іх “Дынаміка колькасці насельніцтва Сапоцкіна ад узнікнення (XVI стагоддзе) да нашых дзён”, “Рост папулярнасці Аўгустоўскага канала пасля рэканструкцыі 2004—2006 гадоў”, “Паходжанне тапонімаў Сапоцкінскана рэгіёна”, “Легенды і паданні як крыніцы вывучэння гістарычнай памяці і геаграфічных асаблівасцей сапоцкінскай зямлі”, “Комплексны аналіз бягучай дэмаграфічнай сітуацыі Гродзенскага раёна і яе прагноз”, “Гісторыя рэлігіі Сапоцкінскага краю: ад пачатку да нашых дзён”, “Аналіз колькаснай і ўзроставай дэмаграфічнай сітуацыі Сапоцкіна і яе прагноз”.

Наша школа працуе ў інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі вуснагістарычных даследаванняў роднага краю як сродку фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый вучняў”. У рамках праекта навучэнцамі вядзецца збор вуснай інфармацыі сярод мясцовага насельніцтва, робяцца аўдыя- і відэазапісы. Створаны адпаведны банк даных, а вучні маюць магчымасць атрымаць інфармацыю ад першакрыніцы. Навучэнцамі школы створаны міні-зборнік “Маленькія дзеці вялікай вайны” (з гісторыі лёсаў былых вязняў фашысцкіх лагераў, якія пражываюць на тэрыторыі Сапоцкіна). Створаны летапіс гісторыі школы “Школа: гісторыя і традыцыі”.

Важнае значэнне мае турысцка-экскурсійная дзейнасць, якая дазваляе навучэнцам адкрыць для сябе новыя старонкі гісторыі і пабыць спецыялістам у сферы паслуг — экскурсаводам. Шмат гадоў назад былі распрацаваны турыстычныя маршруты, якія ўключаюць найбольш цікавыя аб’екты нашай мясцовасці. Навучэнцы праводзяць экскурсіі па гэтых маршрутах.

Разам з тым трэба адзначыць, што варта пазбягаць двух крайнасцей у выкарыстанні матэрыялаў краязнаўства на ўроку: па-першае, калі геаграфія асобнага рэгіёна пачынае пераважаць над геаграфіяй Беларусі і свету, што не дазваляе ў поўным аб’ёме вывучаць праграмны матэрыял; па-другое, калі геаграфіі свайго краю наогул не ўдзяляецца час.

Напрыканцы хочацца адзначыць, што кожны настаўнік геаграфіі з’яўляецца краязнаўцам, а кожная мясцовасць багатая і непаўторная сваёй гісторыяй, прыродай і людзьмі. Толькі трэба яе любіць і хацець раскрываць яе старонкі.

Алена КАСЦЮШКА,
настаўніца геаграфіі Сапоцкінскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.