Краязнаўчая і міратворчая дзейнасць, навуковыя работы і творчыя праекты: чым займаюцца школы Камянецкага раёна

- 9:00Пресс-тур «Настаўніцкай»

Краязнаўчая і міратворчая дзейнасць, даследчыя і творчыя праекты — у цэнтры ўвагі школ Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Прычым працаваць над гэтым педагогі з вучнямі пачынаюць літаральна з першага верасня. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дасканалая работа

У гэтым навучальным годзе ва ўстановы адукацыі раёна прыехалі 19 выпускнікоў УВА. Начальнік аддзела па адукацыі Камянецкага райвыканкама Жанна Аўдзей сказала, што маладых калег у школах вельмі чакалі, таму вопытныя педагогі актыўна дапамагаюць ім у адаптацыі на першым працоўным месцы.

— Яшчэ напярэдадні размеркавання была арганізавана сустрэча кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Камянецкага раёна са студэнтамі, будучымі выпускнікамі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, — расказвае Жанна Іванаўна. — Дырэктары школ у інтэрактыўнай форме прадстаўлялі сябе і свае ўстановы. Як вынік — 19 маладых спецыялістаў атрымалі першыя працоўныя месцы ў нашым раёне.

Начальнік аддзела па адукацыі звярнула ўвагу, што дзейнасць па замацаванні маладых спецыялістаў на месцах патрабуе актывізацыі.

— Першы і дзейсны крок ужо зроб­лены, — запэўнівае Жанна Іванаўна. — Па ініцыятыве аддзела па адукацыі адбылася сустрэча на базе Рэспубліканскага санаторыя “Белая Вежа”, падчас якой маладым педагогам была прадастаўлена магчымасць напрамую задаць хвалюючыя пытанні кіраўніцтву раёна. Сярод асноўных — магчымасць атрымаць арэнднае жыллё, заработная плата і інш. Зазначу, што ў Камянецкім раёне ўсім педагагічным работнікам устаноўлена надбаўка за работу па кантракце ў памеры 50%.

У Год добраўпарадкавання і ў межах падрыхтоўкі да новага навучальнага года ў раёне былі адрамантаваны стадыёны сярэдняй школы № 1 Камянца імя Л.С.Паеўскага і Турнянскай сярэдняй школы. У Белавежскай сярэдняй школе з’явілася баскетбольная пляцоўка, а новае спартыўнае абсталяванне закупілі ў сярэднюю школу № 1 Камянца імя Л.С.Паеўскага і Воўчынскую сярэднюю школу.

— Абнавіўся фасад будынка Вярховіцкай сярэдняй школы, адрамантаваны харчаблок Навіцкавіцкай сярэдняй школы імя У.Г.Ігнацюка, — дадае Жанна Аўдзей. — Шмат увагі летась было ўдзелена паляпшэнню матэрыяльнай базы дашкольных устаноў. Так, праведзены рамонт фасада Раснянскага дзіцячага сада, рамонт групавых агародж у Турнянскім дзіцячым садзе, набыта надворнае абсталяванне для шасці ўстаноў да­школьнай адукацыі.

У планах на новы навучальны год — працяг работы па прафарыентацыі вучняў на педагагічныя спецыяльнасці, у тым ліку на ўмовах мэтавай пад­рыхтоўкі.

Важныя навыкі

У Раснянскай сярэдняй школе Камянецкага раёна год назад быў адкрыты Міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі.

Асноўны кірунак дзейнасці цэнтра — рэалізацыя вучэбных праграм па такіх дысцыплінах, як “Медыцынская падрыхтоўка” і “Дапрызыўная падрыхтоўка”. Дырэктар установы Марына Маляўка расказала, што ў цэнтры адпаведныя навыкі атрымліваюць вучні з сямі школ раёна, для якіх арганізаваны падвоз.

— Цэнтр дапрызыўнай пад­рыхтоўкі ўкамплектаваны ўсім, што патрабуецца ў адпаведнасці з адукацыйным стандартам і вучэбнай праграмай, — расказала Марына Віктараўна. — Мы супрацоўнічаем з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй авіяцыі, з Брэсц­кай Чырвана­сцяжнай пагранічнай групай імя Ф.Э.Дзяржынскага. Адкрываючы цэнтр, набылі шматлікае абсталяванне, мэблю, наглядныя дапаможнікі, інфармацыйныя
стэнды.

У кабінеце, дзе вучацца дзяўчынкі, сабраны трэнажоры для сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, адпрацоўкі прыёмаў аднаўлення праходнасці дыхальных шляхоў, прыборы для вымярэння артэрыяльнага ціску. Кабінет хлопчыкаў — гэта макеты аўтамата Калашнікава, вучэбныя гранаты, пнеўматычныя вінтоўкі, лазерны цір. Па словах дырэктара ўстановы, сёння праводзіцца даўкамплектацыя цэнтра за кошт сродкаў Камянецкага райвыканкама, пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў.

Заняткі ў міжшкольным цэнтры арганізаваны ў адпаведнасці з раскладам, а па асобных тэмах прадугледжаны вучэбныя ваенна-палявыя зборы.

— У вучняў 10 класаў зборы арганізуюцца як па медыцынскай, так і па дапрызыўнай пад­рыхтоўцы, — дадала
Марына Маляўка. — Такія заняткі ў мінулым навучальным годзе адбыліся на базе воінскіх фарміраванняў, пагранічнай заставы № 5 імя Героя Савецкага Саюза І.П.Барсукова, а таксама па ўзгадненні з кіраўніцтвам у Высокаўскай гарадской бальніцы. Заняткі па вучэбных прадметах у цэнтры прахо­дзяць з навучэнцамі кожнага класа на працягу дзесяці дзён.

Прэзентуючы кабінет, выкладчык дапрызыўнай пад­рыхтоўкі Сяргей Барысавец расказаў, што галоўная мэта прадмета — патрыятычнае выхаванне, фарміраванне ў навучэнцаў ведаў і ўменняў, неабходных для абароны суверэнітэту краіны, а таксама гатоўнасці да ваеннай службы.

— Падчас заняткаў стаўлю перад сабой задачы дапамагчы школьнікам атрымаць веды па асновах ваеннай справы. Яны вывучаюць канстытуцыйны абавязак грамадзян па абароне краіны, знаёмяцца з гісторыяй і сучасным станам Узброеных Сіл, даведваюцца пра гераізм і мужнасць беларускага народа ў справе абароны Айчыны, — пералічыў педагог.

Заняткі з Сяргеем Рыгоравічам — гэта і пра развіццё валявых якасцей, выхаванне дысцыплінаванасці, адказнасці, стойкасці, узаемадапамогі, узае­мапавагі.

— Мы вывучаем гістарычны і сучасны стан Узброеных Сіл, парадак праходжання ваеннай службы, службы ў рэзерве, знаё­мімся з правамі, абавязкамі і адказнасцю прызыўніка, з парадкам прыпіскі да прызыўных участкаў і прызыву на ваенную службу, службу ў рэзерве, — зазначыў Сяргей Барысавец. — Практычны вопыт таксама набываем. Вучні валодаюць асновамі страявой падрыхтоўкі, правіламі тэхнікі бяспекі і абыходжання са зброяй, ведаюць, як транспарціра­ваць параненага з вучэбнага поля бою, арыентуюцца на мясцовасці, авалодваюць практычнымі навыкамі, якія дазваляюць упэўнена адаптавацца да вайсковай службы.

Модуль па медыцынскай падрыхтоўцы — гэта заняткі, накіраваныя на фарміраванне ключавых кампетэнцый па аказанні першай дапамогі пацярпеўшым у надзвычайных сітуацыях, доглядзе хворых, прапагандзе здаровага ладу жыцця.

— Нашы ўрокі накіраваны на развіццё ўстойлівай пазнавальнай цікавасці, здольнасцей прымаць рашэнні і ўпэўнена дзейні­чаць у незнаёмай сітуацыі, на выхаванне маральных якасцей, гуманнасці ў адносінах да людзей і на пачуццё асабістай адказнасці за жыццё блізкага. Мы вучымся прыёмам мабілізацыі і транспарціроўкі пацярпеўшага пры розных траўмах і іншых няшчасных выпадках, авалодваем сістэмай уменняў па аказанні першай дапамогі пры неінфекцыйных і інфекцыйных захворваннях, атручэннях. На занятках дзяўчынкі адпрацоўваюць вучэбныя нарматывы і атрымліваюць навыкі, якія неабходны для праходжання службы ва Узброеных Сілах, а таксама для аказання першай медыцынскай дапамогі, — дадала педагог па медыцынскай пад­рыхтоўцы Алена Валкавец.

Гісторыя ў дыярамах

Гімназія Камянца стала першай у раёне ўстановай адукацыі, якой быў прысвоены статус “Школа міру”.

Дырэктар установы Аксана Алексяюк расказала, што для таго, каб атрымаць такое званне, педагогі і вучні правялі вялікую работу па захаванні гістарычнай памяці і працягваюць развіваць краязнаўчы кірунак. Так, разам з настаўнікам гісторыі Яўгенам Антончыкам гімназісты стварылі перасовачны музей дыярам “Зримая память”.

— Нашы вучні — актыўныя ўдзельнікі шматлікіх мерапрыемстваў, конкурсаў, акцый, праектаў, накіраваных на фарміраванне іх грамадзянскай пазіцыі, на разуменне важнасці міру і згоды ў грамадстве, — расказала Аксана Анатольеўна. — Пасля таго як школьны музей пачаў ездзіць па навучальных установах, прадпрыемствах і арганізацыях раёна, яго заўважылі і запрасілі паўдзельнічаць у праекце “100 ідэй для Беларусі”.

Як вынік — перамога на раённым і зап­рашэнне на абласны этап, дзе гімназісты дэманстравалі работу па матывах фільма “Чатыры танкісты і сабака”. На рэспубліканскім этапе пераможцай каманда Яўгена Ула­дзіміравіча не стала, але атрымала многа стаўноўчых і захопленых водгукаў.

Што так заварожвае гледачоў музея? Яго экспанаты — гэта ілюстрацыя ключавых па­дзей Вялікай Айчыннай вайны. За два гады, пакуль займаюцца дыярамамі, паспелі зра­біць 14 розных сюжэтаў.

— У нас ёсць і вялікія, і маленькія дыярамы, — расказвае Яўген Антончык. — Самая першая дыярама, з якой усё пачалося, паказ­вае бой каля вёскі Відомлі, які адбываўся з 17 па 21 ліпеня 1944 года падчас вызвалення Камянецкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На дэбютнай дыяраме задзейнічана 80 фігурак кожнага байца як з нямецкага боку, так і з савецкага. Кожная з іх — індывідуальная: у экспазіцыі няма фігуркі, якая паўто­рыць аднолькавы рух героя.

На пытанне, як узнікла ідэя развіваць дыя­рамнае мастацтва, педагог сказаў, што заўсёды гэта любіў, але не рашаўся брацца за рэалізацыю маштабнага праекта.

— Гэта вельмі скрупулёзная і карпатлівая праца, і я спачатку не верыў, што зацікаўлю гэтым вучняў, не думаў, што ім можа спадабацца, але вырашыў паспрабаваць, — дзеліцца Яўген Уладзіміравіч. — Якім жа было здзіўленне, калі гімназісты паглыбіліся ў тэму.

Усё, што зроблена ў музеі, — гэта творчасць навучэнцаў. Сёння ў гімназіі 46 дзяцей, якім падабаецца займацца дыярамамі. Хтосьці лепіць макеты, хтосьці размалёўвае, іншыя льюць гіпс у індывідуальныя формы, каб пасля стварыць цаглінкі. Кожная, нават самая маленькая дэталь, якая ёсць на дыяраме, зроб­лена, размалявана і адшліфавана ўручную.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА