Краязнаўчая каманда

- 8:27Выхаванне, Краязнаўства

Настаўнікі даследуюць родны край, як правіла, у адзіночку або з вучнямі. Але з кожнага правіла ёсць выключэнні.

Педагогі Іўеўскай сярэдняй школы вывучаюць малую радзіму дружнай камандай. Разам дзеляцца краязнаўчымі ідэямі, абмяркоўваюць тэмы даследаванняў, знаходзяць экспанаты для школьнага музея “Спадчына”, ладзяць экскурсіі і, канечне, радуюцца поспехам.

Для настаўніцы геаграфіі Таццяны Альфрэдаўны Карасёвай і настаўніцы гісторыі Дануты Браніславаўны Халява краязнаўства — гэта не проста лад жыцця, а справа, якая ўмацавала іх сяброўства. “Усё пачалося ў Кудэйшынскай базавай школе, куды мы прыехалі працаваць маладымі спецыялістамі. Дзве прыгожыя дзяўчыны на ўсю вёску. Нам бы з кавалерамі сустракацца ў вольны ад працы час, а мы захапіліся краязнаўствам, — усміхаецца Данута Браніславаўна. —Перыяд работы ў той школе чымсьці нагадваў мне лёс галоўнага героя “На ростанях”. Я жыла ў доме вясковай жанчыны, у яе была печ, у якой яна раніцай пякла бліны, мяне частавала. Запомніліся размовы з гэтай жанчынай пра жыццё-быццё. А яшчэ я добра помню павагу да настаўнікаў з боку вяскоўцаў. Калі мы ішлі з Таццянай Альфрэдаўнай па вуліцы, то нават дарослыя мужчыны ў знак сваёй павагі пры вітанні знімалі галаўны ўбор”.

Вёска Кудэйшы стала для нашых гераінь месцам першых краязнаўчых знаходак. Пазней даследаванні сябровак працягнуліся ў Іўеўскай школе. Пра тое, наколькі плённая іх сённяшняя краязнаўчая дзейнасць, сведчыць экспазіцыя комплекснага музея “Спадчына”, якая расказвае пра шматнацыянальнасць і шматканфесійнасць былога мястэчка. 

Галоўная перавага каманднай работы — яе эфектыўнасць. Ты можаш цэлы дзень працаваць у архіве, інтэрнэце і вывучаць малавядомыя старонкі гісторыі роднага краю. Але вынік усё роўна будзе не такім плённым, як пры даследаванні тэмы сумесна з калегамі.

Музеі часта ствараюцца пад кіраўніцтвам аднаго настаўніка. Пра музей “Спадчына” так не скажаш. Дарэчы, сёння музею спаўняецца 10 гадоў. Кожны з настаўнікаў школы ўклаў у яго часцінку сваёй душы. Прычым не проста прынёс нейкую рэч з дома бацькоў або бабулі, а працаваў над афармленнем экспазіцыі, праводзіў заняткі, экскурсіі. Напрыклад, настаўніца гісторыі Ганна Мацвееўна Рафаловіч прынесла мугір — намаляваныя ўручную на аркушы паперы раслінныя арнаменты, выявы свяшчэнных для іўеўскіх татар і ўсіх мусульман мясцін з абавязковым у ісламскай культуры надпісам на арабскай мове. Гэты незвычайны твор мастацтва дастаўся настаўніцы ад прадзеда. Ганна Мацвееўна некалькі гадоў працавала кіраўніком музея, а ля вытокаў яго стварэння стаяла Яўгенія Іосіфаўна Макуцэвіч.

Настаўніца працоўнага навучання Алена Антонаўна Кільчэўская стварыла макеты знакамітага помніка ў гонар чатырох канфесій, які ўзвышаецца на цэнтральнай плошчы Іўя, а таксама партызанскага лагера перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Дырэктар школы Ганна Казіміраўна Чарняк прадаставіла з асабістага архіва калекцыю званочкаў. Вялікія і малыя, гучныя і звонкія — яны выклікалі сапраўдны фурор сярод наведвальнікаў. Не дзіва! Звычайна ў школьных музеях можна ўбачыць калекцыю прасаў, ручнікоў, старых падручнікаў, сшыткаў, дзённікаў, а тут званочкі! Розных памераў, рознага гучання, і не два-тры, а амаль пяць дзясяткаў. Кожны клас ішоў на экскурсію, як на свята, кожнаму вучню хацелася ўбачыць і патрымаць незвычайныя экспанаты. Таксама пад кіраўніцтвам Ганны Казіміраўны і па ініцыятыве сенатара Віктара Андрэевіча Лісковіча ў фае школы быў створаны стэнд “Аўтограф на карце малой радзімы”, на якім змешчана інфармацыя пра сённяшніх настаўнікаў — выпускнікоў школы.

“Дзякуючы каманднай рабоце, зроблена шмат краязнаўчых адкрыццяў. Калі ў нас з Данутай Браніславаўнай і ўзнікаюць нейкія спрэчкі, то мы запрашаем рассудзіць трэцяга чалавека. Часцей за ўсё — нашага кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Мікалая Канстанцінавіча Богана, з якім у Год гістарычнай памяці часта ладзім экскурсіі на месцах баявой славы”, — падзялілася Таццяна Альфрэдаўна.

У кожнай установе адукацыі працуюць настаўнікі-краязнаўцы. Гэта цікавыя суразмоўнікі, няўрымслівыя даследчыкі, шчырыя патрыёты. Але як бы шмат часу яны ні прысвячалі краязнаўчай дзейнасці, камандная праца ўсё ж больш эфектыўная, чым праца ў адзіночку. 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.